«Вымыў падлогу расійскім паслом». У кабінеце польскага міністра Сікорскага заўважылі карыкатуру пра Нябензю
Чым прадстаўнік Расіі ў ААН заслужыў сабе месца ў польскім кабінеце?
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_05/5732-fc7xk.jpeg.webp)
У працоўным кабінеце кіраўніка МЗС Польшчы Радаслава Сікорскага ў Варшаве журналісты BILD разгледзелі працу польскага карыкатурыста Анджэя Мілеўскага для Gazeta Wyborcza ад 28 лютага гэтага года. На малюнку прыбіральшчыца будынка ААН пытаецца калегу: «Чаму тут так чыста?» Той адказвае: «Польскі міністр вымыў падлогу расійскім паслом».
Тады Сікорскі рэзка раскрытыкаваў пастаяннага прадстаўніка Расіі Васіля Небензю на Радзе Бяспекі ААН. Напрыклад, Небензя назваў украінцаў «нацыстамі» і заявіў аб карупцыі ва Украіне. Сікорскі адказаў, што там «прэзідэнт — габрэй, міністр абароны — мусульманін, і ў іх няма палітвязняў», а «Аляксей Навальны задакументаваў, наколькі сумленныя і непадкупныя ўлады вашай краіны».
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2024_05/5734-wohtm.jpeg.webp)
Небензя сказаў, што Польшча напала на СССР падчас Другой сусветнай.
«Пра што ён кажа? Гэта Савецкі Саюз напаў на Польшчу разам з нацысцкай Германіяй 17 верасня 1939 года. Яны нават правялі агульны парад Перамогі 22 верасня, — парыраваў Сікорскі. — А што рабілі рускія войскі каля брамы Варшавы ў жніўні 1920 года? Яны былі там на экскурсіі?»
На словы Небензі аб змове Захаду вакол Украіны Сікорскі адказаў: «Мая вам парада: не трапляйце ў пастку Захаду, выведзіце свае войскі ў адпаведнасці з міжнародна-прызнанымі межамі і пазбягайце гэтай заходняй змовы».
Каментары