…зайшоў у хату і знайшоў там ажно тры боханы свежага хлеба, пакінутыя чамусьці немцамі. Успамін з 1944 года.
…зайшоў у хату і знайшоў там ажно тры боханы свежага хлеба, пакінутыя чамусьці немцамі. Успамін з 1944 года.
Снежань 66‑гадовай даўнасці быў нават цяплейшы, чым сёлетні. Ні табе марозу, ні слаты. У тыя дні мне, 12‑гадоваму хлапчуку, даводзілася ў лесе пасвіць кароў. Сваю і тых людзей, якія вымушаны былі жыць у зямлянках Забылінскага лагера, што знаходзіўся ў вялікім лесе на захадзе Расонскага раёна.
Паскубаўшы ў бары верасу і бруснічніку, каровы падаліся да балота. Папіць вады і пакаштаваць пажарніцы, хоць яна была не такая смачная, як зялёная ўлетку.
Каровы ходзяць па беразе, а я, наглядаючы за імі, тэпаю каля яліны. Ціха, спакойна. Раптам данёсся самалётны гул, з‑за дрэў вынырнуў «кукурузнік». І на сярэдзіну балота пачалі падаць бомбы.
Нямецкі лётчык зрабіў так, каб нікому не зашкодзіць: ні людзям, ні жывёлам, ні дрэвам.Скінуў бомбы на пустое балота. Я з цікаўнасці збегаў туды. Убачыў чатыры яміны‑варонкі паблізу адна ад адной. З краёў са свежай багны сачылася вада.
Загнаўшы кароў у шалашы, зробленыя з яловых лапак, я падаўся ў зямлянку, Дзе на вогнішчы ў прыску пяклася бульба. І тут мяне чакала прыемная навіна.
Удзень адзін добры дзядзька наведаў сваю хату ў вёсцы Задорына. Дзеля гэтага трэба было рызыкаваць жыццём. Бо ягоная вёска знаходзілася побач з Сакалішчам, дзе стаялі немцы.
Усё абышлося добра. Чалавек пераехаў на пароме, схаваным у кустах, рэчку Нішчу, зайшоў у хату і знайшоў там (во шчасце!) ажно тры боханы свежага хлеба, пакінутыя чамусьці немцамі.
Цяпер гэты хлеб добры дзядзька дзяліў. Кожнаму хлопчыку і дзяўчынцы, што былі ў лагеры, дасталася луста хлеба, якога яны даўно не елі і які здаўся вельмі‑вельмі смачным.
Усяго зведалі дзеці вайны. Бачылі і кроў, смерць. Цярпелі голад і холад. Але ж былі і прыемныя сюрпрызы. А добрае не забываецца.
Каментары