Культура1010

Адзіную славутасць Клімавічаў фактычна знеслі ФОТА

У Клімавічах не так шмат разнастайных гістарычных аб’ектаў. Галоўнай славутасцю горада з’яўлялася сядзіба Мяшчэрскіх. Гэты будынак — рэдкі прыклад драўлянага дойлідства ў псеўдарускім стылі. На вялікі жаль, пасля так званай «рэканструкцыі» аднавіць яго збіраюцца толькі часткова, і цалкам верагодна, што выгляд былой сядзібы будзе жахлівы з пункту гледжання гістарычнай праўдзівасці, піша «Будзьма».

Галоўная славутасць і перліна горада

Асабняк пабудаваны па ініцыятыве князя Мікалая Мяшчэрскага, маршалка дваранства Мсціслаўскага павета, для сваёй дачкі Марыі ў 1867 годзе. Да 1917 года з’яўляўся цэнтрам свецкага жыцця Клімавічаў, а пасля ўсталявання савецкай улады сядзібны дом быў канфіскаваны пад рэвалюцыйны камітэт, а пазней у ім знаходзіліся партыйныя і камсамольскія органы.

Сядзіба Мяшчэрскіх на пачатку XX стагоддзя. Крыніца: marshruting.com

У перыяд нямецкай акупацыі ў гады Другой сусветнай вайны тут размяшчалася казіно для нямецкіх афіцэраў. У пасляваенны час былы асабняк Мяшчэрскіх выкарыстоўваўся ў якасці школы, склада для збожжа, інтэрната для разумова адсталых дзяцей, падліковага аддзела Клімавіцкай машыназлічальнай станцыі. У рэшце рэшт з 1978 года будынак быў перададзены Клімавіцкаму раённаму краязнаўчаму музею.

Пра музей-сядзібу неаднаразова пісалі дзяржаўныя выданні, прычым розных узроўняў: ад раённага да рэспубліканскага. Усе перыядычныя выданні ў адзін голас казалі пра сядзібу князёў Мяшчэрскіх як візітоўку Клімавічаў.

Вось, да прыкладу, што піша журналіст «Мінск-навіны» ў матэрыяле пад назвай «Асабняк з чырвонага дрэва і таемная манастырская бібліятэка. Што яшчэ можна ўбачыць у Клімавічах»:

«Пачаць знаёмства з Клімавічамі стаіць з галоўнай славутасці — эфектнага драўлянага асабняка князёў Мяшчэрскіх. Ён унікальны тым, што ўяўляе сабой адзіны архітэктурны помнік у псеўдарускім стылі на тэрыторыі Беларусі. У 1867 годзе Мікалай Мяшчэрскі, багаты і шляхетны дваранін, пабудаваў гэты маёнтак для сваёй дачкі Марыі.

Дваранская сядзіба хутка здабыла папулярнасць, туды сталі з'язджацца пісьменнікі, мастакі і музыкі. У 1917 годзе ў краіне прагрымела рэвалюцыя. Марыю перасялілі ў іншы дом, а сядзіба стала штабам камітэта партыі бальшавікоў».

Пра ўнікальнасць музея-сядзібы пісала яшчэ напачатку 2020 года журналістка рэспубліканскай газеты «Звязда». Пры гэтым выданне заўважала, што будынку тэрмінова патрэбны рамонт і грошай для гэтага трэба нямала:

«Як жа ўтульна тут, у былым панскім асабняку! Вось толькі стан будынка… Дому тэрмінова патрэбен рамонт. І на аднаўленне гэтага помніка архітэктуры неабходна столькі грошай, што яго лягчэй знесці і пабудаваць падобны. Сродкі, на жаль, ад аднаго жадання не з'явяцца, але трэба нешта рабіць. Будынак, якому ўжо больш за 150 гадоў, сапраўды ўнікальны. Падобных помнікаў драўлянага дойлідства ў Беларусі больш не знайсці, ім можна бясконца любавацца і фатаграфаваць. Заклікаю ўсіх турыстаў-патрыётаў у бліжэйшы час наведаць гэты ўнікальны аб'ект. Бо, як казаў паравозік з Рамашкава, заўтра можа ўжо быць позна»

 Выгляд сядзібы-музея да 2024 года. Крыніца: fotobrodilki.by

На іншым сайце таксама адзначаецца ўнікальнасць драўлянага будынка XIX стагоддзя не толькі для Клімавічаў, але і для ўсёй Беларусі: «Што ж тычыцца славутасцяў, то самая цікавая, на мой погляд, прычым досыць унікальная па сваіх формах для нашай краіны — асабняк князёў Мяшчэрскіх».

 Заўважым, што і на нашым партале ў культурніцкім аглядзе славутасцей і адметных месцаў Клімавічаў сядзіба Мяшчэрскіх займала пачэснае месца.

Пры гэтым заўважым, што пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 года № 578 будынак былога асабняка князёў Мяшчэрскіх быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння.

Шыльда на будынку, якая сведчыць, што сядзіба-музей была гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Крыніца: libmogilev.by

Грамадскае абмеркаванне рэканструкцыі і яго вынікі

Напачатку снежня 2020 года адбылося грамадскае абмеркаванне рэканструкцыі Клімавіцкага краязнаўчага музея. Згодна з заключэннем дзяржаўнай экалагічнай экспертызы па будаўнічым праекце «Рэканструкцыя краязнаўчага музея ў Клімавічах», прадугледжваўся дэмантаж існуючага будынка з захаваннем участка падмурка і аднаўленне сядзібы ў існуючых габарытах. Вось як перадаюць будучыя рамонтныя работы ў экспертным дакуменце:

«Праектам прадугледжваецца максімальнае захаванне аўтэнтычных дэкаратыўных элементаў, драўлянай ашалёўкі сцен, фурнітуры, агароджы лесвіцы (балясы) з наступнай рэстаўрацыяй, аднаўленнем на ранейшае месца і аднаўленнем страчаных. Адна з унутраных сцен будынка аднаўляецца з аўтэнтычнага матэрыялу (бярвення, якія захаваліся ў здавальняючым стане)».

Прычым калі арыентавацца на гэты дакумент, то планавалася за 2020-2021 год (на працягу дзевяці месяцаў) здзейсніць рэканструкцыю аб’екта на агульную суму 1480,212 тысяч рублёў.

Выгляд музейнай экспазіцыі, прысвечанай ткацтву і народным промыслам у Ціманаўскім доме культуры. Крыніца: museum.by

У лютым 2021 года музейная экспазіцыя пераехала ў аграрадок Ціманава (лакалізуецца ў 200 метрах ад Клімавічаў праз рэчку Лабжанка) у сувязі з рамонтам дома-сядзібы Мяшчэрскіх. Для наведвальнікаў прадстаўлены частка этнаграфічнай калекцыі залы «Кірмаш на Клімаўшчыне», «Чайны пакой князёўны Марыі Мяшчэрскай». Аднак шэраг іншых частак музейнай экспазіцыі адсутнічаюць. Пры гэтым музейнымі супрацоўнікамі арганізоўваліся яшчэ часовыя выставы і праводзіліся музейныя заняткі. Музейная экспазіцыя дагэтуль размяшчаецца на другім паверсе Ціманаўскага сельскага дома культуры.

Пасля пераносу музейнай экспазіцыі ў дом культуры аграгарадка Ціманава на сайце Клімавіцкага райвыканкама з’явілася інфармацыя, што планы па рэканструкцыі сядзібы-музея змяніліся і перанесены на два гады. Згодна з гэтай інфармацыяй, планавалася на працягу 2022-2023 гадоў рэканструяваць помнік архітэктуры XIX стагоддзя і стварыць новыя экспазіцыйныя залы.

Экспазіцыя-пакой княжны Мяшчэрскай у Ціманаўскім доме культуры. Крыніца: museum.by

Аднак у 2020-2023 гадах ніякіх работ па рэканструкцыі/рамонце музея-сядзібы не рабілася. Больш за тое, не было ніякай інфармацыі (маўчала як раённая, так і абласная прэса), калі распачнецца рэканструкцыя музея ў Клімавічах. У канцы лютага 2024 года ў мясцовай прэсе з’яўляецца інфармацыя аб тым, што ў межах падрыхтоўкі Клімавічаў да абласных «Дажынак» шэраг будынкаў атрымаюць новае аблічча, у тым ліку і раённы краязнаўчы музей. Вось што піша журналіст мясцовай газеты «Родная ніва» пра стан аб’екта архітэктуры, цытуючы намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Шапкіна:

«Ён быў пабудаваны ў 1867 годзе і ўяўляе асаблівую архітэктурную каштоўнасць. Аднак з часам дом састарэў. Мы звярнуліся да спецыялістаў. ППТУП «Магілёўпраектсэрвіс» выдала тэхнічнае заключэнне аб тым, што будынак знаходзіцца ў аварыйна-небяспечным стане і непрыдатны да эксплуатацыі. Фізічны знос будаўнічых канструкцый-падмуркаў, драўляных сцен, паддашкавага перакрыцця дасягнуў 80 адсоткаў.

Каб правесці рэканструкцыю аб'екта, быў распрацаваны праект. Генеральным праекціроўшчыкам выступіла КУДП »Упраўленне капітальным будаўніцтвам г.Магілёва». Субпадраднай арганізацыяй стаў філіял «Брэстрэстаўрацыяпраект» «ААТ Белрэстаўрацыя». Праектна-каштарысная дакументацыя ўжо прайшла экспертызу. Генеральным падрадчыкам правядзення работ з'яўляецца ДУКПП »Магілёўаблсельбуд».

Якім чынам адбываецца рэканструкцыя

Праблемы ў музея-сядзібы з’явіліся відавочна з-за таго, што за савецкім часам гэты помнік (і наогул шматлікія помнікі ў Беларусі) асабліва ніхто не рамантаваў, абмяжоўваючыся ўпарадкаваннем знешняга выгляду аб’екта драўлянай архітэктуры. Таму відавочна, што раней ці пазней у драўлянага прыгожага будынка з’явіліся б праблемы.

Нарэшце ў канцы лютага 2024 года пачаліся рамонтна-будаўнічыя працы па ўсіх Клімавічах для падрыхтоўкі да «Дажынак», і гэты працэс закрануў непасрэдным чынам дом-сядзібу Мяшчэрскіх, які знаходзіцца на перакрыжаванні вуліц Савецкай і Пушкінскай, у непасрэднай блізкасці (30 метраў) да гасцініцы «Дружба». Вось што яшчэ пісала мясцовая газета «Родная ніва», спасылаючыся на загадчыка сектара культуры клімавіцкага райвыканкама:

«Важна захаваць аўтэнтычныя элементы пабудовы. Каштоўнасць уяўляе разьба на франтоне, вокны, дзверы, самі бярвёны, з якіх складзены дом, і многае іншае. Пры рэканструкцыі музея спецыялісты будуць захоўваць элементы драўлянага дойлідства XIX стагоддзя. Галоўная задача будаўнікоў-аднавіць аб'ект у тым выглядзе, у якім ён быў пабудаваны. Зразумела, што час нічога не шкадуе, і таму пры дэмантажы розных частак будынка мы будзем рабіць аналіз стану драўніны, каб па магчымасці захаваць каштоўныя фрагменты».

Як словы спецыяліста сектара культуры Клімавіцкага райвыканкама, так і вышэй працытаваны экспертны дакумент сведчаць аб тым, што будынак будзе часткова адноўлены, але ва ўсёй разнастайнасці элементаў драўлянага дойлідства. Такі падыход нібыта не пярэчыць Венецыянскай хартыі 1964 года, што з’яўляецца аўтарытэтным дакументам па рэстаўрацыі і абвяшчае перадачу помнікаў будучым пакаленням ва ўсім багацці іх аўтэнтычнасці. Не пярэчаць такія падыходы і так званаму «Нарскаму дакументу аб сапраўднасці» 1994 года, які не проста адпавядае духу Венецыянскай хартыі, але і дапаўняе яе. Згодна з «Нарскім дакументам аб сапраўднасці», аўтэнтычнасць помніка складаецца з аўтэнтычнасці задумы і матэрыялу, аўтэнтычнасці атачэння, духу месца і тэхналогіі.

Рэканструкцыя «па-клімавіцку». Фота аўтара

Але калі паглядзець, якім чынам адбываецца так званая «рэканструкцыя», то пабачым, што да сядзібы Мяшчэрскіх ставяцца як да звычайнага драўлянага дома, а не як да помніка гісторыка-культурнай спадчыны. Будынак цалкам прыбралі (або лепш сказаць знеслі) ды пачалі будаваць новыя цагляныя падмуркі, матывуючы гэта зносам будаўнічых канструкцый на 80%.

Адзначым, што драўляная архітэктура — сапраўдны канструктар, які можна разабраць, перанесці або замяніць страчаныя дэталі пры неабходнасці. І ў рэканструкцыі дома-музея Мяшчэрскіх нібыта гэта і планавалася зрабіць. Але тое, што адбываецца ў выніку — гэта фактычна вандалізм пад дзяржаўным дахам. Распачаліся будаўнічыя работы не для таго, каб укласці высілкі ў захаванне як мага больш аўтэнтычных канструкцый, а для таго каб паспець усе зрабіць да адкрыцця «Дажынак» і засвоіць грошы. І гэта пры тым, што тэхналогій працы з дрэвам шмат і яны розныя.

Праўда, беларускім чыноўнікі, асабліва на мясцовым узроўні, нават не пераймаюцца, каб максімальна захаваць аўтэнтычны будынак, і матывуюць гэта тым, што для сапраўднай і ашчаднай рэканструкцыі патрэбны вялікія грошы, а іх няма.

Замест аўтэнтычных лепяцца сучасныя падмуркі. Фота аўтара

Знос будынка цалкам нікога асабліва не бянтэжыць, гэтага не хаваюць, бо мясцовая «раёнка» нават размясціла фота знесенага музея-сядзібы, паказваючы, якія работы па ўпарадкаванні праводзяцца ў Клімавічах да адкрыцця «Дажынак».

Месца знесенага будынка музея, які паказала мясцовая раёнка. Крыніца: rodniva.by

Менавіта падзеі апошніх месяцаў сведчаць, што аўтэнтычнасць перліны горада Клімавічаў страчана незваротна і назаўсёды. Тое, што будзе захавана частка сцяны і дэкор, у тэорыі, канешне, добра, а на практыцы зробяць, хутчэй за ўсё, як заўсёды, для птушачкі. Больш за тое, цяжка ўявіць, каб будынак настолькі знасіўся, што давялося змяняць усе падмуркі, мяняючы іх на новыя.

Гэта, на вялікі жаль, сведчыць пра вельмі фармальны падыход да так званай «рэканструкцыі» важнага гістарычнага аб’екта Клімавічаў, які мясцовыя ўлады ляпілі на шматлікую прадукцыю горада (нататнікі, каляндарыкі і іншая памятная драбяза).

Калі спатрэбілася ўкласціся фінансава ў сапраўднае захаванне гістарычнай каштоўнасці, то чыноўнікі вырашылі лепш наняць яшчэ адну дзяржаўную структуру і падзяліць грошы за працу па «аднаўленні», чымся плаціць за дарагія тэхналогіі і ўсур’ёз спрабаваць захаваць унікальны драўляны архітэктурны помнік уласнага горада.

Каментары10

  • Žvir
    26.04.2024
    Люблю беларусаў!, tut pravić akupant, jakoje vam svajo-ulasnaje ? Jość kamu raspracoŭvać dy prasoŭvaćna svajo ŭlasnaje na Bielarusi, jość admysloŭcy i patryjoty. Karaciej, spynicie raspaŭsiud luchty, nie nakidvajcie na liudziej komplieksy niepaŭnavartaśći.
  • Гога
    26.04.2024
    Какую ценность представляет дом без пластиковых окон?!
  • Максим Дизайнер
    26.04.2024
    Правильно, и Калинковичи эти снесите на хрен. А жителей перевезти в Минск на заводики, и строить муравейники для самих себя же.

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы7

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы

Усе навіны →
Усе навіны

У Расіі афрыканцаў падманам прымусілі будаваць беспілотнікі2

Міністр абароны Ізраіля паабяцаў, што атака на Іран будзе «смяротнай, дакладнай і нечаканай»4

Сіноптыкі анансавалі моцныя дажджы на пятніцу1

Мінск патанае ў густым тумане1

Беларуска выйграла конкурс «Місіс Сусвет 2024»12

Дроны УСУ атакавалі вайсковы аэрадром у Адыгеі

Гродзенцы пра тое, як страцілі магчымасць зарабляць на прыгранічным бізнэсе6

У цэнтры Вільні ўчора ўпаў метэазонд з кантрабандай3

Маштабны фестываль агню ўпершыню пройдзе ў Батанічным садзе Мінска1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы7

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы

Галоўнае
Усе навіны →