Грамадства1717

25 гадоў таму раптоўна памёр Генадзь Карпенка. Ці была б Беларусь іншай, калі б ён не пайшоў з жыцця?

Мэр Маладзечна, які зрабіў з яго «Горад сонца», збіраўся балатавацца ў прэзідэнты і быў ініцыятарам імпічменту Лукашэнку.

Генадзь Карпенка. Архіўнае фота

6 красавіка спаўняецца 25 гадоў з дня смерці палітыка і навукоўцы. Ці магла б Беларусь стаць іншай, калі б ён не пайшоў з жыцця ва ўзросце 49 гадоў, піша Радыё Свабода.

Генадзь Карпенка нарадзіўся 17 верасьня 1949 году ў Менску. Яго маці Вера Розум родам са Смалявічаў. Калі ёй было 14, яе бацьку, простага будаўніка, савецкія ўлады асудзілі на 10 гадоў. Падчас вайны яна трапіла ў канцлягер у Нямеччыне. Маці будучага палітыка брала заказы і шыла ад вечара да ранку. Бацька, Дзьмітры Карпенка — родам зь Ленінграда, зь сям’і дыпляматаў. Быў вельмі адукаваным і інтэлігентным чалавекам, працаваў майстрам на Менскім роварным заводзе. Сям’я жыла спачатку ў камуналцы, потым у аднапакаёвай кватэры на вуліцы Нахімава ў раёне аўтазаводу.

Брат Аляксандар успамінаў, што Генадзь зь дзяцінства меў арганізатарскія здольнасьці і яшчэ ў 4-й клясе стварыў бізнэс.

«Суседка падарыла нам фільмаскоп, і брат пачаў праводзіць сэансы для дзяцей з нашага двара. Білеты прадаваў па 5-10 капеек, а на атрыманыя грошы купляў для гледачоў крэслы. Расклад сэансаў у нашай хаце ведала ўся вуліца.

Потым у 7 ці 8 клясе Гена прыдумаў ачысьціць пляцоўку пад зьнесенымі побач з намі баракамі і зрабіць там футбольнае поле. Мы паставілі браму, і паміж дварамі пачаліся спаборніцтвы. Усе скідваліся на прызы, пераможцы атрымлівалі цукеркі. З нашага двара, дарэчы, у вялікі футбол трапіў Сяргей Бароўскі — будучы чэмпіён СССР 1982 году і галоўны трэнэр зборнай Беларусі», — успамінаў брат.

Пасьля школы Генадзь паступіў у Беларускі політэхнічны інстытут. Студэнтам пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Людмілай, якая вучылася ў «наргасе» (гэта адбылося ў чарзе па квіткі ў кінатэатар «Мір»). На чацьвёртым курсе яны пажаніліся.

Яшчэ адну гісторыю, зьвязаную з футболам, успамінае журналіст Уладзімір, які некалі працаваў у газэце «Фізкультурнік Беларусі».

«Шмат хто ведае, што Генадзь добра гуляў у футбол, быў таленавітым брамнікам. Але мала хто — што ён кінуў гуляць футбол і перайшоў у даволі юным узросьце ў футбольныя арбітры. Таму што ў сям’і грошай не хапала. Футболам трэба было займацца ўсур’ёз і ўсё кідаць. А ён гэтага не хацеў. Судзейства прыносіла грошы. Пяць гульняў адсудзіў — і купіў сабе абутак», — успамінае суразмоўца.

Генадзь Карпенка на паседжаньні Вярхоўнага Савету, архіўнае фота

Праз шмат гадоў, калі Генадзь Карпенка стаў мэрам Маладэчна, у горадзе зьявілася футбольная каманда «Мэталюрг», якую трэнаваў той самы Сяргей Бароўскі. Пабудавалі новы стадыён. Калі ў Менску «Дынама» ператварылася ў барахолку, некаторыя міжнародныя матчы праводзіліся ў Маладэчне.

У 32 гады — кандыдат навук, у 40 — доктар, у 44 — ляўрэат Дзяржпрэміі

Яшчэ студэнтам Генадзь Карпенка вечарамі і начамі сядзеў у лябараторыі, дасьледаваў каразійную трываласьць пакрыцьцяў. Яго дасьледчую працу прызналі найлепшай студэнцкай працай у Беларусі і адзначылі ганаровым дыплёмам Міністэрства адукацыі.

