Рост назіраецца на фоне ўзмацнення строгасці праверак.
Транзіт збожжа і кармоў з Беларусі і Расіі на еўрапейскія рынкі праз Літву рэзка павялічыўся. Пра гэта паведаміла Дзяржаўная харчовая і ветэрынарная служба Літвы (BMBT), якая ажыццяўляе праверкі на мяжы.
Месяц таму на фоне забароны на імпарт беларускага і расейскага збожжа літоўскія ўлады зрабілі больш строгімі праверкі. Спецыялісты ўдакладняюць паходжанне збожжа, а таксама правяраюць, ці не ўтрымлівае яно забароненых у ЕС прымешак.
«Пасля 18 сакавіка мы назіраем 95-адсоткавае зніжэнне імпарту з Расіі і Беларусі ў Літву, але назіраем рост увозу збожжа ў Літву для імпарту ў іншыя краіны ЕЗ», — распавяла дырэктарка BMBT Аўдроне Мікалаўскене BNS.
З 1 студзеня па 18 сакавіка праз Літву на рынкі ЕС — Германіі, Даніі, Францыі, Бельгіі, Чэхіі і іншых краін — было перавезена 184 партыі збожжа, а з 18 сакавіка па 16 красавіка — 317 партый.
Транзіт за месяц павялічыўся амаль удвая.
Каментары