Свет

У ЗША бацькоў падлетка, які ўчыніў стральбу ў школе, пасадзілі мінімум на 10 гадоў

Суд штата Мічыган прысудзіў бацькоў Ітана Крамблі, які ўчыніў стральбу ў школе, у выніку чаго загінулі чатыры вучні, да турэмнага зняволення на тэрмін ад 10 да 15 гадоў. Раней яны былі прызнаныя вінаватымі ў ненаўмысным забойстве, піша Бі-бі-сі.

Фота: Bill Pugliano/Getty Images

Джэймс і Джэніфер Крамблі сталі першымі бацькамі, асуджанымі ў ЗША за тое, што не спынілі свайго сына, які відавочна знаходзіўся ў неадэкватным псіхічным стане.

Абодва выказалі шкадаванне з-за дзеянняў свайго сына. Аднак Карэн Макдональд, галоўная абвінаваўца на працэсах (Джэніфер і Джэймса Крамблі судзілі паасобку), заявіла, што вельмі «расчараваная» тым, што бацькі малалетняга забойцы не выказалі ніякага раскаяння.

«Тое, што яны заявілі, што шкадуюць, гэта натуральна, і мы не аспрэчваем той факт, што яны шкадуюць… але гэта — не тое, што важна для ахвяр злачынстваў… больш за ўсё яны хацелі б пачуць пра раскаянне, што азначала б прызнанне сваёй віны і нейкае прымірэнне, або прабачэнне. А гэтага не адбылося», — сказала яна журналістам пасля абвяшчэння прысуду.

Суддзя Шэрыл Мэцьюз заявіла, што працягласць тэрміну зняволення тлумачыцца няздольнасцю або нежаданнем бацькоў спыніць сына.

«Яны [бацькі] не павінны быць экстрасэнсамі. Але гэтыя прысуды не звязаныя з дрэнным выхаваннем дзяцей. Яны тычацца дзеянняў, якія маглі б спыніць гэты разагнаны цягнік, — заявіла яна суду. — А магчымасць яго спыніць у іх была некалькі разоў, трывожныя сігналы раздаваліся ўсё гучней і гучней, а яны іх ігнаравалі».

Адбыўшы 10 гадоў, Крамблі змогуць хадайнічаць аб умоўна-датэрміновым вызваленні. Калі ім будзе ў ім адмоўлена, яны выйдуць на волю праз 15 гадоў.

Пракуроры на працэсах сцвярджалі, што Крамблі не рэагавалі на відавочныя прыкметы пагаршэння псіхічнага здароўя свайго сына і нават купілі яму паўаўтаматычны пісталет, які ён і выкарыстаў для стральбы ў школе ў 2021 годзе.

Ітану Крамлі было 15 гадоў, калі ён забіў чатырох вучняў і параніў яшчэ семярых.

За сваё злачынства ён быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення без права на датэрміновае вызваленне.

Перад вынясеннем прысуду бацькі загінулых выступілі ў судзе, эмацыйна распавёўшы, да якіх наступстваў прывялі дзеянні Ітана Крамлі і бяздзейнасць яго бацькоў.

Ніколь Басалей, маці 17-гадовай ахвяры Мэдысан Болдуін, наўпрост звярнулася да Джэніфер і Джэймса: «Калі вы куплялі свайму сыну пісталет і нават не трымалі яго пад замком, я дапамагала сваёй дачцэ пісаць школьнае сачыненне, — сказала Ніколь са слязамі на вачах. — Вы вырашылі, што выхаванне дзяцей не з'яўляецца для вас прыярытэтам, і я страціла сваю дачку».

Джыл Соаў, маці 17-гадовага Джасціна Шылінга, які таксама загінуў у выніку ўчыненай Ітанам стральбы, была другой жанчынай, якая выступіла з прамовай. Яна адзначыла, што перажытыя ёю «жах і траўма немагчыма выказаць словамі».

Падчас выступу яна проста глядзела на Джэймса і Джэніфер, абвінаваціўшы іх у «няздольнасці дзейнічаць», каб спыніць трагедыю.

«Калі б вы толькі зрабілі што-небудзь, хоць што-небудзь, каб змяніць ход падзей», — сказала яна.

Пракуроры абвінавацілі бацьку і маці Ітана ў ігнараванні трывожных прыкмет, якія сведчылі аб росце крызісу псіхічнага здароўя іх сына, а таксама ў халатнасці, бо яны не толькі купілі яму агнястрэльную зброю, але нават не захоўвалі яе бяспечна.

Рэкамендацыі пракурора па вынясенні суровага прысуду былі заснаваныя на тым, што Крамблі абвінавачвалася ў чатырох выпадках ненаўмыснага забойства, калі смерць кожнага вучня разглядалася як асобнае злачынства.

Перад вынясеннем прысуду прадстаўнік абвінавачання зачытаў расшыфроўку тэлефоннага званка, які Джэймс зрабіў з турмы. Яна была поўная ненарматыўнай лексікі і пагроз у адрас галоўнага пракурора.

На гэта яго адвакаты заявілі, што іх кліент проста «выплюхнуў» эмоцыі, таму і выкарыстаў «гнеўныя» і «непаважлівыя» выразы.

Пазней бацька Ітана падкрэсліў, што шкадуе аб тым, што адбылося і што яму хацелася б, каб у мінулым ён дзейнічаў па-іншаму.

У дзень стральбы бацькі Ітана былі выкліканыя ў школу. Настаўнікі хацелі абмеркаваць з імі вельмі трывожны малюнак, зроблены іх сынам. Аднак яны перапынілі размову, заявіўшы, што ім трэба ісці на працу, і адправілі сына назад у клас.

Настаўнікі нават не праверылі заплечнік, дзе ляжаў пісталет.

Незалежнае расследаванне, апублікаванае ў мінулым годзе, выявіла шматлікія парушэнні ў працы школы, уключаючы рашэнне дазволіць Ітану вярнуцца ў клас.

Каментары

Маладой айцішніцы пагражае да дзесяці гадоў калоніі за ахвяраванні Украіне

Маладой айцішніцы пагражае да дзесяці гадоў калоніі за ахвяраванні Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

Латвія з 16 ліпеня забараняе ўезд машын з беларускімі нумарамі 3

Лідзія Ярмошына пра свае страхі ў 2020: З парламента прабіралася чорнымі хадамі11

У часе буры моцна пацярпелі птушкі. Адзіны ў краіне прытулак для іх не дае рады — яму патрэбная дапамога

Украінскія амбіцыі мець F-16 разбіваюцца аб моўны бар'ер, узлётна-пасадачныя палосы і запчасткі — Bloomberg29

Церцель заявіў, што Украіна адвяла войскі ад беларускай мяжы яшчэ 3—4 ліпеня1

«Ау! Куды вы зніклі?» Як мінчанка перайграла кватэрных аферыстаў

Без электрычнасці застаецца 851 населены пункт Гомельскай вобласці. У Мазыры няма святла, вады, не працуюць прадпрыемствы

Яшчэ адна ахвяра непагадзі: у Магілёўскім раёне загінула 5-гадовая дзяўчынка

На беларуска-літоўскай мяжы упершыню за доўгі час з'явілася чарга з аўтобусаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Маладой айцішніцы пагражае да дзесяці гадоў калоніі за ахвяраванні Украіне

Маладой айцішніцы пагражае да дзесяці гадоў калоніі за ахвяраванні Украіне

Галоўнае
Усе навіны →