Міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус аб'явіў пра пастаўку Украіне трох рэактыўных сістэм залпавага агню (РСЗА) HIMARS. Пра гэта ён сказаў падчас візіту ў ЗША.
«Магу пацвердзіць, што мы ў супрацоўніцтве з амерыканцамі перадамо Украіне тры сістэмы HIMARS», — сказаў нямецкі міністр. Яны паступяць з запасаў амерыканскіх узброеных сіл і будуць аплачаныя Берлінам.
Радыус дзеяння РСЗА HIMARS — да 80 км, аднак у пэўнай мадыфікацыі і пры ўмове паставак адпаведных боепрыпасаў ён можа скласці і 300-500 км. ЗША раней паставілі больш за 30 такіх установак.
У лютым 2024 года Украіна і Германія падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы бяспекі і доўгатэрміновай падтрымцы Кіева. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў падпісанае пагадненне «беспрэцэдэнтным», якое замацоўвае нямецкую падтрымку для Украіны на ўзроўні больш за сем мільярдаў еўра на гэты год.
У красавіку ўлады Германіі абвясцілі, што перададуць Украіне яшчэ адну сістэму супрацьпаветранай абароны Patriot для адбіцця расійскіх паветраных нападаў. Гэта рашэнне было прынята на фоне масіраваных нападаў з боку Расіі па энергетычнай інфраструктуры Украіны.
Каментары