Меркаванні2323

Чаму 9 мая трэба мяняць на 8-га

Фармальная прычына таго, чаму ў СССР, а пасля на большай частцы постсавецкай прасторы, адзначалі і адзначаюць дзень перамогі над нацысцкай Германіяй не 8 мая, як ва ўсім іншым свеце, а на дзень пазней — чыста тэхнічная. Маўляў, паміж Берлінам і Масквой была розніца ў часе, што выклікала і розніцу ў датах. Але на самай справе ва ўсё гэта закладзены глыбокі ідэалагічны сэнс, піша ў фэйсбуку гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Сітуацыйнае ваеннае саюзніцтва паміж таталітарным СССР і заходнімі дэмакратыямі, як і заўсёды ў такіх выпадках бывае, растварылася ў паветры фактычна адразу пасля таго, як знік агульны вораг. Пасля таго шляхі былых саюзнікаў радыкальна разышліся, пачалася Халодная вайна.

Перамога ў Другой сусветнай вайне стала адным з нарожных камянёў абноўленай ідэалогіі камуністычнай дзяржавы, і ў яе інтэрпрэтацыі дасягнутая яна была савецкім народам ледзь не аднаасобна, заходнія саюзнікі добра што толькі не заміналі. Пра выратавальны ленд-ліз і баі на іншых тэатрах ваенных дзеянняў, якія несумненна ўносілі сваю немалую лепту ў агульную справу, згадвалася ў найлепшым выпадку мімаходзь, як пра нешта няважнае і другаснае.

Другая сусветная вайна ў яе савецкай версіі фактычна зводзілася да «Вялікай Айчыннай», а розніца ў датах канчатковай капітуляцыі Германіі добра клалася ў агульную канву: у іх сваё свята, а ў нас сваё.

Такая сітуацыя нязменна пратрымалася да самага краху камуністычнай сістэмы і распаду СССР. А пасля таго прынцыповай змены на большай частцы постсавецкай прасторы не адбылося таксама, бо за амаль 50 гадоў святкаванне Дня перамогі менавіта 9 мая стала ўжо натуральнай традыцыяй, перадаванай з пакалення ў пакаленне.

І, бадай, гэтая традыцыя мела б шанцы застацца назаўжды, калі б Расія ў 1990-я, па прыкладзе іншых каланіяльных імперый, здолела намацаць шляхі постімперскай трансфармацыі і больш-менш паспяхова гэтымі шляхамі пайсці.

У рэальнасці падзеі, аднак, развіваліся паводле зусім іншага сцэнарыю. Крыху паэксперыментаваўшы пры Ельцыне, падчас кіравання Пуціна расійская дзяржава цвёрда вярнулася на рэйкі аднаўлення імперыі, а непераасэнсаваная савецкая канцэпцыя Другой сусветнай вайны як «Вялікай Айчыннай» з 9 мая 1945 года як яе кульмінацыйным момантам стала адным з нарожных камянёў для культывавання імперскай пыхі ў звыродлівай форме «победобесия» і «можем повторить».

А ў лукашэнкаўскай Беларусі нічога пераасэнсоўваць нават не спрабавалі: ад самага прыходу Лукашэнкі да ўлады «Вялікая Перамога» стала падмуркам для любых спробаў гістарычнай легітымізацыі аўтарытарнага рэжыму. Да яе прызвычаіліся апеляваць для апраўдання любых, нават самых адыёзных дзеянняў, і тым самым памяць пра вайну ў гэтай форме дашчэнту дыскрэдытавалі. У ёй ужо мала чаго і засталося жывога, усё забіў панылы афіцыёз.

І з гэтым ужо нічога не зробіш.

Калі 30 ці нават 20 гадоў таму яшчэ можна было спадзявацца, што савецкая канцэпцыя Другой сусветнай у форме «Вялікай Айчыннай» можа з часам эвалюцыянаваць у нешта больш прыстойнае, то цяпер такіх ілюзій захоўвацца не павінна.

Калі імкнуцца да вяртання ў цывілізаваны свет, рабіцца часткай Еўропы, а не разбуральнага «рускага свету», то нельга заліваць новае віно ў старыя мяхі.

Памяць пра Другую сусветную вайну і яе ахвяраў мусіць намі свята захоўвацца, але савецкая яе канцэпцыя, скіраваная на супрацьпастаўленне заходняму свету, у новых умовах павінна быць абавязкова дэмантаваная — уключна з альтэрнатыўнай датай.

Трэцяга тут, на шчасце ці на жаль, нам не дадзена. І чым хутчэй пазбавяцца ад ілюзій тыя, хто на гэты конт іх яшчэ захоўвае — тым лепей.

Каментары23

  • Так
    08.05.2024
    Пасля 2020-га большасць амаль нічога не асэнсавала і далей жыву ў сваёй руска-савецкай парадыгме, з "Днями Победы"/"9 мая", "хорошем СССР", "ВОВ" и "памятники Ленину - нормально".
  • Gorliwy Litwin
    08.05.2024
    спачатку трэба ўладу змяніць, а тады літаральна сотні святаў і памятных датаў трэба замяніць, і многія тысячы іншых рэчаў. Але якраз з гэтым першым, самым важным - вялікая праблема. Таму бяссэнсоўна разважаць пра другасныя атрыбуты
  • Параднік
    08.05.2024
    Паважаныя беларусы !!!
    Не святкуйце савецкае свята 9 траўня !
    Не дапамагайце нашым клятым ворагам маскавітам і іх хаўруснікам - лукашэнкам адчуваць сябе гаспадарамі беларускпга народа.

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу9

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Усе навіны →
Усе навіны

Выпускнік мінскай беларускамоўнай гімназіі скончыў Гарвардскі ўніверсітэт. Вось дзе ён цяпер працуе19

Трагедыя ў Мінскім раёне: загінулі двое дзяцей

Мужчына, які ўдарыў малатком па сцяне Крамля, аказаўся не беларускім палітвязнем, а яго поўным цёзкай

Змянілі тэрмін уручэння позвы на вайсковыя зборы

«Дзмітрыеву сказалі: «Калі нешта не тое, адразу вернешся ў турму»19

У Драздах выратавалі бабра, які праваліўся ў адкрыты калодзеж

Санкцыі перагледзець, паслоў вярнуць? Што стаіць за «маніфестам» Андрэя Дзмітрыева11

Сяргей Скрыпаль упершыню пракаментаваў замах на сябе па загадзе Пуціна2

Колішняму начальніку аддзела Банкаўскага працэсінгавага цэнтра пагражае да васьмі гадоў калоніі за данаты і каментары ў Telegram

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу9

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Галоўнае
Усе навіны →