Самалійскія піраты вызвалілі судна MV Abdullah. Яны сцвярджаюць, што атрымалі $5 мільёнаў выкупу
Грошы скінулі з паветра ў трох мяшках, пасля чаго 65 піратаў пакінулі судна на дзевяці лодках.
Самалійскія піраты вызвалілі судна MV Abdullah і 23 члены экіпажу пасля таго, як атрымалі выкуп 5 мільёнаў даляраў, піша Бі-бі-сі.
Грузавое судна, якое ходзіць пад сцягам Бангладэш, было захоплена ля ўзбярэжжа Самалі месяц таму, калі перавозіла вугаль з Мазамбіка ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.
«Мы праверылі сапраўднасць купюр, падзялілі іх і сышлі», — цытуе Reuters аднаго з піратаў Абдзірашыда Юсуфа.
AFP піша са спасылкай на жонку капітана MV Abdullah Махамеда Абдур Рашыда, што грошы скінулі з паветра ў трох мяшках, пасля чаго 65 піратаў пакінулі судна на дзевяці лодках.
Уладальнік MV Abdullah, кампанія KSRM Group, заявіла, што судна і экіпаж былі вызваленыя пасля перамоваў.
«Мы заключылі здзелку з піратамі, — сказаў AFP прадстаўнік кампаніі Мізанул Іслам, адмовіўшыся казаць аб суме выкупу. — Усе члены экіпажа знаходзяцца ў бяспецы».
Пасля вызвалення судна адправілася ў ААЭ ў суправаджэнні двух ваенных караблёў.
Каментары