Пасьля заканчэньня БПІ Генадзя разьмеркавалі ў Інстытут ядзернай энэргетыкі ў Соснах. Карпенка распрацаваў тэхналёгіі ядзерных матэрыялаў на аснове дыяксыдаў урану і хрому, якія дагэтуль выкарыстоўваюцца ў спэцыяльнай тэхніцы. 26-гадовы вучоны-­атамнік пачаў езьдзіць у Польшчу для правядзеньня выпрабаваньняў ядзернага паліва на рэактары «Марыя».

У 1983 годзе Карпенка перайшоў працаваць у НДІ парашковай мэталюргіі. У аддзеле ўвесь час гаварылі аб праблемным заводзе ў Маладэчне. Здымалі дырэктара за дырэктарам, завод не выконваў пляну. Карпенка сам выказаў жаданьне кіраваць заводам. Як пазьней прыгадваў, супраць «чужынца» выступілі ў Маладачанскім гаркаме партыі і ў абкаме.

Але пачыналася перабудова, Карпенку прадставілі рабочым заводу і прапанавалі самім вырашаць, ці патрэбен ім такі кіраўнік. Рабочыя доўга слухалі яго, задавалі пытаньні, не заўсёды простыя. І ўрэшце паверылі Генадзю.

Ён вельмі хутка ператварыў стратнае (з 2,5 млн рублёў запазычанасьці) прадпрыемства ў прыбытковае.

«Паміж інстытутамі і заводамі — вялізная бездань ва ўкараненьні распрацовак. Сёньня ніводзін навуковец ня можа прабіць сьцяну на прадпрыемстве са сваімі распрацоўкамі, гэтую сьцяну трэба разьдзяўбці… Трэба накіроўваць сродкі ў навукаёмістыя тэхналёгіі. Калі мы жадаем быць багатымі, то павінны «скакаць ад навукова-тэхнічнага прагрэсу»», — заявіў тады Карпенка.

У 1986 годзе навуковец-практык атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР «за распрацоўку і стварэньне новых тэхналягічных працэсаў і абсталяваньня для нанясеньня танкаплёначных пакрыцьцяў мэтадам ённа-прамянёвай апрацоўкі».

У 40 гадоў Генадзь Карпенка абараніў доктарскую дысэртацыю. Як навуковец ён аўтар 50 вынаходак. У 1994 годзе быў выбраны членам-карэспандэнтам Акадэміі навук Беларусі.

Мэр Маладэчна, які зрабіў зь яго «Горад сонца»

Канец 1980-х. У Маладэчне, як і ва ўсёй краіне, праблемы з прамысловымі і харчовымі таварамі, вялікі дэфіцыт гарадзкога бюджэту, адсутнасьць грошай, праблемы з жытлом, ЖКГ, даўгабуды, занядбалая інфраструктура, асабліва дарогі.

У 1990-м дырэктара заводу парашковай мэталюргіі Генадзя Карпенку маладачанцы выбіраюць дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня (ён упэўнена абышоў дваіх канкурэнтаў ужо ў першым туры) — у горадзе яго добра ведалі і паважалі.

Амаль адначасова ў Маладэчне закрылі аж пяць прадпрыемстваў саюзнага значэньня. Бяз працы засталіся каля 10 тысяч чалавек. На думку дэпутата Карпенкі, адзіным выйсьцем зь цяжкага становішча было выкарыстаньне патэнцыялу камэрцыйных структураў, новых тэхналёгій, прыцягненьне маладых спэцыялістаў з прагрэсіўным мысьленьнем.

Маладэчна стала першым горадам у Беларусі, дзе мясцовыя дэпутаты адхілілі ад улады старшыню гарвыканкаму (былога першага сакратара гаркаму партыі), а на яго месца выбралі Карпенку. У 1991 годзе Генадзь Карпенка стаў мэрам Маладэчна.

Ён прыцягнуў у сваю каманду маладога энэргічнага юрыста, дэпутата ВС 12-га скліканьня Віктара Ганчара, і прызначыў яго сваім намесьнікам. Былога супрацоўніка КДБ Валера Костку — кіраўніком спраў Маладачанскага гарвыканкаму. Усе паседжаньні і пратаколы ў гарвыканкаме вяліся па-беларуску.

