Знішчаная расійская бронемашына ў Бучы. Фота: Yaghobzadeh Alfred / ABACA / PAP

 Знішчаная расійская бронемашына ў Бучы. Фота: Yaghobzadeh Alfred / ABACA / PAP

Ва Украіне суд вынес вырак грамадзяніну Беларусі за крадзяжы тавараў у крамах Бучы ў часе расейскай акупацыі. Згодна з выракам, беларуса пакаралі 5 гадамі пазбаўлення волі з выпрабавальным тэрмінам цягам двух гадоў, піша «Свабода». 

Як вынікае з матэрыялаў справы, грамадзянін Беларусі разам са сваёй сяброўкай, грамадзянкай Украіны, выкрадалі тавары ў краме касметычных вырабаў Watson’s і гандлёвым доме «Буча Пассаж». 

Справу завялі 19 красавіка 2022 года. У ёй некалькі эпізодаў. Следчыя сцвярджаюць, што крадзяжом тавараў пара займалася з 10 сакавіка 2022 году, у часе расейскай акупацыі гораду, да 25 красавіка 2022 году — на той час Буча ўжо была вызваленая ўкраінскімі войскамі. Паводле кваліфікацыі злачынства — крадзеж ва ўмовах ваеннага становішча, ім пагражала зняволенне на тэрмін ад 5 да 8 гадоў. 

Абаіх фігурантаў затрымалі, але неўзабаве вызвалілі пад хатні арышт і яны ўцяклі. Пакуль іх шукалі, украінка памерла і на яе справу закрылі, а беларуса затрымалі сёлета ў сакавіку і асудзілі. 

Грамадзянін Беларусі мае вышэйшую адукацыю, нежанаты, не мае судзімасці. Як вынікае з выраку, у якім пералічваюцца рэчы, вернутыя яму, беларус, падобна, меў дачыненне да Міністэрства надзвычайных сітуацый Беларусі. У прыватнасці, яму вярнулі пасведчанні «Цэнтра прапаганды МНС» і «Гомельскага МНС». 

У судзе беларус «цалкам прызнаў сваю віну, шчыра раскаяўся, запэўніў, што зрабіў для сябе належныя высновы, прасіў строга яго не караць». 

Вырак, які вынеслі 19 красавіка, набудзе юрыдычную моц праз 30 дзён, калі абвінавачанне яго не абскардзіць. Увесь гэты час беларус будзе знаходзіцца пад хатнім арыштам. 

Летась у кастрычніку стала вядома, што ва Украіне за марадзёрства ва ўмовах ваеннага становішча ў вышук абвясцілі яшчэ аднаго грамадзяніна Беларусі, ураджэнца Магілёва, які прыехаў ва Украіну ў 2020 годзе і жыў у Бучанскім раёне разам са сваёй сям’ёй. 

Пазней стала вядома, што праваахоўныя органы вышукваюць Сяргея Лук’янава, які ўцёк з-пад варты ў Польшчу і там вёў гурток для ўкраінскіх дзяцей. Да ўцёкаў ва Украіну ён працаваў мастаком у Свята-Елісавецінскім манастыры ў Менску. У Кіеве ён арганізаваў варту стыхійна створанага каля беларускай амбасады мемарыяла памяці Рамана Бандарэнкі.

Чытайце таксама:

Як беларусы дапамагалі аснашчаць расійскую вайсковую машыну заходнім абсталяваннем

ААН: Ва Украіне амаль за два гады вайны ўжо загінулі 10 200 мірных жыхароў

«Якія, бл…дзь, шэрыя схемы?!» Як беларусы ганяюць у Расію люксавыя еўрапейскія аўто ў абыход санкцый

Клас
0
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
1