Ва Украіне арыштавалі маёмасць кампаніі, заснаванай падсанкцыйнымі беларусамі
Ва Украіне арыштавалі рухомую і нерухомую маёмасць таварыства з абмежаванай адказнасцю «Промінь-ЮГ», якое ў 2012 годзе заснаваў Гомельскі радыёзавод, піша «Радыё Свабода».
Цяпер канцавымі бенефіцыярнымі ўласнікамі кампаніі з'яўляюцца грамадзяне Украіны Мікола Андрэеў і Таццяна Чаас Гансалес. Гомельскі радыёзавод, супраць якога ў траўні 2023 года Украіна ўвяла санкцыі, валодае 50% статутнага капіталу.
Пад арышт, у прыватнасці, трапіла база адпачынку «Луч» у сяле Грыбаўка Адэскай вобласці. База стаіць на першай лініі ад мора і мае 8 корпусаў. Сама кампанія мае сядзібу ў Адэсе.
Як адзначаецца ў апублікаваных у Адзіным дзяржаўным рэестры Украіны судовых рашэннях, падчас дасудовага расследавання высветлілі, што на тэрыторыі Адэсы і Адэскай вобласці дзейнічала «група асоб з мэтай гвалтоўнай змены і захопу дзяржаўнай улады». Удзельнікі гэтай групы нібыта публічна распаўсюджвалі матэрыялы з заклікамі да такіх дзеянняў, апраўдвалі расійскую агрэсію і праслаўлялі расійскіх вайскоўцаў.
Паводле следства, асобных удзельнікаў групы падазраюць у кантактах «з нявысветленымі супрацоўнікамі спецыяльных службаў і праваахоўных органаў так званых ДНР-ЛНР», ва ўдзеле «ў агентурнай сетцы спецыяльных службаў Расіі» і «правядзенні разведвальна-падрыўной дзейнасці».
У часе вобшуку па месцы пражывання падазраваных знайшлі прадметы, пры дапамозе якіх тыя нібыта маглі ажыццяўляць разведвальную дзейнасць, а па месцы знаходжання кампаніі вынялі ўстаноўчыя дакументы, у тым ліку — статут ТАА, ліст Гомельскага абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці, ліст Міністэрства прамысловасці Беларусі, статут Гомельскага радыёзавода і іншыя дакументы.
Справу расследуюць з 17 студзеня 2024 года паводле ч. 2 артыкула 110 (наўмысныя дзеянні, накіраваныя на змену межаў тэрыторыі Украіны, і публічныя заклікі да такіх дзеянняў) і ч. 2 артыкула 436-2 Крымінальнага кодэкса Украіны (апраўданне расійскай агрэсіі). За гэтыя злачынствы прадугледжваецца пакаранне ад абмежавання да пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.
Каментары