У сеціве моцна завірусіўся фэйк, быццам прынцэса Іарданіі асабіста збівала іранскія дроны на знішчальніку
Прынцэса Іарданіі Сальма бінт Абдала, першая ў гісторыі каралеўства афіцэрка Вайскова-паветраных сіл, стала ахвярай маштабнай правакацыі ў інтэрнэце, дзе ёй прыпісалі непасрэдны ўдзел ў адбіцці іранскай атакі на Ізраіль. Дзеля фэйку нават падрабілі старонку буйнога таблоіда. Каму гэта выгадна?
Паводле ўкіду, які сабраў у сацсетках ужо некалькі мільёнаў праглядаў, 23-гадовая прынцэса Іарданіі Сальма бінт Абдала быццам збіла 6 іранскіх дронаў на знішчальніку падчас масіраванай атакі Ірана на Ізраіль ў мінулыя выхадныя.
Фэйкавая навіна падаецца такім чынам, быццам прынцэса Сальма сама адкрыта заявіла пра гэта, заўважыла выданне Newsweek.
Выданне адразу папрасіла каментары ў каралеўскай сям'і і іншых афіцыйных крыніц Іарданіі. Тыя адказалі, што інфармацыя пра ўдзел прынцэсы Сальмы ў адбіцці іранскага нападу на Ізраіль з'яўляецца фэйкам і часткай інфармацыйнай кампаніі супраць Іарданіі.
Хто стаіць за ўкідам, дакладна невядома, але для распаўсюджвання фэйкавай інфармацыі была нават падробленая выява старонкі буйнога таблоіда Emirates Woman, на якой адлюстраваная прынцэса Сальма ў вайсковай уніформе і загаловак пра збіццё іранскіх дронаў, якога на сапраўдным сайце таблоіда не існуе.
Як адзначае выданне Newsweek, падроблены скрыншот з Emirates Woman сталі актыўна распаўсюджваць у твітары (X) некалькі сумнеўных акаўнтаў, адзін з якіх старанна мімікруе пад афіцыйны акаўнт ізраільскай спецслужбы Масад. У ім фэйкавы пост пра прынцэсу Сальму сабраў каля 2 мільёнаў праглядаў перад тым, як быў выдалены.
Сам акаўнт псеўда-Масада, дарэчы, быў таксама заўважаны ў распаўсюджванні дэзынфармацыі падчас тэрарыстычнага нападу баевікоў ХАМАС на Ізраіль у кастрычніку мінулага года.
Таму за фэйкам пра прынцэсу Сальму, верагодна, могуць стаяць Іран ці яго сатэлітныя групоўкі. Тым больш, што іранскія ўлады, скажам так, не ацанілі ўдзел Іарданіі ў адбіцці атакі на Ізраіль і нават адкрыта пагражалі такой жа самай атакай самому каралеўству.
***
Нагадаем, што ў суботу 13 красавіка Іран здзейсніў прамую атаку ракетамі і дронамі на Ізраіль, у адбіцці якой таксама прымалі ўдзел вайскоўцы ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Іарданіі.
Іранская атака стала адказам на ізраільскі авіяўдар 1 красавіка па консульстве Ісламскай Рэспублікі ў Сірыі, які прывёў да гібелі сямі высокапастаўленых членаў іранскага Корпуса вартавых Ісламскай рэвалюцыі. Вінаватым Тэгеран тады адразу назваў Ізраіль і паабяцаў адпомсціць.
Цяпер жа помсціць Ірану за яго атаку ў адказ збіраецца ўжо Ізраіль.
Судзімасць бацькі, дзівосы з адукацыяй, прагалы ў біяграфіі — таямніцы жыцця першай беларускай касманаўткі
«Паслугі прастытутак і дарагія гадзіннікі». Кіраўнік Міжнароднага саюза біятланістаў быў падкуплены Расіяй
«З дазволу нацыстаў сіяністы наведвалі канцлагеры і адбіралі правільных яўрэяў». Злітая засакрэчаная дысертацыя кіраўніка Палесціны, напісаная ў Маскве
Каментары