Журналістка СТБ прапанавала ганарыцца клубам, які прайграў 38 з 39 гульняў
«Баскетбольным «Мінскам» трэба ганарыцца. Яны ж не стаялі ў Лізе ВТБ», — кажа Юлія Сіліпіцкая.
«Вось я заўзятар нашага баскетбольнага «Мінска». Але як іх далей падтрымліваць, калі яны ўжо прайгралі 38 з 39 сустрэч у паядынках Адзінай лігі ВТБ», — спыталі вядучую праграмы «Спорт-таймер» на СТБ.
— Але ж яны не стаялі! Яны гулялі, забівалі, і гэтым трэба ганарыцца. Вядома, лёгка любіць добрых і паспяховых. А вы палюбіце нягеглых! Я заўсёды буду падтрымліваць хлопцаў, таму што яны займаюцца спортам, ідуць да перамог. І наша задача як заўзятараў — напаўняць іх энергіяй, няхай яны сто разоў упадуць або прайграюць. Але ў стопершы абавязкова выйграюць! Заўзятары павінны верыць у любімую каманду. Бо вера здольная рабіць цуды», — сказала вядучая СТБ
Баскетбольны клуб «Мінск» у турніры Адзіная ліга ВТБ (фактычна, Адкрыты чэмпіянат Расіі па баскетболе з удзелам «Мінска» і «Астаны») у 39 гульнях выйграў толькі адну гульню, а 38 прайграў, прычым 34 паядынкі былі прайграныя запар. Гэта абсалютны антырэкорд турніру.
У каманды таксама найгоршая рознасць закінутых балаў. Клуб займае апошні, 14-ы радок (восьмы на этапе для найгоршых каманд) у турніры. Прычым у «Астаны», якая ідзе на 13-м месцы, 12 перамогаў.
Апошні свой матч «Мінск» правядзе заўтра супраць МБА (Масква).
Каментары