Прынялі рашэньне праводзіць хуткае афармленьне рэгістрацыі малых і сярэдніх прадпрыемстваў, стварэньне новых працоўных месцаў за кошт малога бізнэсу. Фактычна ўсё вырашалася цягам аднаго тыдня. На год усіх, хто пайшоў у малы і сярэдні бізнэс, вызвалілі ад мясцовых падаткаў, далі іншыя льготы. У Маладэчна пацягнуліся бізнэсоўцы са сталіцы (фірмы «Дайнова», «Сантас», «Рамас»). У горадзе было створана тысяча малых прадпрыемстваў і 10 тысяч працоўных месцаў.

Малы і сярэдні бізнэс перакрыў у тры разы даходную частку бюджэту гораду. А ў той час пры перавыкананьні бюджэту сродкі заставаліся ў распараджэньні гарадзкіх уладаў. Мэдыкам і пэдагогам пабудавалі дзевяціпавярховы дом. Асобны дом пабудавалі для вэтэранаў вайны — на першым паверсе там заўсёды дзяжурыў лекар. Заасфальтавалі вуліцы, пабудавалі новы стадыён.

Завіравала культурнае жыцьцё: Карпенка з драматургам Аляксеем Дударавым заснавалі тэатральны фэстываль «Маладачанская сакавіца», Фэстываль беларускай песьні і паэзіі.

У пачатку 1990-х была створана тапанімічная камісія з удзелам Генадзя Каханоўскага і Міколы Ермаловіча, падключылі Акадэмію навук і перайменавалі вуліцы. Вярнулі гістарычныя назвы: праспэкт Леніна стаў Вялікім Гасьцінцам, Савецкая зноў Віленскай. Зьявіліся вуліцы Скарыны, Дуніна-Марцінкевіча, Драздовіча, Ясінскага, Таўлая, Буйніцкага, Замкавая, Гарадоцкая, пазьней і вуліца Ермаловіча.

З таго часу за Маладэчнам замацавалася нефармальная назва «Горад сонца».

«Карпенка — выхадзец з народу, які праз адукацыю, унівэрсытэты стаў сапраўдным інтэлігентам. Вось Шушкевіч такі рафінаваны, і мне складана ўявіць Шушкевіча, які п’е піва ці віно з простымі рабацягамі. Але я лёгка ўяўляю, як Карпенка п’е піва дзе-небудзь на Вялікім Гасьцінцы ў Маладэчне з народам. І гэта вельмі лёгка ўпісвалася ў ягоны вобраз і ніяк не памяншала ягонага аўтарытэту. Ён частка гэтага народу.

Карпенка заўсёды быў аўтарытэтам, лідарам, але не адчуваў сябе мэсіяй. У яго была энэргія мас, і гэтай энэргіяй ён заражаў масы», — успамінае яго журналіст Аляксандар.

Надышоў 1994 год, прэзыдэнтам выбралі Лукашэнку. Карпенка напісаў заяву аб адстаўцы з пасады і працаваў у Вярхоўным Савеце старшынём парлямэнцкай камісіі ў навуцы.

«Трэба карыстацца толькі чыстымі галасамі»

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году Генадзь Карпенка таксама зьбіраў галасы і меў намер вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты.

Тэкст заявы Генадзя Карпенкі, перададзенай у ЦВК

Са 116 тысяч подпісаў, сабраных за Генадзя Карпенку, сапраўднымі прызналі 93 472. Ён мог быць зарэгістраваны кандыдатам і на падставе сабраных 78 подпісаў дэпутатаў Вярхоўнага Савету (пры неабходных 70).

Як расказаў Свабодзе тагачасны парлямэнцкі карэспандэнт аднаго ўплывовага СМІ, у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня была вялікая сацыял-дэмакратычная фракцыя, Карпенку падтрымлівалі таксама многія сацыял-дэмакраты.

«Прычым заканадаўства прадугледжвала, што дэпутаты маглі даваць подпісы за любога свайго калегу. І не абавязкова за аднаго. То бок, умоўна кажучы, дэпутат Малашка ад сацыял-дэмакратаў мог аддаць свой подпіс і за Карпенку, і за Шушкевіча. Але трэба ж было прыбраць нейкім чынам Карпенку! І сацыял-дэмакраты пад кіраўніцтвам дэпутата Алега Трусава, які ачольваў фракцыю, «правярнулі» такую апэрацыю: перад рэгістрацыяй 14 дэпутатаў адклікалі свае подпісы за Карпенку. Такім чынам, у яго засталося 64 подпісы — Карпенку не хапіла некалькі галасоў. Вось так ён, па сутнасьці, «праляцеў» — і гісторыя Беларусі стала зусім іншай», — разважае журналіст.

У ЦВК Генадзь Карпенка заявіў, што здымае сваю кандыдатуру, паколькі «як у палітыцы, так і ў жыцьці трэба карыстацца толькі чыстымі галасамі».

Ці перамог бы ён? Тагачасны парлямэнцкі карэспандэнт кажа, што цяжка сказаць:

«Справа ў тым, што ў Карпенкі была перавага, якой не было ні ў аднаго з тагачасных кандыдатаў. Ён быў «крэпкі хазяйсьцьвеньнік». У Маладэчна езьдзілі ўсе, пра горад пісалі, Маладэчна ведалі. Карпенка кіраваў заводам, які зрабіў узорным прадпрыемствам у Савецкім Саюзе. Завод парашковай мэталюргіі ў той час — гэта як да нядаўняга часу Парк высокіх тэхналёгій. Карпенка кіраваў і горадам.

Яму было што паказаць, а астатнія ўмелі толькі гаварыць. Зьвярніце ўвагу на адну дэталь: Лукашэнка ніколі перад выбарамі, нават перад першымі, не паклікаў да сябе на радзіму ніводнага журналіста, палітыка — бо паказваць яму не было чаго.

А ў Карпенкі было што паказаць — «Горад Сонца», маўляў, «давайце зробім такой усю Беларусь».

Суаўтарка кнігі «Генадзь Карпенка. Хроніка надзеяў, якія ня спраўдзіліся» Сьвятлана Калінкіна мяркуе, што Карпенка, калі б ён застаўся жывы, абавязкова стаў бы прэзыдэнтам. Магчыма, праўда, не ў 2001 годзе, а пазьней:

«Мне здаецца, што калі б ён дажыў да 2006 году, да 2010-га, да сёньняшняга дня, то ўжо проста абставіны б вымусілі апазыцыю аб’яднацца вакол такога цяжкавагавіка. І наагул, калі б усе гэтыя гады жыў Карпенка, то мы б мелі ў нашай краіне іншую сытуацыю. І ў апазыцыі, і ва ўладзе», — піша Калінкіна.

Гісторыя пра тое, як апраналі двухмэтровага волата

У сьнежні 1994 году група палітыкаў і журналістаў зь Беларусі накіравалася назіральнікамі на муніцыпальныя выбары ў Будапэшт — паездку арганізаваў тады Фонд Льва Сапегі, які займаўся праблемамі самакіраваньня. У складзе групы быў і дэпутат Карпенка. У Вугоршчыну зь Менску ехалі зь перасадкай у Варшаве, дзе было некалькі гадзін вольнага часу. Зайшлі ў варшаўскі «Цэнтрум» на Маршалкоўскай. Тады ён нагадваў беларускі ўнівэрмаг, кшталту ГУМу ці ЦУМу. Цэлы паверх займалі «Тавары для мужчын».

Генадзь Дзьмітрыевіч быў вялікім чалавекам у прамым сэнсе: меў рост 198 см, памер адзеньня 66-68. У Беларусі ў той час купіць гатовую вопратку на такага волата было праблематычна, і Карпенку — дэпутату, мэру — даводзілася шыць гарнітуры ў маладачанскім атэлье.

«Як толькі мы зайшлі ў аддзел вопраткі, нас абступілі некалькі прадавачак. Мы пажартавалі, маўляў «вось гэты вялікі чалавек — будучы прэзыдэнт Беларусі. Яго трэба элегантна апрануць». Кабеты забегалі, прынесьлі дзясятак гарнітураў, раілі прымераць пінжак з «двойкі» аднаго памеру, а нагавіцы зь іншага камплекту (у Беларусі «распарыць» касьцюм было немагчыма: пад пінжак з шырынёй плячэй умоўна 50-га памеру на пэўны рост ДАСТ зацьвердзіў і нагавіцы таго ж памеру). А тут кабеты ідэальна падабралі пінжакі на валатоўскія плечы Карпенкі, швачка бясплатна падагнала нагавіцы па росьце, яму прапанавалі кашулі, гальштукі. Генадзь Дзьмітрыевіч быў проста шчасьлівы!» — прыгадвае гісторыю 30-гадовай даўнасьці журналіст Аляксандар.

Ён расказаў і пра сцэну ў будапэшцкім бары, куды беларусы зайшлі пасьля назіраньня за выбарамі.

