Грамадства66

«Пасля відэа са стравамі на Дзень Волі ад мяне адпісалася 500-600 чалавек». Фудблогерка расказала пра кулінарныя адметнасці Беларусі і Польшчы

Алесі 32 гады, жанчына вырасла ў горадзе Івянец і вывучылася на настаўніцу геаграфіі і біялогіі, але працавала не па спецыяльнасці — менеджарам па продажах. Усё жыццё Алеся любіла гатаваць, падчас каранавірусу вырашыла завесці кулінарны блог у Instagram, а калі мусіла эміграваць — то ўладкавалася на працу кухарам. У размове з «Салідарнасцю» жанчына расказала пра асартымент прадуктаў у Польшчы, чаму ў пэўны момант перавяла блог на беларускую мову, як змагла ўладкавацца кухарам без адукацыі і як у Польшчы можна законна не адкрываць ІП, маючы маленькі бізнэс.

Алеся. Усе фота з архіва гераіні

«Я стварыла блог падчас кавіду, каб проста не звар’яцець. Спачатку ён быў на расейскай мове. Рэцэпты былі максімальна простыя, з прадуктаў, якія заўсёды былі дома. Мяне цікавілі міні-версіі розных страў: дэсерты, фінгерфуд. Аўдыторыя расла, і блог быў даволі паспяховы.

У адзін дзень я апублікавала пост, што выдаляю блог і ствараю новы — на беларускай мове. Гэтае рашэнне я прыняла даволі хутка: мы з мужам былі ў гасцях у Італіі, знаёмыя спыталіся, на якой мове размаўляюць у Беларусі. Мы адказалі — беларускую ведаюць, але размаўляюць у большасці на расейскай. Яны былі вельмі здзіўленыя, казалі, што не ўяўляюць, як бы размаўлялі не на італьянскай.

Мы з мужам пераглянуліся і зразумелі — трэба нешта рабіць. Ну вось спачатку я завяла новы блог на беларускай мове, а потым паступова мы з мужам перайшлі на беларускую і ў жыцці».

Цяпер на Instagram Алесі падпісана трохі болей за пяць тысяч чалавек. Жанчына прызнаецца, што кулінарыі спецыяльна нідзе не вучылася, яе развіццё — гэта відэа на YouTube, Pinterest і ўласнае ўяўленне».

Са з'яўленнем новага блога ў суразмоўніцы «Салідарнасці» таксама змяніўся погляд, як павінна выглядаць ежа на талерцы, фотаздымкі сталі больш якаснымі. Рэцэпты Алеся імкнецца выкладаць максімальна простыя — яны, кажа жанчына, больш папулярныя сярод беларусаў.

«Што тычыцца мовы, то ў мяне добрыя водгукі на старонку. Негатыўных амаль няма. Пару разоў пісалі «ябацькі», некалькі разоў пісалі людзі хіба з Расеі, што трэба пісаць на «зразумелай для іх» мове. Таксама людзі могуць адпісвацца пасля нейкіх відэа, якія хоць неяк кранаюць тэму палітыкі.

Напрыклад, пасля відэа са стравамі на Дзень Волі ад мяне адпісалася 500-600 чалавек, але я не шкадую.

Людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі, баяцца каментаваць публікацыі, у асноўным гэта робяць тыя, хто па-за межамі краіны. Камунікацыя з падпісчыкамі ў мяне адбываецца праз асабістыя паведамленні. Людзі дасылаюць фотаздымкі страў па маім рэцэпце, пытаюць, якія прадукты лепш купіць у Польшчы».

У блогеркі ёсць некалькі падпісчыц, чые мужы працуюць дальнабойшчыкамі. Для іх, па запыце, Алеся складае спіс прадуктаў, якія для пэўных страў лепш купіць у Польшчы.

«Ёсць цяжкасці, бо не ўсё можна правезці.

Але я рэкамендую набываць у Польшчы маскарпонэ фірмы Galbani, аліўкавы алей Monini, макароны, польскую какаву — і я, і падпісчыцы заўважылі, што яна значна лепшая, чым у Беларусі. Калі пашукаць, у Беларусі гэтыя прадукты таксама можна знайсці, напрыклад, на Камароўцы.

Таксама з падпісчыцамі з розных краін мы абмяркоўваем склад розных страў, бо ў залежнасці ад тыпу, напрыклад, мукі і цукру можа атрымлівацца зусім па-іншаму, і трэба камбінаваць».

Дарэчы, заўважае суразмоўніца, у эміграцыі шмат беларусаў набіраюць вагу.

«Па-першае, гэта ад стрэсу, а па-другое, з-за даступнасці прадуктаў. Яшчэ адна справа, калі чалавек прыехаў з Мінска, а вось калі з нейкага маленькага гарадка…

Ты прыязджаеш у Польшчу, ідзеш у «Ашан» і вочы разбягаюцца: а як гэта на смак, а як тое? І кладзеш у кошык шмат чаго. Таксама тут у крамах бываюць тыдні Італіі, Грэцыі і іншых краін, і ўсё хочацца паспрабаваць.

У Беларусі, як кажуць — ёсць усё, але пры гэтым нічога. Напрыклад, мы з мужам хацелі прыгатаваць італьянскі рысавы салат, куды патрэбны сыр правалонэ: у якіх толькі крамах мы ні былі, але знайшлі яго толькі на Камароўцы. Кавалачак быў вельмі дарагі, але ўзялі.

Калі мы прыйшлі па гэты сыр у польскі «Ашан», то тут было каля дзевяці варыянтаў на выбар. Я не ведала, які ўзяць. То-бок там не было чаго ўзяць, а тут не ведаеш, што ўзяць. Тая ж самая сітуацыя з маскарпонэ: у Беларусі ў буйных крамах хіба два віды было, а тут пяць як мінімум.

Таксама ў Польшчы ў параўнанні з Беларуссю крута быць веганам. У мяне была замова дэсертаў для веганаў, я спачатку разгубілася, а потым зайшла ў аддзел для веганаў і знайшла ўсё, што мне трэба».

З беларускіх прадуктаў, кажа беларуска, у Польшчы ёй не хапае толькі глазураванага сырка з пандай і сушанага мяса ад «Галерэі смаку».

Нядаўна Алеся таксама пачала публікаваць стравы беларускай кухні. А ў яе кнізе са стравамі на Вялікдзень ёсць нават рэцэпты ад бабулі. Дзякуючы гэтай кніжачцы, расказвае кухар, яна зразумела, як шмат чаго ёсць у беларускай кухні.

«Калі ў каго спытаць, што такое беларуская кухня, больш за ўсё адказаў будзе пра дранікі і бліны. Так, гэта і мае самыя ўлюбёныя беларускія стравы. Але ў нас шмат чаго ёсць.

Мая бабуля полька, у нас у Івянцы ўвогуле жыло шмат палякаў. Таму рэцэпты ў маёй бабулі былі беларуска-польскія. Цікава, што яны былі напісаныя па-беларуску, але часта там праскоквалі польскія словы.

З дзяцінства мне запомніліся аладкі з макам на Каляды, суп з крапівы, шарлотка, дзьмухаўцы, мачанка, дранікі і бліны, халаднік у нас быў толькі са шчаўя. Таксама ў кніжцы ёсць суп жур — па інгрэдыентах і смаку ён нагадвае польскі журак.

Таксама ў бабулі ёсць рэцэпт з цікавай назвай: мяса па-радзівілаўску. Гэта такая адбіўная з поліўкай. Вось трэба гэтым і дзяліцца, каб свет бачыў».

Цікава, што ў Алесі ёсць і свае кнігі з рэцэптамі, але ў фармаце анлайн: на Вялікдзень, Каляды, восеньская кніга і на пікнік, то-бок летняя.

Свой блог жанчына называе дарагім хобі, грошай жанчына з яго не атрымлівае, хутчэй укладае ў ежу, разыгранкі і рэкламу. Для заробку ў жанчыны дзве працы — у рэстаране гатэля і ўласны кейтэрынг.

«Я прыйшла ў гатэль ад «Марыёта» да таго, як ён адчыніўся. Паказала свой блог, што гатую і сказала, што хачу папрацаваць, каб набрацца досведу ў гэтай галіне. Я шчыра прызналася, што ніколі ў гэтай сферы не працавала.

Але ім быў патрэбен чалавек, і мне прапанавалі іспыт на тры месяцы з невялікім заробкам. Я пагадзілася, бо гатэль ад «Марыёт»: зразумела, там будзе, чаму павучыцца.

Спачатку я працавала на сняданнях, потым перайшла на банкеты, і заробак павысілі. Досвед гэты вельмі карысны, і я думаю шукаць нешта новае і ісці наперад. Апроч асноўнай працы ў мяне таксама ёсць уласны кейтэрынг».

ІП беларуска не адкрывала: па польскім законе, калі чалавек са сваёй дзейнасці атрымлівае на картку менш, чым 3180 злотых (каля 800 даляраў), ён можа не рэгістраваць ІП. Але для кулінарыі дома неабходны дазвол ад санэпідэмслужбы.

«У Беларусі я ніколі не працавала ў сферы грамадскага харчавання, бо ў нас нялёгка зрабіць санкніжку, а я яшчэ і была прапісаная ў бацькоў у Івянцы. Тут усё робіцца хутка: здала аналізы, два дні чакаеш, потым прыходзіш да доктара, ён робіць яшчэ некалькі тэстаў і ўсё.

