Мінчанку асудзілі да «хатняй хіміі» і знішчылі два яе нацыянальныя сцягі
У судзе Савецкага раёна Мінска 28 сакавіка да двух з паловай гадоў «хатняй хіміі» асудзілі Святлану Кудрыцкую. Жанчыну прызналі вінаватай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у адной акцыі пратэсту ў 2020 годзе. Доказамі па справе стала відэа, на якое трапіла жанчына, і адзенне, у якім яна была на акцыі. Прысуд па справе вынесла Вольга Емяльяненка, піша «Вясна».
Паводле версіі абвінавачвання, Святлана Кудрыцкая «блакавала і заступала шлях транспартным сродкам, у выніку чаго яе дзеянні пацягнулі парушэнне працы транспарту, якое выявілася ў спыненні транспарту на тэрыторыі Мінска». Сума шкоды «Мінсктрансу» склала 5 839 рублёў 65 капеек.
На судзе жанчына віну прызнала. Яна пацвердзіла, што выходзіла на праезную частку дарогі, у выніку чаго блакавала шлях транспартным сродкам. Акрамя прызнальных паказанняў Святланы, асноўнымі доказамі па справе сталі відэазапісы, на якім зафіксавана жанчына, у тым ліку на праезнай частцы, у момант яе ўдзелу ў акцыі пратэсту.
Крыніцай відэа ў пастанове называецца «матэрыял аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў». У матэрыялах крымінальнай справы маюцца скрыншоты з гэтага відэа. Таксама доказамі сталі чорны заплечнік і джынсы, у якіх жанчына зафіксаваная на відэазапісах у момант яе ўдзелу ў мітынгу.
Акалічнасцю, змякчаючай адказнасць, суд прызнаў наяўнасць на ўтрыманні малалетніх дзяцей.
У выніку суддзя Вольга Емяльянчанка прызначыла Святлане Кудрыцкай два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Акрамя гэтага, суд пастанавіў знішчыць два бел-чырвона-белыя сцягі, якія захоўваліся пры матэрыялах справы і, верагодна, забраныя пры ператрусе ў жанчыны.
Да суда Святлана была пад закладам у суме 12 000 рублёў.
Каментары