«Мы былі вельмі стомленыя і ў той жа час уражаныя — з 6-й раніцы да позьняга вечара добрасумленна назіралі: тады ўжо ў Будапэшце былі празрыстыя скрыні для бюлетэняў, адкрыты падлік галасоў. У бары папрасілі па шклянцы віскі. Трэба было бачыць выраз твару Карпенкі: порцыя ў 40 мілілітраў на дне шклянкі і шмат кубікаў лёду! Беларускі волат устае, дэманструе свой рост пад 2 мэтры, валатоўскую постаць і просіць наліць у шклянку 5 порцый віскі бязь лёду. Рагаталі ўсе наведнікі бару.

Ён вялікі чалавек. Вось такія людзі ва ўсіх сэнсах — яны вялікія. Але ён ніколі не глядзеў звысоку на іншых людзей», — кажа журналіст Аляксандар.

У 1995 годзе Генадзь Карпенка быў выбраны і ў Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, стаў віцэ-сьпікерам.

Генадзь Карпенка, Сяргей Навумчык і Зянон Пазьняк на прэс-канфэрэнцыі ў Вярхоўным Савеце, 1995 год

У 1996 годзе ён стаў адным з ініцыятараў працэдуры імпічмэнту Лукашэнкі. Праз два гады ўзначаліў Нацыянальны выканаўчы камітэт, створаны беларускай апазыцыяй.

Раптоўная сьмерць і помста Лукашэнкі

Сьмерць палітыка была зусім нечаканай, бо ён ніколі ня скардзіўся на дрэннае здароўе. 31 сакавіка 1999 году Генадзя Карпенку даставілі ў 9-ю менскую клінічную лякарню з дыягназам «кровазьліцьцё ў мозг» — напярэдадні ён нібыта піў каву з малавядомай журналісткай. Першага красавіка яму зрабілі апэрацыю выдаленьня гематомы, пяць дзён ён знаходзіўся ў рэанімацыі без прытомнасьці. Генадзь Карпенка памёр а 7-й гадзіне раніцы 6 красавіка. Яму было толькі 49 гадоў.

Лукашэнка і пасьля сьмерці палітыка помсьціў сям’і: публічна папракнуў жонку Людмілу Піліпаўну ў няўдзячнасьці, заявіўшы, што па яе просьбе ўлады цалкам аплацілі ўсе выдаткі на пахаваньне мужа. «Калі памёр Карпенка, я ўжо вам шчыра скажу, мы яго хавалі», — заявіў тады Лукашэнка.

«Нас аблівалі гразьзю пры жыцьці Гены, працягваецца гэта і цяпер. Гэта цынічная хлусьня», — заявіла ў адказ на словы Лукашэнкі Людміла Карпенка ў інтэрвію газэце «Народная воля» 2 жніўня 1999 году.

«Сапраўды, нам тэлефанаваў Мясьніковіч. Прыходзіў Ціцянкоў. Але я пра гэта даведалася ўжо пасьля пахаваньня… Ды я б лепш памерла, чым пайшла да гэтых людзей!» — цытавала тады «БДГ» словы ўдавы.

На дзень нараджэньня Лукашэнкі Людміла Карпенка адправіла яму поштай белыя тапачкі. У студзені 2002 году праз пагрозы Людміла Карпенка зь дзецьмі і ўнукамі выехалі зь Беларусі ў Нямеччыну. Там яны атрымалі палітычны прытулак. Дачка Тацяна зараз працуе ў банку ў Франкфурце-на Майне, Дзьмітры — у сфэры лягістыкі і продажаў.

Старэйшая ўнучка Ганна пайшла сьлядамі дзеда і бацькі, стала фізыкам, яна ў Менску. Унукі Вера, Наста і Даніла жывуць у Нямеччыне.

Каментары17

  • Зарплата рэзідэнта
    06.04.2024
    Наша Ніва, не даработалі. Прычастных врачэй у студзію. Хай ім сорамна будзя.
  • Фрунзік
    06.04.2024
    А як клікалі малавядомую журналістку?
  • Цікава
    06.04.2024
    Не любіць герояў мая Беларусь...

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску27

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам13

Падчас пратэстаў у Грузіі затрымалі беларуса1

Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы3

Чаму атлусценне вяртаецца? Аказваецца, тлушчавыя клеткі маюць «памяць»1

Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

Чалы: Для Лукашэнкі аднолькава дрэнныя і перамога Расіі, і перамога Украіны. Ён хацеў бы нічыёй4

У Мінску людзі за тры дні выстройваюцца ў чаргу па кватэры2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску27

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →