Кіраўнік МЗС Брытаніі выключыў адпраўку заходніх войскаў ва Украіну
Аднак Дэвід Кэмеран заявіў, што «калі саюзнікі не павялічаць падтрымку, вайна будзе прайграна».
Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран выключыў адпраўку заходніх войскаў ва Украіну для супрацьдзеяння расійскай агрэсіі. У інтэрв'ю Бі-бі-сі Кэмеран заявіў, што «калі саюзнікі не павялічаць падтрымку, вайна будзе прайграна».
Аднак у адказ на пытанне, ці павінны заходнія дзяржавы накіраваць ва Украіну сваіх вайскоўцаў, міністр сказаў: «не».
«Мы не хочам даваць Пуціну такую цэль. У канчатковым рахунку гэта пытанне палітычнай волі», — заявіў пры гэтым Кэмеран.
Ён расказаў, што на наступным тыдні адправіцца з другім візітам у ЗША, каб заклікаць Кангрэс выдзеліць больш сродкаў для падтрымкі Украіны.
Аб магчымасці адпраўкі заходніх войскаў ва Украіну нядаўна заявіў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. Пасля яго выказванняў асноўныя краіны НАТА, у тым ліку ЗША і Германія, заявілі, што пытанне аб адпраўцы ва Украіну войскаў НАТА не стаіць.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі казаў, што Кіеў ніколі не прасіў аб гэтым сваіх саюзнікаў.
Каментары