Таксама для маёй дзейнасці быў патрэбен дазвол ад гаспадыні здымнай кватэры, што яна згодная, каб я займалася ў кватэры хатняй гаспадаркай. Потым застаецца атрымаць дазвол ад санэпідэму: трэба напісаць заяву, атрымаць кнігу па бяспецы, купіць дадатковую лядоўню, зрабіць апісанне кухні.

Праз некалькі дзён да мяне прыйшлі, паглядзелі, што дома ўсё, як і напісана, і выдалі дазвол. Няма такога, што ты трасешся, баішся, што будзе нешта не так і дазвол не атрымаеш. Нават калі было нешта не так, яны проста падказалі, як зрабіць лепей, і ўсё.

Тое, што можна не адкрываць ІП — значна паляпшае жыццё, калі хочаш сябе ў нечым паспрабаваць: ты не ведаеш, пойдзе ці не. Паспрабаваў — не пайшло, ну і ўсё, займаешся іншым. А ў Беларусі для гэтага трэба адкрываць ІП, а потым закрываць яго, што не так проста. Я ведаю, бо ў Беларусі была аформленая як рамеснік (шыла цацкі) і закрыць гэта было няпроста».

Ежу з кейтерынгу Алеся дастаўляе на бізнэс-спатканні для беларусаў. Кажа, што з беларусамі лягчэй працаваць з-за падобнага густу ў ежы. А вось палякі, напрыклад, дадаюць у стравы вельмі шмат воцату і гарчыцы.

Спраўляцца з працай і блогам, прызнаецца Алеся, ёй дапамагаюць добрыя словы ад падпісчыкаў:

«Бывае цішыня-цішыня, і здаецца, што гэта нікому не патрэбна. А потым напіша чалавек, дашле фота, як прыгатаваў па маім рэцэпце. Нават калі аднаму чалавеку гэта патрэбна, трэба рабіць.

Я раблю гэта і для сябе. Рэцэпты захоўваюцца, я імі карыстаюся. Таксама мой галоўны фанат — гэта мой муж, ён каментуе ўсе мае пасты.

А яшчэ ўсё гэта дапамагае мне ў эміграцыі — па-першае, гэта мова, па-другое, праца з беларусамі: прыходзіш на імпрэзу, чуеш, як усе размаўляюць на беларускай мове, і адчуваеш сябе як дома».

Каментары6

  • Gorliwy Litwin
    10.04.2024
    здорава. Жыве Івенец! амае любімае мястэчка ў РБ. поспехаў ува ўсім!
  • Ванючая европейская еда
    10.04.2024
    Находясь в Беларуси еште беларуские блюда, а не итальянские салаты и не нойте что в РБ нет продуктов для забугорных блюд. Я находясь в европе не могу найти нормальных продуктов для беларуских блюд, но ничего давлюсь тем что есть.
  • Нуль
    10.04.2024
    Вадзім, сколько же вы зарабатываете? В Польше с минимальной зарплаты на жилье уйдет максимум половина

Даследаванне: раскол у культуры паміж тымі, хто з'ехаў і хто застаўся, павялічваецца. Але расце новае пакаленне музыкаў1

Даследаванне: раскол у культуры паміж тымі, хто з'ехаў і хто застаўся, павялічваецца. Але расце новае пакаленне музыкаў

Усе навіны →
Усе навіны

Памятаеце Арцёма, які адкрыў махлярскі збор у Польшчы? Ён знайшоўся ў Беларусі. За кратамі

Сірыйскія паўстанцы атрымлівалі і беларускую зброю2

У ноч на чацвер Грозны падвергнуўся нападу беспілотнікаў1

У Ізабеліне аднаўляюць сінагогу, пабудаваную ў часы Вялікага Княства Літоўскага7

Трамп запрасіў Сі Цзіньпіна на сваю інаўгурацыю1

«Буду змагацца да канца». Прэзідэнт Паўднёвай Карэі адхіліў абвінавачванні ў мяцяжы1

32-тонную піўную цыстэрну каля мінскай плошчы Бангалор паднялі ВІДЭА

Камунальнік замяніў на мінскім даху чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы, каб «пажартаваць з апазіцыянераў»4

Сірыя была фабрыкай каптагону, «какаіну для бедных». Пасля падзення рэжыму стала ясна, дзе яго выраблялі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Даследаванне: раскол у культуры паміж тымі, хто з'ехаў і хто застаўся, павялічваецца. Але расце новае пакаленне музыкаў1

Даследаванне: раскол у культуры паміж тымі, хто з'ехаў і хто застаўся, павялічваецца. Але расце новае пакаленне музыкаў

Галоўнае
Усе навіны →