Культура33

Чую я!

Гутарка з майстрам сцэнічнай мовы і перакладчыкам Буніна, прафесарам Андрэем Калядом.

Паўтара гады пасля таго, як яго звольнілі з Акадэміі Мастацтваў за выданне перакладу п'есы «Пакаленне Jeans», аўтарства кіраўніка «Свабоднага тэатру» Мікалая Халезіна, ён запісаў аўдыёверсію амаль усіх раманаў Уладзіміра Караткевіча і выдаў пераклады выбраных твораў нобелеўскага лаўрэата Івана Буніна, а цяпер абеларушвае Барыса Пастэрнака і Уладзіміра Набокава. Інтэрв'ю з прафесарам, спецыялістам па сцэнічнаму маўленню і мастацкім перакладчыкам з расійскае Андрэем Калядой.

На днях пабачыла свет кніга беларускіх перакладаў выбраных твораў Івана Буніна ў перакладзе Андрэя Каляды. У кнізе — апавяданні са знакамітага «нобеленоснага» зборніка «Цёмныя алеі», аповесці, а таксама раман «Жыццё Арсеньева». Такім чынам, расійская класіка?

Андрэй Каляда: Гэта, пэўна, захапленне дзяцінства. Хоць я вучыўся ў наваградскай школе імя Адама Міцкевіча, аднак вымушаны канстатаваць, што большасць кніжак, якія я прачытаў у доме, з вакна якога было відаць крушні наваградскага замка былі па-расійску. Чытаючы ў дзяцінстве і студэнцтве, я найперш захапляўся смакам гэтай мовы, бо я найперш слова чую, хай сабе і напісанае. А ў каго, як не ў Буніна, сама чыстая сама эмацыйная, самая расійская мова. Перакладаючы на беларускую, мяне рухала цікаўнасць, ці можна перадаць неймаверную насычанасць расійскай мовы словамі роднай мовы.

А па-другое, Бунін — нобелеўскі лаўрэат, які можа выклікаць дадатковае зацікаўленне беларускага чытача. Калі мне кажуць, «нашто нам пераклады з расійскай, мы ж можам чытаць у арыгінале?», я адказваю, што ўсе дзяржавы, усе краіны свету, павінны перакладаць на сваю мову не толькі далёкіх, але і блізкіх суседзяў. Сапраўды незалежная краіна павінна сапраўды мець класікаў сусветнай літаратуры на сваёй мове.

Андрэй Каляда — найперш майстар сцэнічнай мовы, вядомы беларускі тэатральны педагог. Прыведзены са сцэны ў выкладчыкі вядомым беларускім філолагам Фёдарам Янкоўскім. «Вы добры актор, — сказаў Янкоўскі маладому актору, — але калі хочаце быць найлепшым, дык трэба заняць больш пасоўную вам нішу і заняцца жвым беларускім словам». У 1970 выйшла першая свайго роду кніга Каляды «Выразнае чытанне» (з тадышняй раскошай — камплектам грамкружэлак), вытрымаўшы 3 выданні. Стуль у творчай скарбонцы Каляды начытаныя на аўдыёносбіты трылогія Івана Мележа «Людзі на балоце», «Сны імператара» Уладзіміра Арлова, а таксама ці не ўсе значныя творы Ўладзіміра Караткевіча (раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»), з агульнай працягласцю запісу 120 гадзін. І ўсё ж, што прымусіла заняцца мастацкім перакладам?

АК: Патрэба. На нашай сцэне бракавала (хоць і цяпер бракуе) п’есаў па-беларуску. На пачатку 90-х у часы адраджэння беларушчыны для тэатра «Зніч» я пераклаў п’есу Ібсэна (праўда з расійскай). Пайшла рэакцыя - справа стала спорыцца. Я ўзяўся за пераклад класічных п’есаў Астроўскага, «Трох сёстраў» Чэхава, гогалеўскага «Рэвізора», то бок тых драматычных твораў, з якіх, як кажуць акторы, «ёсць, што граць».

Трэба прызнаць, маладая драматургія Беларусі гаворыць па-расійску. І таму наступным маім крокам была выданне кнігі «П’ес маладых драматургаў Беларусі», якая ўключала 8 п’ес аўтараў-пачаткоўцаў.

З драматургічных перакладаў Андрэй Каляда перайшоў на творы расійскай класікі: апавяданні і аповесці Дастаеўскага, проза Буніна. Ці не занадта кардынальна змена профілю, бо што агульнага паміж мастацкім чытаннем і мастацкім перакладам?

АК: Перакладчык, як і чытальнік, ён адно — апавядальнік. Як зразумеў, які сэнс пачарпнуў, так і пераклаў: адзін на мову гукаў і інтанацыяў, другі — на іншую мову. Калі я начытваю Караткевіча, то гэта Караткевіч ужо папярэдне прачытаны мною. Тое што там убачыў менавіта я, Андрэй Каляда: адценні слова, схаваныя сэнсы. Я і ніхто іншы павінны пачуць, што за слова, і якое гукавое напаўненне яму надаць. Трэба найперш слухаць не толькі рытм, як раяць шмат хто з педагогаў, трэба дбаць пра сэнс, думку. Вобразы, якія нараджаюцца пры прачытанні, каб перакладаць гэта на іншую мову або перавесці ў прамоўленае. Слухаць: ці гэта кажа пяшчота, ці наадварот моц, або дабрыня, а потым перакладзенае слова павінна быць дакладнае, жывое, дзейснае, роўня арыгіналу.

Часам бывае пераклаў або агучыў слова, здаецца ўсё правільна, дакладна, паслухаў — не чую я!.. Слухаю яшчэ.

Так, агучванне і пераклад — гэта маё прачытанне. Як я бачу і чую, як зразумеў, як я гэта ўявіў. І таму слова, напісанае Караткевічам ці Буніным, пасля перакладчыка і артыста пачынае жыць сваім жыццём і таму па вялікім рахунку, агучванне раманаў і пераклад па вялікім рахунку — асобны, незалежны твор мастацтва.

Калі я прамаўляю — я стараюся пражыць жыццё героя. Калі Раўбіч «З каласы пад сярпом тваім» гнеўна, запальчыва прамаўляе да Бога. Я ўяўляў, як гэтая бяда прылучылася бы са мной, як я бы павёў сябе ў такой сітуацыі. Цяпер, з гадамі, я нават перастаў з літаратурнымі вечарамі выступаць, малады мог стрымліваць свае пачуцці, цяпер абмяжоўваюся мастацкімі перакладамі, перажываю іх.

З 1971 па 1991 Андрэй Каляда вёў на тэлебачанні перадачу «Беларуская літаратура ў школе». Паралельна па просьбе Бураўкіна кансультаваў дыктараў. А як цяперашні ўзровень літаратурнага вымаўлення ў медыях?

АК: Ну, па шчырасці ён мяне і ў 70-80-ыя не задавольваў. Тады, да вымаўлення сур’ёзна і ашчадна ставіліся як дыктары так і рэжысёры, якія давалі ўстаноўкі дыктарам.

Трэба ж дбаць не толькі пра вымаўленне, але і пра дыханне, сэнсавую разбіўку прамоўленага. Іншымі словамі, падчас начыткі тэксту, трэба мысліць,а не проста счытваць, а варта з гэтай інфармацыяй пазнаёміцца загадзя, і ведаць, што ты хочаш сказаць, перадаць, гэта лічу самае важнае на тэлебачанні.

Думаю, памылка, калі дыктар і вядоўца тэлеперадачы ператвараецца ў чыстага інфарматара. Як на тое пайшло, дык лепей ўзяць журналіста: яны прынамсі чытаюць свой тэкст — гэта свой тэкст. Дыктары павінны падключаць свае пачуцці, вядома не акторстваваць, але не быць абыякавым, каб у паведамленнях пра забойствы, масавыя бедствы, прысутнічала хоць крыхотная трывога і насцярога, маўляў, «гляньце што робіцца», а не выскокваць як Піліп з канапель, ў-Гаіці-адбыўся-вялізны-землятрус-загінула-сто-тысяч-чалавек. Трэба зрабіць тэкст хоць крышачку сваім. Як кажуць акторы, трэба «быць ў матэрыяле».

У жніўні 2008 Каляду звольнілі з Беларускай акадэміі мастацтваў: фактычна за сувязь з «Свабодным тэатрам», прафесар пераклаў на беларускую п’есу Мікалая Халезіна «Пакаленне Jeans» пра волялюбства моладзі ва ўмовах таталітарызму. Дык як перажыць звальненне?

АК: Працуючы. Цяпер сапраўды супрацоўнічаю са «Свабодным тэатрам»: 2 разы на тыдзень вяду заняткі са «студыйцамі», якія, спадзяюся, будуць творчым папаўненнем акторскага складу тэатра. Пасля 3-х месячнай дэпрэсіі дапамагла добрая творчая загрузка. Запісы аўдыёкніг, перакладаў чарговага нобелеўскіага лаўрэата ( гэта раман Барыса Пастэрнака «Доктар Жывага», пачаў абеларушваць «Лаліту» Набокава. Цяпер усё ў парадку, нада мной ніхто крукам не стаіць, ніхто проста не ў стане пагражаць мне звальненнем. Як кажуць, каб лепей, то і на халеру, бо цяпер займаюся ўлюбёнай справай.

Каментары3

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку14

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

Мітрапаліт Веніямін таксама прыйшоў галасаваць датэрмінова16

Венгрыя і Славакія адмаўляюцца падпісваць супольную заяву Еўрасаюза адносна выбараў у Беларусі17

У Магілёве паставілі эксперыментальныя святлафоры, якія свецяцца белым

У Мінску выявілі ўцечку газападобнага азоту1

Генсак НАТА: Лінія фронту рухаецца ў няправільным кірунку6

«Я павінен пазваніць нашаму куратару». Як завозілі мігрантаў у Беларусь — цікавыя дэталі з перахопленых тэлефонных размоў7

Адступаючы, УСУ падарвалі дарожную развязку паміж Пакроўскам і Канстанцінаўкай ВІДЭА

У Мінску прадаецца кватэра з вельмі дзіўнымі дзвярыма на кухню5

Карпенка паведаміў пра 15 беларусаў, якія вярнуліся з-за мяжы, каб прагаласаваць6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку14

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →