У 94 гады памёр брытанскі навуковец, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы Пітэр Хігс, які прадказаў існаванне часціцы базона. Пра яго смерць паведаміў Эдынбургскі ўніверсітэт, дзе Хігс быў ганаровым прафесарам.
«Стала вядома, што прафесар Пітэр Хігс памёр ва ўзросце 94 гадоў. Ён мірна пайшоў з жыцця ў сябе дома ў панядзелак, 8 красавіка, пасля непрацяглай хваробы», — гаворыцца ў паведамленні на сайце ўніверсітэта.
Хігс ў 1964 годзе выказаў здагадку пра існаванне новай часціцы — базона. Праз амаль паўстагоддзя гэта было пацверджана на практыцы ў ходзе даследаванняў на Вялікім адронным калайдары. Саму часціцу ў выніку назвалі ў гонар брытанскага фізіка.
У 2013 годзе Хігсу сумесна з бельгійцам Франсуа Энглерам, разам з якім ён зрабіў прадказанне аб існаванні базона, была прысуджаная Нобелеўская прэмія. У абгрунтаванні рашэння аб прысуджэнні прэміі гаварылася, што яна даецца за «тэарэтычнае прадказанне механізму, які дапамагае разумець паходжанне масы субатамных часціц, існаванне якога было даказана выяўленнем прадказанай элементарнай часціцы ў Вялікім адронным калайдары ЦЕРН».
Пітэр Хігс быў таксама лаўрэатам шмат якіх іншых прэстыжных прэмій і ўзнагарод, таксама ён з'яўляўся членам навуковых Каралеўскага таварыства Эдынбурга і Лонданскага каралеўскага таварыства.
Каментары