«Берлін узяты». Закаханыя журналісты БТ адпачываюць у Германіі ФОТЫ
Рэпарцёрка Белтэлерадыёкампаніі Лідзія Заблоцкая пахвалілася сваім адпачынкам у інстаграме. Разам з жаніхом Антонам Малютам, які працуе эканамічным аглядальнікам на БТ, яна атрымлівае асалоду ад Берліна.
У 2011 Лідзія Заблоцкая выступіла за Беларусь на дзіцячым «Еўрабачанні». Тады школьніца з Магілёва заняла 3 месца. Скончыўшы школу, дзяўчына вырашыла паступіць у Інстытут журналістыкі БДУ, а пазней стала працаваць на тэлеканале «Беларусь 1» — гэта была яе мара.
Цяпер Заблоцкая здымае сюжэты ў асноўным на тэму культуры.
Адпачынак журналістка вырашыла правесці разам з жаніхом у Еўрасаюзе. Абраннік Лідзіі, Антон Малюта, працуе на Белтэлерадыёкампаніі эканамічным аглядальнікам і расказвае гледачам, як у айчыннай эканоміцы ўсё добра.
Нядаўна Заблоцкая апублікавала ў сторыс здымкі з Германіі і падпісала: «Мой адрас не дом і не вуліца, мой адрас сёння ГДР». Яна таксама пажартавала: «Піцер? Не, Берлін узяты». Закаханыя запосцілі сэлфі каля Брандэрбургскай брамы, а потым пайшлі піць пеністае віно ў Augustiner am Gendarmenmarkt.
Сваіх пралукашэнкаўскіх поглядаў Заблоцкая не хавае. Лідзія захаплялася тым, што Купалаўскі тэатр працягнуў працу пасля таго, як адтуль пайшлі артысты, якія былі супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў:
«Якое шчасце, што Купалаўскі не сышоў у нябыт, выдужаў! І сёння дэбютанты гараць крэатывам: яны рэпетуюць, ставяць новыя спектаклі для любімых гледачоў».
Асуджала рэпарцёрка былых калег па сцэне. Яна лічыць, што 15-20 гадоў таму ў Беларусі шоу-бізнэс быў на піку, а потым сітуацыя пагоршылася праз «шалёнае жаданне пакласці ў кішэню тысячу-другую». Лідзія адзначала, што з цягам часу — асабліва ўлетку 2020-га — і шоу, і бізнэс «загнаіліся». Прызнавалася ў расчараванні ў некаторых артыстах. Асабліва яе абурыў учынак групы NaviBand:
— Здавалася б, вось з'явіліся тыя людзі, якія здольныя ствараць сучасную музыку, прасоўваюць мову, я шчыра ў іх верыла, слухала, захаплялася. І раптам яны сталі спяваць «палітыку» і сёння прасоўваюць сваю творчасць — ці гэта ўжо бізнэс? — тым, што размяшчаюць на сваіх польскіх афішах бел-чырвона-белы сцяг.
Лідзія распавядала ў інтэрв’ю «СБ», што сябры-айцішнікі нібыта прапаноўвалі ёй і кінуць камень у АМАП, і паўтарыць учынак журналісткі Марыны Аўсяннікавай, якая з’явілася ў эфіры расійскага Першага канала з антываеным плакатам.
Дарэчы, яе ўчынак Заблоцкая таксама крытыкавала:
— У мяне ёсць шмат пытанняў да гераіні гэтай гісторыі. Калі ты працуеш у дзяржструктуры, то, напэўна, чытала статут арганізацыі, перш чым яго падпісаць. А калі падпісалася, аўтаматычна прыняла ўмовы працы. Заўсёды ёсць выбар — можна пайсці працаваць на іншы канал, з супрацьлеглымі асновамі, поглядамі, матывамі… Атрымліваецца, што супрацоўніца Першага канала доўгія гады хлусіла самой сабе, здраджвала сабе, ёй былі чужыя тыя каштоўнасці, за якія яна выступала. Дык навошта тады было працаваць? Дзеля грошай? Вядома, яшчэ асяроддзе вельмі моцна ўплывае, цалкам дапускаю, калі карэспандэнт па-чалавечы залежыць ад чужой думкі, то яе магло накрыць інфармацыйнай хваляй.
Тым часам іншым супрацоўнікам дзяржаўных структур у самых розных сферах настойліва рэкамендуюць не ездзіць у «несяброўскія» краіны.
Каментары