Разглядаючы каталог інтэрнэт-крамы «Перекресток», магілёвец Андрэй Бойка заўважыў, што кошт адной бутэлечкі кляновага сіропу (250 мл) вытворчасці Францыі — 29,95 рублёў, а цана за літр складае 119.80 руб. Мужчыну ўразілі такія лічбы, бо ён ужо шмат гадоў гатуе кляновы сіроп сам і падзяліўся сваім вопытам з чытачамі Komkur.info.
«Кляновы сок я збіраю менавіта для таго, каб зрабіць з яго сіроп. Яго, вядома, можна купіць і ў краме, але лепш зрабіць самому. Кляновік трохі саладзейшы за бярозавік, хоць і менш папулярны ў нас у Беларусі, — расказвае Андрэй. —
На лецішчы ў мяне якраз маецца некалькі самых звычайных клёнаў. Як толькі пачынае «пахнуць» вясной, прыкладна з пачатку сакавіка, калі няма моцных маразоў, я стаўлю сок. Звычайна ў гэты час снег яшчэ ўсюды ляжыць.
Ідэальнае надвор'е — калі ноччу мінусавая тэмпература, каля —2°С, а днём — да +6°. Калі ёсць такія перапады, сок ідзе добра.
Раблю засечку, падводжу ў яе жалабок, які прымацоўваецца да бутэлькі, і чакаю, калі ёмістасць напоўніцца. Раблю ўсё гэтак жа сама, як і на бярозавік.
Сок фільтрую праз марлю і заліваю ў рондаль з тоўстым дном, даводжу да кіпення на моцным агні, затым памяншаю да мінімуму і чакаю некалькі гадзін, пакуль ён не выпарыцца і на дне не з'явіцца густая бурштынавая вадкасць. Гэта і ёсць наш сіроп. Падчас кіпення часам можа з'яўляцца пенка. Яе трэба прыбіраць.
З 6-літровага рондаля атрымліваецца ўсяго толькі грам з 50 сіропу.
Важны момант: трэба старанна сачыць, калі ў рондалі застанецца менш за палову соку. Вадкасць вельмі хутка выпараецца і імгненна прыгарае. Пару разоў я не ўсачыў, потым прыйшлося вельмі доўга аддзіраць нагар. А чад стаяў па ўсёй кватэры.
Дома ў мяне заўсёды маецца бутэлечка сіропу. Яго можна есці, напрыклад, з блінамі або дадаваць у марозіва. На смак ён салодкі, як цукар, і мае ледзь улоўны, ні на што не падобны прысмак».
Каментары