Нешта не сыходзіцца: Кітай можа хлусіць свету пра свой рэальны вайсковы бюджэт
Даследчыкі з Амерыканскага інстытута прадпрымальніцтва (AEI) сумесна з выведкай ЗША падлічылі рэальны вайсковы бюджэт Кітая, а затым параўналі яго з афіцыйным. Розніца выйшла каласальная.
Паводле ацэнак і падлікаў Амерыканскага інстытута прадпрымальніцтва (AEI) і разведкі ЗША, Кітай уводзіць свет у зман і заніжае свой вайсковы бюджэт больш чым у тры разы.
У рэальнасці ён можа не саступаць амерыканскаму і складаць як мінімум 711 мільярдаў даляраў (710,6).
Гэтая лічба адносіцца да бюджэту Кітая за 2022 год (кітайскія ўлады называлі тады зусім іншую лічбу — 229 мільярдаў), што можа сведчыць пра яшчэ большыя выдаткі на абарону ў 2023-24 гадах, адзначае AEI.
Для параўнання, афіцыйны абаронны бюджэт ЗША ў 2022 годзе складаў 742 мільярды даляраў. Улічваючы новыя падлікі AEI і амерыканскай разведкі, ЗША і Кітай ідуць амаль нага ў нагу ў плане вайсковага патэнцыялу і далёка ззаду пакідаюць за сабой усе астатнія краіны (асабліва Расію, якая таксама лічыць сябе вайсковай звышдзяржавай).
Што ўваходзіць у 710,6 мільярдаў кітайскіх абаронных выдаткаў? Эксперты AEI заяўляюць, што вайсковы бюджэт краіны размеркаваны наступным чынам.
- $293 млрд — асабовы склад арміі Кітая.
- $120 млрд — навучанне і абслугоўванне кітайскіх салдат.
- $135,2 млрд — матэрыяльнае абсталяванне Узброеных сіл.
- $116,2 млрд — касмічная праграма, ратацыя і дэмабілізацыя, берагавая ахова, вайсковая паліцыя, імпарт узбраенняў і будаўніцтва штучных выспаў.
- 45,8 млрд — навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы.
Даследчыкі AEI таксама звяртаюць увагу на той факт, што ЗША вымушаныя накіроўваць значную частку абароннага бюджэту для абслугоўвання сваёй глабальнай сеткі вайсковых баз і падтрымкі саюзнікаў, а Кітай у сваю чаргу канцэнтруе свой велізарны бюджэт толькі на рэгіянальным дамінаванні.
Гэта можа стаць для ЗША сур'ёзным выклікам у выпадку кітайскага ўварвання на Тайвань і іншых патэнцыйных канфліктаў у Азіі.
Каментары