Меркаванні4343

Другога шанцу ні Украіне, ні Беларусі Пуцін не пакіне. Што чакае акупаваныя тэрыторыі, калі Кіеву не ўдасца іх адбіць

Спачатку — узброены захоп і анексія, потым — татальная русіфікацыя ўсіх сфераў жыцця, знішчэнне ўсіх нацыянальных адметнасцяў. Тое, што адбываецца на Данбасе і на іншых акупаваных тэрыторыях Украіны, магло і можа адбыцца і ў Беларусі, піша Віктар Багдзевіч на сайце Радыё Свабода.

Уладзімір Пуцін. Sergey Guneyev Sputnik Kremlin Pool Photo via AP File

Калі Ўкраіне ня ўдасца ў агляднай пэрспэктыве вярнуць, адваяваць акупаваныя пуцінскай Расеяй тэрыторыі, шанцы на вяртаньне іх калі-небудзь у аддаленай будучыні пад крыло Кіева стануць прывіднымі. Тое, што адбываецца на працягу апошніх гадоў на так званых «новых тэрыторыях» — у акупаваных пяці ўкраінскіх абласьцях — сьведчыць пра тое, што акупацыйныя ўлады ставяць за мэту не пакінуць у іх нічога ўкраінскага. Другой (прарасейскай, паслухмянай, ляяльнай Маскве, аўтаномнай у складзе РФ) Украіны на акупаваных тэрыторыях яўна ня будзе: Пуцін гэтага не дапусьціць.

Пуцін улічыў савецкі досьвед існаваньня нацыянальных ускраін, які лічыць памылковым: ніякіх заляцаньняў, паслабленьняў, уліку нацыянальнай самасьвядомасьці іншародцаў не назіраецца — толькі непрыхаваны брутальны, жорсткі імпэрскі падыход. Дэманстратыўнае вяртаньне да імпэрскіх прынцыпаў і практык. І ўсё гэта ў той ці іншай форме можа паўтарыцца і ў Беларусі.

Як украінцаў ператвараюць у расейцаў

Русыфікацыя на Данбасе і ў Крыме пачалася адразу пасьля акупацыі ў 2014 годзе. Хоць спачатку, да непасрэднага расейскага ўварваньня, адбывалася параўнальна мякка і паступова. Напрыклад, на першым часе яшчэ заставаліся ўкраінскія клясы, захоўвалася вывучэньне ўкраінскай мовы і літаратуры. Але ў 2016 годзе ў «ДНР» было абвешчана, што ахвотных вучыцца па-ўкраінску нібыта больш няма, а таму ўсе ўкраінскія клясы закрываюцца.

Разбураны будынак тэатра ў Марыупалі

З таго часу навучаньне ва ўсіх без выключэньня школах Данбаса вядзецца толькі на расейскай мове, па расейскіх жа праграмах і падручніках, аддрукаваных і прывезеных з РФ. У 2017-м украінская мова была выключана са сьпісу абавязковых дысцыплін дзяржаўнай выніковай атэстацыі. Тады ж на расейскую мову перавялі ня толькі школы, але і ўсе іншыя навучальныя ўстановы Данбаса. У 2020-м украінскую мову ў «ДНР» пазбавілі статусу дзяржаўнай. Адначасова ўвесь гэты час паўсюль зьнішчалі ўкраінскія назвы і надпісы, разбуралі і зносілі помнікі ўкраінскім дзеячам.

Гэта пры тым, што, згодна з апошнім перапісам насельніцтва, этнічнымі ўкраінцамі ў Данецкай вобласьці лічылі сябе амаль 57 працэнтаў жыхароў, а роднай мовай назвалі ўкраінскую больш як 24 працэнты.

Данецкі досьвед для Херсона і Запарожжа

На акупаваных пасьля 24 лютага 2022 года тэрыторыях Запароскай і Херсонскай абласьцей адбываецца нешта падобнае, толькі значна больш шпаркімі тэмпамі. Напрыклад, на Херсоншчыне ўсе школы былі пераведзены на расейскую мову навучаньня ўжо з 1 верасьня 2022 года. Украінская захавалася сям-там толькі як спэцкурс ці як асобныя рэдкія ўрокі роднай мовы. Што адметна: паводле перапісу 2001 года, украінскую мову як родную назвалі 73,2 працэнта жыхароў вобласьці.

У акупаваных раёнах Запароскай вобласьці абавязковае вывучэньне ўкраінскай мовы было адменена з 1 верасьня 2023 года. Мова застанецца як прадмет па выбару для тых, хто падасьць адпаведную заяву. Усе ўкраінамоўныя школы там таксама цалкам пераведзеныя на расейскую мову навучаньня.

Расейскі пашпарт як знак ляяльнасьці і як позва на вайну

Праводзіць татальную русыфікацыю да 2022 года акупацыйным уладам было значна прасьцей, чым пасьля пачатку паўнамаштабнай вайны. Можна было спакушаць мясцовых жыхароў расейскімі заробкамі і пэнсіямі (тады значна больш высокімі, чым ва Ўкраіне), магчымасьцю, вучобы ў прэстыжных ВНУ ў буйных расейскіх гарадах, свабоднага выезду на заробкі ў «грашовыя» рэгіёны (на маскоўскія будоўлі ці нафтавыя радовішчы Цюмені).

Gavriil Grigorov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Пасьля лютага 2022 года прывабнасьць аблічча «новай радзімы» і «роднай гавані» значна паблякла. Найперш таму, што насельнікаў гэтых тэрыторый пачалі прымусова мабілізоўваць у расейскую армію і накіроўваць на фронт. Паводле зьвестак Мінабароны Расеі, з 300 тысяч мужчын, мабілізаваных увосень 2022 года для ўдзелу ў вайне супраць Украіны, 80 тысяч было набрана на акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласьцей.

Дзеля гэтага людзей змушаюць прымаць расейскае грамадзянства. Паводле новага расейскага заканадаўства, тыя жыхары акупаваных тэрыторый, якія не атрымаюць расейскіх пашпартоў да ліпеня 2024 года, будуць лічыцца «іншаземцамі альбо асобамі без грамадзянства» і іх належыць дэпартаваць.

У так званай «ДНР» стараньнямі кіраўніка акупацыйнай адміністрацыі Пушыліна ўжо распрацоўваюць праекты цэнтраў утрыманьня «іншаземных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства, якія падлягаюць адміністрацыйнаму выдварэньню за межы тэрыторыі РФ, дэпартацыі альбо рэадмісіі». Такім чынам, тых, хто прынцыпова не пагодзіцца з акупацыяй, адмовіцца атрымліваць расейскі пашпарт, чакае прымусовае высяленьне.

Калі зыходзіць з нормаў міжнароднага права, краіна-акупант павінна выконваць адносна акупаванага насельніцтва шэраг правілаў і абмежаваньняў. У прыватнасьці, нельга зьмяняць іхнае грамадзянства, нельга прымусова вывозіць на іншую тэрыторыю, нельга засяляць акупаваныя тэрыторыі ўласным насельніцтвам. Іншымі словамі, становішча цывільнага насельніцтва павінна быць там замарожана. У рэальнасьці ўсе гэтыя нормы парушаюцца. Пуцін ужо атрымаў крымінальную справу за адно са злачынстваў — прымусовы вываз украінскіх дзяцей і ўсынаўленьне іх у расейскіх сем’ях. Але гэта толькі адно з многіх злачынстваў. Прымус, гвалт, культурная і моўная асыміляцыя, ваенная індактрынацыя — усё гэта стала будзённай практыкай на акупаваных тэрыторыях.

Пуцін выконвае сваю пагрозу

Усё апісанае вышэй — роўна тое, пра што папярэджваў і што абяцаў Пуцін украінцам у сваім звароце напярэдадні ўварваньня ва Ўкраіну: «Вы хочаце дэкамунізацыі? Нам гэта таксама цалкам пасуе, але ня трэба спыняцца на паўдарозе. Мы гатовы паказаць вам, што азначае для Ўкраіны сапраўдная дэкамунізацыя». На нашых вачах адбываецца рэалізацыя ягонага тэзісу пра тое, што «Ўкраіна ў цяперашнім яе разуменьні цалкам створаная бальшавіцкай, камуністычнай Расеяй, часткі тэрыторыі Расеі перадавалі Ўкраіне разам з расейскім насельніцтвам». І тая «дэкамунізацыя» ў трактоўцы Пуціна — гэта адкручваньне кола гісторыі назад, вяртаньне да таго «дабальшавіцкага» стану, калі ва ўкраінцаў на гэтых землях не было нічога — ні ўкраінамоўнай адукацыі, ні палітычнай аўтаноміі, ні кніг і газэт на ўкраінскай мове, ні помнікаў нацыянальным дзеячам, ні ўкраінскай мовы ў афармленьні гарадзкіх вуліц. Нічога!

Гэта тэма даўно не дае спакою Пуціну. Ленінская палітыка «каранізацыі» і права нацыянальных рэспублік на выхад з СССР — вось што, на ягоную думку, заклала пад імпэрыю «міну запаволенага дзеяньня». Пра гэта ён выказваўся і ў сваім праграмным артыкуле «Аб гістарычным адзінстве рускіх і ўкраінцаў» (12 ліпеня 2021), і ў сёлетнім лютаўскім інтэрвію амэрыканскаму журналісту Карлсану.

У артыкуле, у прыватнасьці, Пуцін пісаў:

«Пад выглядам барацьбы з так званым расейскім вялікадзяржаўным шавінізмам украінізацыя часьцяком навязвалася тым, хто сябе ўкраінцам ня лічыў. Менавіта савецкая нацыянальная палітыка — замест вялікай рускай нацыі, трыадзінага народа, які складаўся зь велікаросаў, маларосаў і беларусаў, — замацавала на дзяржаўным узроўні палажэньне аб трох асобных славянскіх народах: расейскім, украінскім і беларускім».

У інтэрвію Карлсану ён таксама зьвяртаў увагу на гэту тэму:

«…На працягу многіх дзесяцігодзьдзяў у складзе СССР Украінская ССР разьвівалася і бальшавікі, таксама зь незразумелых прычынаў, займаліся ўкраінізацыяй. Ня толькі таму, што там былі выхадцы з Украіны, у кіраўніцтве Савецкага Саюзу, але ў цэлым была такая палітыка — «каранізацыя» яна называлася. Гэта датычыла Ўкраіны і іншых рэспублік. Укараняліся нацыянальныя мовы, нацыянальныя культуры, што ў прынцыпе, вядома, і нядрэнна. Але такім чынам стваралася савецкая Ўкраіна».

Тое, што адбываецца на акупаваных тэрыторыях цяпер — гэта спроба адкруціць назад кола часу, згарнуць, зьнішчыць усё тое, што было створана, пабудавана, выхавана і выгадавана за дзесяцігодзьдзі існаваньня Ўкраіны на гэтых землях.

«Саветызацыя» па-сталінску

Тое, якім чынам адбываецца імпэрскае «асваеньне» чужых тэрыторый, не вынаходка Пуціна. Тут расейскі рэжым абапіраецца на багаты досьвед сваіх папярэднікаў, напрацаваны ў свой час савецкімі НКВД і МГБ у краінах Балтыі, у Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне, а таксама ў Малдове. Тады, у 1939-1940-м, а таксама ў першыя пасьляваенныя гады, гэта называлася «саветызацыяй». І гэта тое, з чым маюць (ці ў блізкай пэрспэктыве будуць мець) справу насельнікі акупаваных абласьцей Украіны.

Арганізаваны ўладамі СССР мітынг у захопленай Латвіі, 1940. Фота: Wikimedia Commons

Адзін зь першых крокаў — рэпрэсіі ў дачыненьні да нацыянальнай інтэлігенцыі, былых дзяржслужбоўцаў, паліцэйскіх, вайскоўцаў. Трагічнай старонкай для жыхароў акупаваных тэрыторый стала «Чэрвеньская дэпартацыя» 1941 года, перад самым пачаткам вайны: у савецкіх дакумэнтах гэта падавалася як «ачыстка ад антысавецкага, крымінальнага і сацыяльна небясьпечнага элемэнта (ворагаў народу і іхных сем’яў)» — сэрыя дэпартацый з 22 траўня па 20 чэрвеня 1941 года.

Гэта быў пакутніцкі шлях дзясяткаў тысяч сем’яў. З Эстоніі тады было вывезена 10 тысяч чалавек, з Латвіі — 15,5 тысячы, зь Літвы, Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і Малдовы — каля 30 тысяч.

Наўзамен Масква арганізавала «дапамогу кадрамі маладым савецкім рэспублікам» — перасяленьне з тэрыторыі СССР рознага кшталту начальнікаў, а таксама настаўнікаў, вайскоўцаў, супрацоўнікаў спэцслужбаў і міліцыі. Многія зь іх найперш заняліся масавым раскраданьнем і вывазам «на радзіму» маёмасьці, якая засталася пасьля рэпрэсаваных… Яны ж занялі многія ключавыя кіраўніцкія пасады ў адміністрацыі на акупаваных тэрыторыях.

Пасьля вайны, у 1949 годзе, Масква арганізавала яшчэ адну хвалю дэпартацыі нядобранадзейных жыхароў Літвы, Латвіі і Эстоніі ў Сібір — правяла так званую апэрацыю «Прыбой», у працэсе якой выселілі яшчэ 100 тысяч чалавек.

Савецкія войскі акупуюць Рыгу. Фота: istpravda.com.ua

Русыфікацыя акупаваных тэрыторый праводзілася, але яна не была татальнай. У новаствораных рэспубліках савецкай Прыбалтыкі Масква ўвогуле старалася дзейнічаць асьцярожна, абачліва. Балтыйскім народам, зважаючы на іхную блізкасьць да Эўропы, дазвалялася значна больш свабоды ў разьвіцьці нацыянальных моў і культур, палітычнай і гаспадарчай аўтаноміі, чым іншым саюзным рэспублікам. У выніку, калі ў канцы 80-х гадоў СССР аслабеў і зьявілася «акно магчымасьцяў», і Літва, і Латвія, і Эстонія мелі практычна ўсё патрэбнае, каб у сьціслыя тэрміны адрадзіць незалежнасьць. І цяпер Пуцін зрабіў выснову з таго досьведу. Ва Ўкраіне, выкарыстоўваючы той досьвед, ён дзейнічае зусім інакш: ніякай «каранізацыі» Масква тут больш не дапусьціць.

Нават калі нейкім цудам Украіне ў будучыні ўдасца вярнуць (адваяваць ці дамагчыся вяртаньня дыпляматычным шляхам) гэтыя тэрыторыі, ёй усё роўна дзеля іх інтэграцыі давядзецца сутыкнуцца зь вялізнымі цяжкасьцямі. Амаль нічога ўкраінскага там не застанецца. Вынік акупацыі па-пуцінску: ліквідаваная сыстэма нацыянальнай адукацыі, зьнішчаныя ўсе нацыянальна-культурныя інстытуты, русыфікаванае насельніцтва, сотні тысяч пераселеных з Расеі чыноўнікаў, вайскоўцаў, паліцэйскіх, спэцслужбістаў. Імпэрыя пускае там карані на дзесяцігодзьдзі і стагодзьдзі наперад.

Беларусам варта глядзець у гэтае люстэрка хаця б дзеля таго, каб прадбачыць, якую будучыню імпэрыя рыхтавала і працягвае рыхтаваць ім.

Каментары43

  • Не политика
    06.04.2024
    Господи, смешно читать такие статьи. Писаки- журналисты каторые не разбираются абсолютно ни вчем лезут в большую политику, пишите про грязных коров и плохие дороги в РБ у вас это лючше получается. Хотя да, зарплату вам приходится отрабатывать.
  • Лансер
    06.04.2024
    Не политика, эпично у тебя бомбануло. Значит, правду про вас написали.
  • .!.
    06.04.2024
    [Рэд. выдалена]

«50 гадзін у апошняй дыктатуры Еўропы». У Беларусь прыехалі мегапапулярныя блогеры з ЗША і Канады — вось навошта8

«50 гадзін у апошняй дыктатуры Еўропы». У Беларусь прыехалі мегапапулярныя блогеры з ЗША і Канады — вось навошта

Усе навіны →
Усе навіны

Борыс Джонсан расказаў, у чым змест мірнага плана Дональда Трампа па Украіне7

Лукашэнка: Мы «кінулі якар» у Расіі і Кітаі, але трэба знаходзіць шляхі супрацоўніцтва і з ЕС4

«У Беларусь Крыгер заехаў турыстам». З'явіліся новыя падрабязнасці пра немца, прысуджанага да расстрэлу12

Намеснік кіраўніка МЗС Польшчы назваў тры ўмовы нармалізацыі адносін з Мінскам9

За «абразу прадстаўніка ўлады» мастачцы з Полацка прызначылі прымусовае лячэнне. Яна вярнулася з Польшчы3

«З лёгкім ветрам» і «Нарэшце, бро» — што пішуць Байдэну ў твітары

Стрыжак расказаў, ці ўзяў бы мільён даляраў ад Чыжа6

У Беларусі з'явіцца нацыянальны відэахостынг — видео.бел 10

Джэй Ло перастала насіць заручальны пярсцёнак. Канец гісторыі кахання

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«50 гадзін у апошняй дыктатуры Еўропы». У Беларусь прыехалі мегапапулярныя блогеры з ЗША і Канады — вось навошта8

«50 гадзін у апошняй дыктатуры Еўропы». У Беларусь прыехалі мегапапулярныя блогеры з ЗША і Канады — вось навошта

Галоўнае
Усе навіны →