Грамадства33

«Проста пекла на зямлі». Што вядома пра турму, дзе трымаюць Сяргея Ціханоўскага і Ігара Аліневіча

Турма № 8 у Жодзіне лічыцца адной з самых жорсткіх у Беларусі. За яе кратамі трымаюць некалькі дзясяткаў палітвязняў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Дзяніса Івашына, піша Радыё Свабода.

Жодзінская турма. Фота: spring96.org

У кастрычніку 2023 года Польшча выдала еўрапейскі ордар на арышт начальніка жодзінскай турмы Дзмітрыя Страбкова: па прадстаўленьні пракуратуры Польшчы ён і яшчэ пяць сілавікоў абвешчаныя ў міжнародны вышук.

Будынак турмы ўзьвялі ў 1984 годзе як «лячэбна-працоўны прафілякторый», а ў 1992 годзе яго пераўтварылі ў сьледчы ізалятар № 8 Менаблвыканкаму. У 1999 годзе быў адкрыты спэцыяльны корпус для пажыцьцёва зьняволеных. Тэрыторыя рэжымнай установы займае ўчастак 7 гектараў, на іх разьмешчана шэсьць рэжымных карпусоў.

У жодзінскай турме дзесяць гадоў таму сядзеў Алесь Бяляцкі. Вось што ён расказваў пра яе ў жніўні 2014 году, калі выйшаў на свабоду пасьля трох гадоў зьняволеньня.

Алесь Бяляцкі: Турма — гэта сапраўды цяжкае выпрабаваньне для нашых палітычных вязьняў, бо там аказваюцца розныя сродкі ўплыву, ціску на кожнага індывідуальна, на тых людзей, якія сядзяць за палітычныя перакананьні. Там ідзе сапраўдная барацьба, калі ты змагаесься з сыстэмай калёніі, з сыстэмай Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, якія, натуральна, кіруюцца, атрымліваюць інструкцыі з больш высокіх кабінэтаў«.

А вось як успамінае жодзінскую турму жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук.

Натальля Пінчук: Уражаньні ад Жодзіна засталіся самыя непрыемныя. Нечаканым быў перавод у Жодзіна, я чыста выпадкова даведалася, што Алеся туды перавялі… Чаму ўражаньні пра Жодзіна ў мяне вельмі кепскія? Верагодна, па кантрасту таго, як прымалі там харчовыя перадачы. Першую перадачу, якую я завезла туды, мне амаль палову яе вярнулі назад. І я амаль цалкам гэтую перадачу павезла назад.

Чым яшчэ памятнае Жодзіна? Размовамі аб тым, што там найбольш жорсткія ўмовы ўтрыманьня ў параўнаньні зь іншымі турмамі. У мяне ўжо склалася пэўнае ўражаньне пра гэта. І яно дастаткова ўстойлівае, бо наступныя падзеі, тое, з чым я сутыкалася, з чым сутыкаўся Алесь, зьяўляліся пацьвярджэньнем гэтаму.

Яго зьмясьцілі ў камэру ці на аднаго, ці на двух чалавек. Гэта быў зімовы час, і вакно не было зачынена, увесь час адчынена, што прывяло да таго, што Алесь вельмі моцна захварэў. І акно ніхто не зьбіраўся зачыніць, і, па сутнасьці, такое катаваньне холадам адбывалася ў жодзінскай турме.

Цяпер палітвязень, нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі знаходзіцца за кратамі ў горацкай калёніі ў адзіночнай камэры.

Жодзінская турма стала вязьніцай палітзьняволенага Сяргея Ціханоўскага,якога асудзілі на 18 гадоў, а пазьней дадалі паўтара года за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі».

Вось як прыканцы 2023 году ягоная жонка, лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская апісвала ўмовы, у якіх знаходзіцца ў жодзінскай турме ў адзіночнай камэры яе муж.

Сьвятлана Ціханоўская: Чалавек год безь ніякай дапамогі. Пра нейкія прадукты ці вітаміны і гаварыць не прыходзіцца. Ён ня можа ніяк атаварыцца, зусім грошай няма. Мы адпраўляем грошы, але яны вяртаюцца. У верасьні я адправіла яму 2-кіляграмовую перадачу, якую павінны былі яму перадаць, але таксама я не разумею, трапіла яна да Сяргея ці не. Зь лютага пачалі заварочваць кнігі. Раней ён мог замаўляць у краме, мы аплачвалі, ён атрымліваў іх. А цяпер усё вярнулі, яму нічога не перадалі. Пра ўмовы ўтрыманьня, якія цяпер у яго, я ня ведаю нічога. Магу здагадвацца, што яшчэ горш, чым было. А якія былі — можна меркаваць па тым відэа, якое паказалі пасьля хвалі паведамленьняў пра ягоную сьмерць, якую арганізавалі «добразычліўцы», каб пагуляць на нэрвах маіх, родных, маці ягонай, якая ў вельмі цяжкім стане зараз. Я расказвала, што я ледзь пазнала яго на тым відэа. Зусім іншы чалавек. Толькі паглядзеўшы некалькі разоў, пабачыўшы, як ён рухаецца, я зразумела, што гэта ён… Яго немагчыма пазнаць. Гэта было так страшна. Памятаю свае пачуцьці ў той момант. І самае жахлівае, што ён адзін там і яму няма з кім паразмаўляць. Калі ён не разумее, што адбываецца ў сьвеце. Я ўпэўнена, што яго спрабуюць запэўніць, што пра яго ўсе забыліся, што ніхто яму ня піша, што ня варта было нават лезьці. Я не магу ўявіць, як яму цяжка. Але ж людзей, як Сяргей, тысячы ў турмах. І кожны чалавек — гэта боль у сэрцы. А пра людзей, якія ў гуманітарным сьпісе, зь цяжкімі хваробамі, і наогул немагчыма думаць. Вось таму мы ня можам апусьціць рукі. Нам трэба ўратаваць нашых родных, любімых з турмаў. Таму я працягваю рабіць тое, што я магу.

Сьвятлана Ціханоўская нічога ня ведае пра ўмовы, у якіх знаходзіцца яе муж, ад сакавіка 2023 году.

На ўмовах ананімнасьці пра турму ў Жодзіне расказваў Свабодзе адзін з былых яе вязьняў. Паводле яго, жодзінская турма лічыцца сярод асуджаных «чырвонай зонай». Гэта значыць, што рэй там вядуць адміністрацыя і кантралёры. Мы агучваем расповед былога вязьня.

Былы вязень: Там проста ламаюць людзей. У нас тры «крытыя» турмы — у Горадні, Магілёве і Жодзіне. Вось жодзінская турма — гэта проста пекла на зямлі. Для прыкладу, калі чалавека пераводзяць з Жодзіна ў Глыбокае, дзе строгі рэжым, то гэта лічыцца шчасьлівым квітком і ўзнагародай. Скажу шчыра, што для «блатных» сядзець у Горадні ці ў Магілёве ў «крытай» турме — нічога страшнага няма. Пры наяўнасьці грошай можна мець і чорную ікру на стале, і нават дзяўчынку — прывядуць самі опэры табе яе ў кабінэт. У Жодзіне такога няма.

Былы вязень сьведчыць пра тое, што ў жодзінскую турму часам прыяжджае АМАП і спэцназ, каб «трэніравацца» на зьняволеных. Міліцыянты «падаўляюць» умоўныя бунты, а заадно б’юць вязьняў.

У такой «трэніроўцы» калісьці ўдзельнічаў былы алмазавец Ігар Макар, пра што ён расказаў Свабодзе ў 2020 годзе:

Ігар Макар: Працуючы ў «Алмазе», ня памятаю, які гэта быў год, але я тады яшчэ быў малады баец у групе. Тады «Алмаз» толькі перайменавалі ў антытэрарыстычную арганізацыю, і мы тады езьдзілі па турмах. Калі мы прыяжджалі ў некаторыя турмы, нас шыхтавалі ў калідоры ў дзьве шарэнгі, у нас былі дубінкі. Адчынялася камэра, называлі прозьвішча зьняволенага, «На выхад» — і бегчы. Яны прабягалі, і мы іх усіх дубінкамі, хто як мог, так і зьбіваў. Потым другі, трэці, чацьвёрты зьняволены… Потым яны курчыліся ад болю на тым баку. Далей ізноў называліся гэтыя ж прозьвішчы, і ў камэру беглі назад. Гэта быў прыблізна 2000—2001 год. Здаецца, гэта была турма ў Жодзіне. Мы там праводзілі свае заняткі, трэніроўкі, і начальнік турмы сказаў, што трэба паказаць сілу, таму што ёсьць людзі, нязгодныя з рэжымам, нешта робяць дрэнна. Гэта было камэр пяць-шэсьць. Білі жудасна. Гэта практыкуецца і ў АМАПе, гэта практыкавалася і ў «Алмазе».

Расповед Ігара Макара пацьвярджае прадстаўнік аб’яднаньня былых сілавікоў ByPOL Аляксандар Ракіцкі, які служыў пракурорам аддзелу па наглядзе за законнасьцю выкананьня крымінальных пакараньняў.

Аляксандар Ракіцкі: На пачатку 2000-х гадоў была такая інфармацыя, што міністар унутраных справаў Навумаў увёў такую практыку. Было дзьве ўстановы. Першая — папраўчая калёнія нумар 10 у Горках, і Жодзінская турма. Апытвалі асуджаных, але ніводзін зь іх афіцыйна не зьвярнуўся з заявай аб прычыненьні яму цялесных пашкоджаньняў. Паколькі былі запалоханыя. Але інфармацыя такая была.

Беларуская нобэлеўская ляўрэатка ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч чула пра падобныя практыкі ў расейскіх турмах.

Сьвятлана Алексіевіч: Я пра такое чула, калі езьдзіла рабіць «Сэканд-хэнд». Мне расказвалі, што гэта практыкуецца ў расейскіх турмах, што сапраўды на чалавеку трэніруюцца. Сталінская машына працуе і прыстасоўваецца да новых умоваў. Я ня чула, што такое было пры Сталіну, але ўжо ў наш час яны прыдумалі вось такія спосабы. Мне расказвалі, ня ведаю, наколькі ёсьць доказы, што яны нібы палявалі, вучыліся страляць на бяздомных. Гэта страшныя расказы. Я не ручаюся, што гэта дакладная праўда, але ў нашым страшным жыцьці гэта падобна да праўды.

Якая з трох турмаў Беларусі найбольш жорсткая для палітвязьняў і ўвогуле вязьняў? Што тычыцца бытавых умоваў, то, паводле былога пракурора Ракіцкага, яны лепшыя ў Жодзінскай турме.

Аляксандар Ракіцкі: Жодзіна — самая новая турма, і там гэтыя ўмовы больш-менш нармальныя. Але з улікам адміністрацыі, то гэта, напэўна, самыя жорсткія ўмовы ўтрыманьня ў Беларусі ня толькі на сёньняшні дзень, гэта зь сярэдзіны 2000-х гадоў, можа і раней…

Турэмны рэжым павінен арганізоўвацца ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі закону. Як гэтыя патрабаваньні закону выконваюцца, у большай ступені залежыць ад адміністрацыі папраўчай установы. Што тычыцца Горадзенскай і Магілёўскай турмаў, то там я ня чуў, прынамсі, пра такія жорсткія, неапраўданыя дзеяньні ў адносінах да асобаў, якіх там трымаюць, з боку адміністрацыі. У Жодзіне такіх сьведчаньняў вельмі шмат.

Каментары3

  • Ноўнэйм
    06.05.2024
    Трымайцеся, хлопцы!
  • Мда уж
    06.05.2024
    И вот что с этим делать? Куда этих нелюдей девать после смены власти? Просто лишить свободы мало. Так же поступать — стать такими же, как они. Пожизненный ежемесячный взнос в фонд помощи бывшим политзаключенным с запретом покидать страну? Лишить право голоса на выборах?
  • Нельга вагацца
    06.05.2024
    Мда уж, СП, аніякай люстрацыі. Туды ідуць працаваць па сваім уласным жаданні. І самі прымаюць рашэнне здзеквацца з арыштаваных беларусаў. Таму трэба прыслухацца да парад усякіх прапагандыстаў, і знішчыць усіх датычных да гэтага трэшу.

Байдэн выходзіць з прэзідэнцкай гонкі27

Байдэн выходзіць з прэзідэнцкай гонкі

Усе навіны →
Усе навіны

Славакія і Венгрыя спыняюць пампаваць нафту праз трубаправод «Дружба». Гэта важна і для Беларусі

УСУ нанеслі ўдар па вайсковым аэрадроме ў Растоўскай вобласці1

Немец, прысуджаны да расстрэлу, датычны да дыверсій? Вось што за гісторыя гэта магла быць9

У ЗША вызвалілі жанчыну, якая адсядзела 43 гады ні за што2

Пасля ўрагану беларусы падалі больш за 10 тысяч заявак у Белдзяржстрах1

Пад Мінскам бусел купаўся ў возеры разам з людзьмі ВІДЭА5

Беларусь пацвердзіла расстрэльны прысуд Крыгеру: «Германіі прапанаваныя канкрэтныя рашэнні»9

Аляксей Талай прапанаваў даць Лукашэнку званне Героя Беларусі23

Забойца польскага салдата на мяжы ўстаноўлены. Ён усё яшчэ ў Беларусі3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Байдэн выходзіць з прэзідэнцкай гонкі27

Байдэн выходзіць з прэзідэнцкай гонкі

Галоўнае
Усе навіны →