Здароўе1919

«У мяне сваяк — пілот, ён прывозіць». Як у Беларусі прадаюць «Азэмпік», які абяцае фігуру мары 

Пра нерэальнае пахудзенне з дапамогай «Азэмпіку» (нашумелага прэпарату для дыябетыкаў) распавядаюць і галівудскія зоркі, і тыктокеры з розных краін свету. У Беларусі яго набыць афіцыйна нельга, але ж ахвотных атрымаць «магічныя лекі» хапае. «Наша Ніва» паспрабавала гэта зрабіць.

Скрыншот відэа ledidiminsk у тыктоку

Што такое «Азэмпік»? Гэты прэпарат на аснове рэчыва семаглутыду, які змяншае ўзровень цукру ў крыві і рэгулюе інсулін. «Азэмпік» вельмі эфектыўны для лячэння дыябету 2 тыпу, ён таксама зніжае рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў у такіх пацыентаў. Пацыентам з дыябетам, якія робяць ін'екцыі «Азэмпіка», рэкамендуюць быць пад кантролем медыкаў, каб адсочваць эфектыўнасць прэпарата і выяўляць патэнцыйна сур'ёзныя ўскладненні.

«Азэмпік» таксама імітуе гармон пад назвай глюкагонападобны пептыд-1, які затрымлівае апаражненне страўніка, зніжае апетыт і выклікае адчуванне сытасці. Многія пацыенты, якія прымалі «Азэмпік» пры дыябеце, паведамілі аб значнай страце вагі.

На фоне навін аб такім прыемным для многіх пабочным эфекце некаторыя дактары пачалі прызначаць прэпарат пацыентам, якія не маюць дыябету, спецыяльна для зніжэння вагі.

Важны нюанс: напрыклад, у ЗША «Азэмпік» ухвалены толькі як прэпарат для лячэння дыябету, а не для пахудзення. «Азэмпік» не вывучалі на шырокіх групах насельніцтва, паколькі яго распрацоўвалі для дыябетыкаў.

Але гэта не спыняе зорак, якім важна заставацца ў форме.

У прыёме «Азэмпіка» прызнаваліся Кім Кардаш'ян, Ілан Маск і іншыя медыйныя персоны. На цырымоніі ўручэння прэміі «Оскар-2023» вядучы Джымі Кімел пажартаваў пра цудадзейны прэпарат: «Вы ўсе выглядаеце так цудоўна. Вось гляджу я на вас і думаю: можа, і мне трэба прымаць «Азэмпік»?»

Вядома, пасля такога піяру мода худнець з дапамогай лекаў для дыябету пайшла ў народ. Правяраюць на сабе іх дзеянне і жыхары Беларусі.

«Азэмпік» у аптэках Беларусі не прадаецца — а ў Еўропе гэты прэпарат толькі па рэцэпце. 

У тэматычных суполках у тэлеграме можна знайсці розныя прапановы. Даволі актыўна прапаноўваюць беларусам «Азэмпік» прадаўцы з Расіі. Яны гандлююць прэпаратам як расійскай, так і еўрапейскай вытворчасці.

Трэба адзначыць, што напрыканцы мінулага года ў расійскіх СМІ з’явілася навіна пра тое, што ўрад дазволіў дзвюм фармкампаніям выпускаць аналаг прэпарата «Азэмпік» без згоды дацкай Novo Nordisk, якой належыць патэнт на лекі. Расійская копія называецца «Семавік».

Купіць рэцэптурны прэпарат праз тэлеграм-канал можа любы ахвотны. Журналістка «Нашай Нівы» напісала некалькім прадаўцам, і ніводны з іх нават не спытаў пра наяўнасць рэцэпта. Цэннік за адзін шпрыц (1 міліграм) вагаецца прыкладна ад 457 да 668 беларускіх рублёў — разлічвацца просяць у расійскіх рублях. Кажуць, што гэта на 100% арыгінальны прэпарат.

Для параўнання: у Літве такая доза будзе каштаваць прыкладна 374 рублі, у Польшчы — каля 323 рублёў.

Расійскія тэлеграм-прадаўцы абяцаюць, што ў Беларусі прэпарат можна будзе забраць хоць сёння, бо ён у наяўнасці: «Мой чэл знаходзіцца ў краіне, перадасць вам». Адзін шпрыц — гэта доза на месяц.

Хутчэй за ўсё, людзі нелегальна купляюць у Расіі і Еўропе рэцэпты, потым набываюць па іх «Азэмпік», а затым перапрадаюць лекі ў тым ліку і ў Беларусі ўсім ахвотным скінуць вагу.

Скрыншот прыватнай перапіскі ў тэлеграме

Адна з нямногіх беларусак, хто адкрыта рэкламуе «Азэмпік» на сваёй старонцы ў інстаграме, — гэта блогерка пад нікам Ledidiminsk, якая называе сабе «правадыр пахудання Дыяна».

Дыяна Тарусава не мае медыцынскай адукацыі. У сваіх сацсетках жанчына піша, што ў яе тры дыпломы: піяністкі, таваразнаўцы нехарчовых тавараў і эканамісткі, а таксама дыплом касметолага 5 разраду.

Скрыншот сторыс у інстаграме ledidiminsk

Каля 8 гадоў таму жанчына спрабавала пахудзець з дапамогай актыўных танцаў. І гэта прынесла ёй славу — ролік, дзе яна танчыць на кухні, набраў мільёны праглядаў, а потым беларуску запрасіў на шоу «Хай гавораць» Андрэй Малахаў.

Цяпер Дыяна мае 66 тысяч падпісчыкаў у інстаграме, дзе распавядае, як скінула 65 кілаграмаў і замест 135 кілаграмаў стала важыць 60.

Фота з інстаграму ledidiminsk

Вось што яна кажа пра пахудзенне ў сваім відэа «Паліцыя праўды»:

— Прэпараты «Азэмпік», «Саксэнда», «Трулісіці» і «Рэбелсас» з'яўляюцца самымі сучаснымі, і так, гэта чароўная пілюля для пахудання. Тое, што вам трэба ведаць: гэта лекі, якія не з'яўляюцца псіхатропамі, аднак дзейнічаюць адразу на два адсекі галаўнога мозга. Першае: забіваюць пачуццё голаду. Другое: даюць насычэнне з 2-3 лыжак. Эндакрынолагі рэкамендуюць нават дзецям. І так, гэта працуе.

Чытачка «Нашай Нівы» пацікавілася ў Дыяны «Аземпікам». Блогерка адразу паведаміла: у Беларусі і Расіi гэтыя лекі не прадаюцца. А ўсё, што прапаноўваюць іншыя прадаўцы, — падробка. Маўляў, вырабляе прэпарат толькі кампанія Novo Nordisk, якая знаходзіцца ў Даніі.

— Праз падзеі ва Украіне і санкцый яны перапынілі дамову на пастаўкі, — удакладняе Дыяна.

@ledidiminsk Скинула вес фактически второго человека #похудетьбездиет #похудениедляленивых #похудениедоипосле ♬ original sound - kayla&lt3

Дык як дастаць гэтыя цудадзейныя лекі з Даніі? Пачала Дыяна са складанага варыянту.

— Людзі робяць візу, едуць у Данію, набываюць там рэцэпт — каля 1000 даляраў. Вы ж разумееце, гэта не Беларусь, нічога бясплатнага няма. Ну і жывуць там столькі месяцаў, колькі трэба для пахудзення. Каб скінуць кілаграм 20, трэба 2-3 месяцы.

Але ёсць і больш просты варыянт: набыць «Азэмпік» можна ў Дыяны. Яна сцвярджае, што даўно мае рэцэпт за тую самую 1000 даляраў, які перыядычна працягваюць.

— У мяне ёсць сваяк — пілот. Іх не даглядаюць у аэрапорце. Як ішоў, так і пайшоў. І вось ён часам можа мне прывозіць.

У Дыяны курс «Азэмпіка» ў таблетках на месяц можна набыць за 297 даляраў, на два месяцы — за 470 даляраў. Яна таксама прапаноўвае за 300 даляраў узяць яе індывідуальнае суправаджэнне на 3 месяцы. За гэтыя грошы блогерка абяцае падзяліцца ўсімі сакрэтамі зніжэння, стабілізацыі і ўтрымання вагі — раскажа пра меню, практыкаванні, будзе матываваць і падтрымліваць. Пры аплаце настаўніцтва абяцае скідку на лекі.

Але складана сказаць, ці сапраўды на «Азэмпіку» худнела Дыяна, таму што, мяркуючы па яе інстаграме, радыкальна скінуць вагу ёй удалося як мінімум у 2018 годзе, а мода на прэпарат з'явілася пазней.

Скрыншот інстаграма ledidiminsk

Падобна, што прэпаратамі для пахудзення карыстаецца і сяброўка Дыяны прапагандыстка СТБ Кацярына Забянько (яна ў 2020 годзе шкадавала амапаўцаў, у якіх праз пратэстоўцаў шмат працы).

У каментарыях да рэкламнага паста Забянько напісала: «Рэальна працуе». Дыяна ў даўгу не засталася і адказала: «Дзякуй за сумленны водгук».

Скрыншот каментарыяў пад пастом на старонцы ledidiminsk у інстаграме

Тым часам Forbes піша, што спажыўцы «Азэмпіку» падалі ў суд на Novo Nordisk. Яны сцвярджаюць, што кампанія не папярэджвае аб такім непажаданым спадарожным дзеянні як гастрапарэз. Гэта хранічнае захворванне, пры якім нервы і мышцы сценкі страўніка моцна слабеюць. З-за гэтага паслаблення страўніку становіцца складаней пераносіць ежу ў тонкую кішку. Вынікам гастрапарэзу з'яўляецца непраходнасць кішэчніка.

Па стане на май 2024 года ў ЗША на разгляджанні суддзі знаходзіцца 87 іскаў, звязаных з гастрапарэзам і іншымі праблемамі са страўнікам праз «Азэмпік».

Пазоўнікі сцвярджаюць, што Novo Nordisk схавала ці пераменшыла некаторыя непажаданыя спадарожныя дзеянні прэпарата.

Еўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў цяпер вывучае «Азэмпік». Ёсць гіпотэза, што можа існаваць сувязь паміж актыўным дзеючым рэчывам прэпарата і суіцыдальнымі думкамі. Агенцтва атрымала як мінімум 150 паведамленняў аб людзях, у якіх узнікалі суіцыдальныя думкі падчас прыёму «Азэмпіка».

Каментары19

  • Таўсцяк
    10.05.2024
    Вы ж галоўнае не напісалі, што каб пахудзець на 15% трэба прымаць азэмпік на працягу 68 тыдняў.

    Даследванне STEP 1:

    The findings revealed an average 14.9% reduction in bodyweight from baseline during 68 weeks of treatment with semaglutide 2.4 mg plus a lifestyle intervention, compared with just a 2.4% reduction in the placebo plus lifestyle intervention group.
  • Кабан
    10.05.2024
    А жраць меней не спрабавалі?
  • Тэлеглядач
    10.05.2024
    Дзякуй за карысную інфармацыю, будзем ведаць, што калі прапагандысты з СТВ (накшталт Е. Забенько) нясуць сваю прапагандыскую пургу з экрана тэлевізара, у іх у гэты час гастрапарэз і непраходнасць кішэчніка.

«Бл*дарусы — нацыя здраднікаў і паразітаў». Z-каналы ў шаленстве ад рашэння Лукашэнкі адвесці войскі ад Украіны12

«Бл*дарусы — нацыя здраднікаў і паразітаў». Z-каналы ў шаленстве ад рашэння Лукашэнкі адвесці войскі ад Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

Таксістаў ужо пачалі штрафаваць за выкарыстанне машын у асабістых мэтах — па дзіўным артыкуле3

Байдэн назваў адзіную ўмову, пры якой адмовіцца ад прэзідэнцтва9

Аднаго з найлепшых беларускіх трэнераў па настольным тэнісе судзяць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»2

Пайшоў з жыцця беларускі вынаходнік Аляксандр Длатоўскі

Паглядзіце, як прыкольна выглядае беларускі пашпарт пад ультрафіялетам13

Гэты карлікавы кот з сарамлівым выглядам стаў новай зоркай сацсетак5

У гатэлі Бангкока знойдзены мёртвымі шэсць грамадзян В'етнама1

Названы свежы медыянны заробак. І ён намнога меншы за сярэдні

Высветлілася, што пад Масквой патануў кіраўнік дэлегацыі вайскоўцаў КНДР

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Бл*дарусы — нацыя здраднікаў і паразітаў». Z-каналы ў шаленстве ад рашэння Лукашэнкі адвесці войскі ад Украіны12

«Бл*дарусы — нацыя здраднікаў і паразітаў». Z-каналы ў шаленстве ад рашэння Лукашэнкі адвесці войскі ад Украіны

Галоўнае
Усе навіны →