Грамадства

«Я прасіў іх біць меней, бо ў мяне не згортваецца кроў». Палітвязень са складаным дыягназам расказаў, як перажыў арышт, СІЗА і калонію

Аляксей Галоўкін — IT-інжынер з Гродна. У дзяцінстве яму паставілі складаны дыягназ — гемафілічная поліартрапатыя. Ён скончыў фізматшколу з залатым медалём, але ў 2020 годзе прынёс свае граматы і медалі ў школу, так выказаўшы пратэст. Неўзабаве яго затрымалі і асудзілі на тры гады пазбаўлення волі.

Цяпер Аляксей вызваліўся і жыве ў лагеры для бежанцаў у Швейцарыі, чакаючы рашэння міграцыйнай службы. Ён распавёў «Вясне» пра час у гродзенскім СІЗА і бабруйскай калоніі №2, медыцынскую дапамогу, пра бібліятэку і адмысловы атрад, у якім ён знаходзіўся ў зняволенні.

Першыя пратэсты — у 2011 годзе

Нягледзячы на тэрмін і эміграцыю, палітвязень не шкадуе, што выказаў пратэст. У першы раз — на маўклівых акцыях у 2011 годзе, за якія атрымаў адміністрацыйны штраф. Пасля — летам 2020 года, яшчэ да выбараў.

— Паміж гэтымі падзеямі я не пратэставаў актыўна, — распавядае Аляксей. — Жыў як нармальны чалавек, які паважае сябе. Напрыклад, адмаўляўся здаваць адбіткі пальцаў падчас абавязковай дактыласкапіі, праз што шмат крыві выпіў у міліцыі.

Калі працаваў па размеркаванні — не ўступаў у аб'яднанні, не выпісваў газеты, не хадзіў на мітынгі. Таму ўвесь час прасядзеў на голым акладзе — нешта каля 100 даляраў у месяц.

Але ў 2020 годзе, калі пачаліся зборы подпісаў за кандыдатаў, палітвязень вырашыў, што хоча актыўна выказаць сваю пазіцыю.

— Я падумаў, што будзе нядрэнна праз інтэрнэт трошкі папсаваць настрой міліцыянтам, — тлумачыць ён. — Я пачкамі ствараў пустыя старонкі «ВКонтакте» і «Аднакласніках» і раздаваў іх людзям. Вядома, я разумеў, чым займаюся, гэта не было выпадковасцю.

Але я думаў, што абмяжуюся штрафам, як і ў 2011 годзе. Але потым на судзе мне «прыляцела» не толькі за мае каментары, але і за тыя, якія пісалі іншыя людзі з усіх тых старонак.

Затрыманне

Акрамя таго, Аляксей хадзіў на акцыі пратэсту, але затрымалі яго толькі ў пачатку снежня 2020 года, у двары ўласнага дома.

— Яны не хацелі, каб я паспеў выдаліць звесткі з камп'ютара, — тлумачыць мужчына. — У двары да мяне падбеглі ззаду, ударылі па назе, начапілі кайданкі і сказалі, што мне канец. Затым пасадзілі ў мікрааўтобус, нацягнулі капюшон, каб не бачыў, куды мы едзем, і адвезлі на размову «па душах».

Падчас допыту Аляксея збівалі, хоць ён папярэджваў пра сваё захворванне.

— Я прасіў іх біць меней, бо ў мяне не згортваецца кроў, — успамінае ён. — Гэта не паўплывала на паводзіны. Так працягвалася пару гадзін, допыт складаўся з пастаянных пагроз, крыкаў і рукапрыкладства. Асабліва ў нашай міліцыі любяць пагражаць на сэксуалізаваныя тэмы — што са мной незразумела што адбудзецца ў турме. Дапытвала чалавек шэсць, памятаю, што прозвішча аднаго з іх — Мяцеліца. Але яны ўвесь час бегалі туды-сюды, мяняліся, у такой мітусні складана выяўляць вытрымку.

Пасля допыту супрацоўнікі адвезлі Аляксея дадому — забраць усю тэхніку, пачынаючы ад паламаных навушнікаў, заканчваючы камп'ютарам бацькоў. Бацькам не далі ніякіх дакументаў аб выемцы тэхнікі, а Аляксея адвезлі ў ІЧУ, дзе яго чакала цяжкая ноч.

— Ужо позна ўвечары я адчуваў, што пасля збіцця пад скуру пачынае ісці кроў — на галаве, на плячах, на спіне, на назе, — кажа ён. — Я не спаў усю ноч, бо гэта даволі балючы стан. Калі я зразумеў, што не магу наступаць на нагу, папрасіў сукамерніка, каб ён выклікаў супрацоўніка. Ён не прыходзіў гадзіну, мне рабілася ўсё горш.

А калі нарэшце прыйшоў лекар, пачаў пытацца: «Якая гемафілія? Не трэба было каментары ў інтэрнэце пісаць». У выніку даў таблетку нейкага анальгіну і сышоў. Але боль стала мацней, я пачаў губляць кроў, і губляць прытомнасць. У выніку хуткую выклікалі толькі пад канец другога дня. Прычым мянты пачалі вельмі баяцца, каб я нічога ім не ляпнуў: яны баяліся, што хуткая мяне забярэ і пра збіццё стане вядома.

Але супрацоўнікі хуткай маўчалі, былі даволі спалоханыя, а нейкі лекар з РУУС распавядаў ім: «Ведаеце, што ён рабіў? Ён каментары пісаў супраць нашай улады!»

«Мне «пашанцавала»: у мяне інваліднасць»

Пасля трох сутак у ІЧУ Аляксея адправілі ў гродзенскае СІЗА, дзе ён быў прыкладна паўгода да этапавання ў калонію. Ён распавядае, што там былі агідныя, нечалавечыя ўмовы ўтрымання.

— Зімой там вельмі холадна, летам — душна і вільготна, — кажа палітвязень. — У невялікай камеры сядзіць 10 чалавек, усе сціраюць, развешваюць вопратку, фактычна ты знаходзішся ў лазні круглыя суткі. Тады пошта хадзіла яшчэ вельмі добра, на мой дзень нараджэння прыходзіла 10-20 лістоў у дзень, а потым — у студзені 2022 года — лісты не ад сваякоў перасталі прапускаць. Але я разумеў, што гэта не людзі перасталі пісаць, а мянты перасталі аддаваць лісты. Яшчэ да суда мяне прызналі палітвязнем: адчуванні былі такія, нібы я атрымаў грамату ў школе за добрыя паводзіны.

Аляксей распавядае, што СІЗА і калонія — два цалкам розныя сусветы. У калоніі прасцей падтрымліваць здароўе, нармальна харчавацца, свежае паветра, але калі ты палітвязень, прыйдзецца «крыху пацярпець».

— У бабруйскай калоніі палітвязняў пастаянна пазбаўляюць пасылак, спатканняў, — успамінае Аляксей. — Ты ўвесь час сядзіш і чакаеш у напружанні, калі да цябе дакалупаецца нейкі мент. Мне «пашанцавала»: у мяне інваліднасць, таму мяне хаця б не саджалі ў ШІЗА, іншыя палітычныя адтуль не вылазілі. Па плане іх адпраўляюць туды прыкладна кожныя тры месяцы.

Аляксей трапіў у «інвалідскі», як яго называюць у калоніі, атрад. Там знаходзяцца людзі з праблемамі з фізічным і псіхалагічным здароўем і пенсіянеры па ўзросце.

— У такіх атрадах ёсць вялікі плюс, — адзначае мужчына. — Туды мянты практычна не лезуць з усялякімі праверкамі, і нават калі зоймуцца і нешта знойдуць, наўрад ці будуць наступствы. Але праз тое, што мянты не хочуць пэцкаць рукі аб «інвалідаў» і старых, то ўсю ўладу яны дэлегуюць так званаму «актыву» — на слэнгу іх называюць «казлы». Гэта зэкі, якія робяць усё, што ім скажа міліцыя. Калі не памыляюся, яны нават па паперах праходзяць як давераныя асобы МУС. Яны адказваюць за ўсё ў гэтым атрадзе, разводзяць людзей на грошы і прадукты. Яны нічым не занятыя, калі мянты сказалі не даваць камусьці жыцця — яны так і зробяць.

Праблема ў тым, што ў актывістаў пастаянна трэба нешта прасіць: нешта памыць, запісацца да лекара або ў чаргу ў краму.

— Калі ты не падабаешся, цябе могуць запісаць апошнім, будзеш тры-чатыры гадзіны стаяць у чарзе ў краму пад дажджом, снегам або спякотай, — кажа Аляксей Галоўкін. — Паасобку гэта ўсё дробязі, але калі гэта паўтараецца ўвесь час, гэта даволі непрыемна. Але я стараўся сядзець «па-разумнаму» і ні з кім не канфліктаваць, калі была такая магчымасць. Мне трэба было раз на тыдзень хадзіць у санчастку рабіць укол, каб згортвалася кроў. У нас быў вельмі шкодны дзядзька-актывіст, але праз паўгода я з ім пасябраваў. Калі бачыў, што я кульгаю мацней звычайнага, сам падыходзіў і прапаноўваў адвезці ў санчастку. Але за два месяцы да майго вызвалення лекі скончыліся, тады начальніца санчасткі мне сказала: «Хутка на волю пойдзеш — там палекуешся». Гэта быў мой рэкорд: два месяцы без уколу.

Санчастка і праца за 50 капеек

Палітвязень распавядае, што ў санчастцы працаўнікі ставіліся да зняволеных як да «буйной рагатай жывёлы».

— Там лечаць роўна настолькі, каб чалавек не памёр, — кажа Аляксей. — Бо інакш трэба будзе шмат папер складаць, час траціць. Такое стаўленне адчуваецца, таму што шмат людзей хоча трапіць у санчастку, і часта незразумела, у каго рэальная праблема, а хто проста хоча адкасіць ад працы. Таму людзі, напрыклад, з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы ходзяць на працу, хоць многія ледзь ногі цягнуць.

Аляксей распавядае, што ягоны атрад не хадзіў на працу. Для астатніх зняволеных яна заключалася ў тым, што трэба было «драць гуму»: выцягваць дрот са старых аўтамабільных пакрышак. Сродкаў індывідуальнай абароны пры гэтым не давалі, заробак пасля выліку грошай на харчаванне і ўтрыманне складаў 50-70 капеек у месяц.

— Паколькі я не хадзіў на працу, то цэлымі днямі чытаў кніжкі, — усміхаецца палітвязень. — Бібліятэка там добрая: яе фармуюць не толькі са старых запасаў ПТВ і школ, але і з таго, што замаўляюць самі палітвязні. З прачытанага там мне запомнілася «Мастацтва зневажаць» Няўзорава — яе прапусцілі нейкім цудам. Але тады яшчэ не было такіх абмежаванняў, а ўзровень інтэлекту сярэдняга мянта ў Беларусі не вельмі высокі. Таму такую кніжку яны прапусцілі, а «Барацьбу за ўладу» Ніцшэ — не, таму што назва не вельмі добрая.

Аляксей Галоўкін распавядае, што пасля зняволення ў людзей часта развіваецца цынізм і недаверлівасць, бо там ты не разумееш, хто хоча табе дапамагчы, а хто — рэальна гатовы прапанаваць дапамогу. Але і добрых людзей там сустракаюць. Адным з такіх для Аляксея стаў Вітольд Ашурак.

— Мне пашанцавала: я пражыў у адной камеры з ім некалькі месяцаў, — усміхаецца палітвязень. — Гэта выдатны, вельмі разумны, культурны, інтэлігентны чалавек. Ён звяртаўся на «вы» да ўсіх, нават да 18-гадовых хлопцаў.

Вітольд цэлы дзень пісаў лісты, казаў, што адказаць кожнаму — гэта яго абавязак і праца. Ён быў вялікім аптымістам, баяўся, што яму дадуць менш за пяць гадоў. Казаў, будзе неяк непрыстойна. Я неяк сказаў услых фразу «рабі што мусіш — будзь што будзе», і ён сказаў, што яму яна вельмі падабаецца і нават напісана ў яго на фэйсбуку ў статусе. Ён сказаў, добра, што я яе ўспомніў, што так жыць і трэба. Яна яго цалкам характарызуе.'

Мы з ім вельмі шмат размаўлялі на сур'ёзныя і бытавыя тэмы: ад гісторыі ВКЛ да таго, якая бульба лепш — вараная або смажаная. Вітольду вельмі падабаліся супы, якія давалі ў СІЗА, і я часта аддаваў яму свой. Ён казаў, што паціснуў бы руку хлопцу, які варыць гэтыя супы, — настолькі было смачна. Такі выбітны чалавек быў вялікім нават у дробязях.

Каментары

Мінск сёння амаль цалкам пайшоў пад ваду ФОТЫ9

Мінск сёння амаль цалкам пайшоў пад ваду ФОТЫ

Усе навіны →
Усе навіны

Самалёт AirBaltic з-за буры заляцеў у паветраную прастору Беларусі7

Гісторыя вялікага кахання і вялікай адзіноты жонкі Лукашэнкі15

Музыку Ігара Банцара вызвалілі з-пад варты9

Нацыі — гэта архаізм, і трэба перагарнуць старонку? Зусім не, сцвярджае польскі прафесар9

Чаму расійскія дроны сталі часцей залятаць у Беларусь?6

Фінскія і шведскія пілоты перахапілі расійскія знішчальнікі над Балтыйскім морам

У Мазыры байцоўскі сабака пакусаў двух дзяцей1

У Расіі сканчваюцца велізарныя запасы савецкай зброі. Магчыма, ёй давядзецца згарнуць наступальныя дзеянні22

Выходзіць з друку кніга пра легендарны рок-гурт «Нейра Дзюбель». Адкрыты папярэдні заказ1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінск сёння амаль цалкам пайшоў пад ваду ФОТЫ9

Мінск сёння амаль цалкам пайшоў пад ваду ФОТЫ

Галоўнае
Усе навіны →