Былую дэпутатку, якая судзілася з ЕС, каб з яе знялі санкцыі, прызначылі ў Канстытуцыйны суд
Аляксандр Лукашэнка прызначыў былую дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Святлану Любецкую суддзёй Канстытуцыйнага суда Беларусі.
Любецкая нарадзілася ў 1971 годзе ва Украіне. Скончыла БДУ па спецыяльнасці «Руская мова і літаратура», БДУ па спецыяльнасці «Правазнаўства»; Акадэмію кіравання па спецыяльнасці «Дзяржаўнае і мясцовае кіраванне»; аспірантуру БДУ.
Працавала суддзёй суда Фрунзенскага раёна г. Мінска; намеснікам старшыні суда Партызанскага раёна г. Мінска; старшынёй суда Маскоўскага раёна г. Мінска; начальнікам Галоўнага ўпраўлення арганізацыйнага забеспячэння судовай дзейнасці Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, суддзёй Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.
У 2019 годзе была абрана дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
У чэрвені 2021 года на Любецкую былі накладзеныя санкцыі ЕС за тое, што яна займалася распрацоўкай абноўленага Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, які ўключыў шэраг новых артыкулаў, якія ўзмацняюць адказнасць у дачыненні да апанентаў рэжыму Лукашэнкі.
Яна спрабавала аспрэчыць санкцыі. Але ў маі 2023 года Еўрапейскі суд у Люксембургу адхіліў пазоў Любецкай і яе намесніка ў пастаяннай камісіі па заканадаўстве Аляксандра Амельянюка і абавязаў заяўнікаў аплаціць выдаткі адказчыка.
Каментары