Грамадства77

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі выйшлі на плато, і яно будзе захоўвацца — сацыёлаг Коршунаў

Як мяняецца інтэнсіўнасць палітычных рэпрэсій, ці можна яе вымераць? Што азначае той факт, што ўжо працяглы час колькасць палітвязняў у Беларусі вагаецца каля лічбы 1500? Ці мянялася рэпрэсіўная палітыка ў сувязі з увядзеннем новых санкцый? На гэтыя пытанні Юрыя Дракахруста на «Радыё Свабода» адказаў старшы даследчык Цэнтра новых ідэй, сацыёлаг, даследчык рэпрэсій у Беларусі Генадзь Коршунаў.

Генадзь Коршунаў
Генадзь Коршунаў

— Генадзь, вы раз на квартал робіце справаздачу пра дынаміку палітычных рэпрэсій у Беларусі. У вашых справаздачах фігуруе шмат паказнікаў інтэнсіўнасці рэпрэсій (колькасць палітвязняў, штрафаў, адміністрацыйных арыштаў, экстрэмісцкіх фармаванняў і матэрыялаў, асобаў, датычных да тэрарызму, ліквідаваных НДА і г. д.) Якія з лічбаў, на ваш погляд, самыя важныя? Наколькі іх дынаміка сінхронная?

— Узважыць значнасць гэтых паказнікаў даволі складана. Складана яшчэ і таму, што гэта не проста сухія лічбы — гэта лёсы людзей. Калі гаварыць пра дынаміку, то яна ў розных паказнікаў розная. Даныя за першы квартал 2024 года яшчэ не апрацаваныя. Але ў 2023 годзе колькасць адміністрацыйных спраў расла ад квартала да квартала. А колькасць крымінальных спраў — хутчэй зніжалася. Тое самае мы можам сказаць і пра колькасць палітвязняў: цягам мінулага года яна паступова зніжалася.

А што да колькасці ліквідаваных НДА і колькасці «экстрэмісцкіх фармаванняў», то яны раслі ўсё большымі тэмпамі.

— Чаму фактычна з канца 2022 года застаецца амаль нязменнай колькасць палітвязняў, прызнаных праваабарончай супольнасцю — прыкладна 1500? Ясна, што нехта вызваляецца, адбыўшы пакаранне (канчаюцца тэрміны тых, каго асудзілі на год-два), а новых саджаюць. Але чаму баланс гэтых колькасцяў не мяняецца? Гэта выпадкова ці гэта свядомае рашэнне ўлады? Вы, аналізуючы даныя па рэпрэсіях, у верасні летась пісалі пра «своеасаблівае плато». Дык плато ці не плато? І калі плато, то пра што гэта сведчыць?

— Паводле даных праваабарончага цэнтра «Вясна», лічбу ў 1400 палітвязняў Беларусь перасягнула ў кастрычніку 2022 года. Ужо ў красавіку 2023 года стала 1500. У траўні 2023 года быў дасягнуты максімум — 1525 палітвязняў. Але з восені 2023 года іх колькасць пачала зніжацца. Лічба на сёння, на 3 красавіка 2024 года, — 1393.

У параўнанні з пікам мы маем зніжэнне на 10 працэнтаў.

У 2021 годзе колькасць палітвязняў расла выбухова. Тады былі прызнаныя палітвязнямі 797 чалавек, у 2022-м — 889, у 2023-м — 640. За першы квартал бягучага года палітвязнямі былі прызнаныя 99 чалавек.

Колькасць палітвязняў сапраўды пачала зніжацца. І гэта мае натуральнае тлумачэнне ў тым, што ў ладнай часткі палітзняволеных тэрміны былі адносна невялікія.

Напрыканцы мінулага года праваабаронцы пачалі надаваць новы статус тым, хто ўжо вызваліўся, — «былы палітвязень».

У 2023 годзе змяніўся фармат рэпрэсій, набор артыкулаў, якія сталі часцей ужывацца сілавікамі. Замест крымінальнай часцей сталі прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці.

З аднаго боку, навідавоку плато рэпрэсій, з іншага — улады пачалі мяняць інструменты рэпрэсій, акцэнт зрушыўся з крымінальнага пераследу на масавае запалохванне пратэставай, прадэмакратычнай часткі грамадства.

— Ці можна сказаць, што пераважная частка рэпрэсій, новых фактаў пераследу — за ўдзел у пратэстах 2020 года?

— Вялікая частка спраў — і за выказванне сваёй думкі цяпер. Улады спрабуюць прадэманстраваць, што ўся медыясфера — і сацыяльныя сеткі, і блогеры — пад пільным кантролем.

Так, шмат спраў за ўдзел у пратэстах 2020 года. Але не спыняюцца рэпрэсіі і за выказванні адносна вайны і адносна розных гучных падзей, такіх як смерць кагосьці з сілавікоў ці тэракт у суседняй Расіі. На гэта рэакцыя імгненная.

Вось гэта два асноўныя матывы, паводле якіх стасуюцца рэпрэсіі — удзел у падзеях 2020 года і цяперашнія выказванні ў сацсетках.

— Ваш тэрмін «плато» адносна колькасці палітвязняў — ці адзначае ён, што ўзровень рэпрэсій стабілізаваўся? Ці паводле іншых паказнікаў іх махавік набірае абароты?

— Ён круціцца. Але яго кручэнне выйшла на стабільны ўзровень. Або так гэта і было запланавана, або ўзмацняць рэпрэсіі выходзіць занадта дорага.

— Але спісы, скажам, экстрэмісцкіх фармаванняў ці тэрарыстаў — яны, я так разумею, не скарачаюцца, а толькі пашыраюцца?

— Так, за рэдкімі выключэннямі — не скарачаюцца. Але летась, як я казаў, павялічвалася не толькі колькасць экстрэмісцкіх фармаванняў, але і тэмп іх прыросту.

— Ці ёсць сувязь паміж увядзеннем новых санкцый і інтэнсіўнасцю рэпрэсій (непасрэдна ці з лагам)? Або такой сувязі наагул няма? У 2022 годзе ЕС прыняў 6 пакетаў санкцый, у 2023-м — адзін.

— Я не казаў бы пра шчыльную сувязь гэтых з'яў. На дынаміку рэпрэсій уплывае шмат фактараў, сярод якіх санкцыі — зусім не першы. Больш уплываюць унутрыпалітычныя чыннікі — сітуацыя з вайной, а таксама ўнутраная логіка рэжыму.

Махавік рэпрэсій раскруцілі, ладную частку ўлады аддалі сілавікам, якія рэалізуюць рэпрэсіі. Яны маюць планы, існуе канкурэнцыя паміж сілавымі ведамствамі. Гэтыя чыннікі вызначаюць дынаміку рэпрэсій у большай ступені, чым знешнепалітычныя, і санкцыі — у тым ліку.

— Перад выбарамі 2024 года ўлады напампоўвалі страхі — маўляў, апазіцыя падчас галасавання зладзіць забурэнні. Гэта напампоўванне — ці адбілася яно на дынаміцы рэпрэсій, ці суправаджалася яно ўзмацненнем рэпрэсій? Раней, у значна больш вегетарыянскія часы, звычайнай практыкай былі прэвентыўныя затрыманні актывістаў напярэдадні выбараў.

— Прэвентыўныя рэпрэсіі перад сёлетнімі выбарамі таксама былі. Але раней, сапраўды, былі прэвентыўныя затрыманні і адміністрацыйныя арышты пераважна палітычных актывістаў, якія сілавікам былі збольшага вядомыя. Цяпер таксама пайшлі па актывістах, але гэта былі хутчэй папярэджанні.

Але, з іншага боку, вельмі моцна ўдарылі па сувязях грамадства ў краіне з замежжам, з дыяспарай. Найперш ідзецца пра ініцыятыву дапамогі сем’ям палітвязняў IneedHelpBy. Каля 250 чалавек трапілі пад хапун. Людзей хапалі за тое, што яны атрымлівалі дапамогу з-за мяжы.

Гэта можна разглядаць як дадатковы ціск на палітвязняў і іх семʼі. Але тут бачная і тэндэнцыя крыміналізацыі любых сувязяў паміж тымі, хто застаўся ў краіне, і тымі, хто з'ехаў.

І гэта — частка новага этапу рэпрэсій, абвастрэння барацьбы з дыяспарай. Гэта шырокі фронт — і атакі на рэсурсы дэмакратычных сілаў, і збор інфармацыі нават пра шараговых актывістаў дыяспары.

Але ўласна выбары сталі хутчэй трыгерам, а не прычынай гэтых новых рэпрэсіўных практык.

— Наменклатура, людзі з дзяржапарату — ці трапляюць яны пад рэпрэсіі? Усім памятная практыка сталінскіх рэпрэсій: напачатку пад іх траплялі апаненты камуністычнай улады, потым — звычайныя грамадзяне, а потым дайшла чарга і да прадстаўнікоў самога рэжыму, у тым ліку і яго рэпрэсіўнага апарату. Напрыклад, даваенныя кіраўнікі НКВД Беларусі — Закоўскі, Ляплеўскі, Малчанаў, Берман, Наседкін — усе былі расстраляныя напрыканцы 30-х гадоў.

Ці бачныя прыкметы падобнага сцэнару ў цяперашняй рэпрэсіўнай практыцы?

— Не. Быў шэраг антыкарупцыйных спраў, іх было асабліва шмат мінулай восенню. Я іх разглядаю хутчэй як прапагандысцкае суправаджэнне электаральнай кампаніі, адрасаванае «ябацькам». Але такое пад выбары здаралася і раней.

Але каб рэпрэсіўная машына пачала пажыраць сама сябе і сваіх выканаўцаў — такога мы не назіраем.

— Ці можна вызначыць нейкія абмежавальнікі для рэпрэсій у беларускіх уладаў? Ці могуць гэтыя рэпрэсіі стаць такімі ж, як у Мʼянме ці Іране, дзе людзей публічна забівалі сотнямі? Нядаўна АНТ паказала стужку «Зачыстка» пра беларусаў, якія нібыта супрацоўнічалі з украінскімі спецслужбамі. У канцы стужкі гаворыцца, што такіх чакае адно — ліквідацыя.

— У нас ужо юрыдычна пашыраная колькасць артыкулаў КК, паводле якіх прадугледжанае смяротнае пакаранне. З той інфармацыі, якую мы атрымліваем з-за кратаў, там насамрэч ідзе павольнае забіванне людзей. Гэта адбываецца і праз адмову ў медычнай дапамозе, і праз стварэнне катавальных умоў утрымання.

Паступіла інфармацыя, што ў Сцяпана Латыпава цынга. У XXI стагоддзі яна можа ўзнікнуць толькі тады, калі такія ўмовы ствараюцца штучна, каб давесці чалавека да смерці.

Прыйшла інфармацыя, што ў месцах зняволення пашыраецца кароста. І зноў жа — гэта ў XXI стагоддзі. Абмяжоўваюцца медычныя перадачы, адмаўляюцца аказваць медычную дапамогу, даваць неабходныя лекі. Гэта не публічны расстрэл, але гэта стварэнне ўмоў, каб людзі там паміралі.

І гэта — пытанне пра плато рэпрэсій. Тое, што адбываецца за кратамі, практычна немагчыма неяк алічбаваць, падлічыць, параўнаць з іншымі чыннікамі.

Даныя ў табліцы прадстаўленыя ў адсотках да папярэдняга квартала, першы квартал 2023 года ўзяты за пункт адліку

— Ці можна вызначыць трэнд у рэпрэсіўнай практыцы беларускага рэжыму? Ці можна чакаць, што перад прэзідэнцкімі выбарамі 2025 года Беларусь чакае абвастрэнне, паглыбленне рэпрэсій?

— Да выбараў 2025 года я б не чакаў якіх-небудзь зменаў рэпрэсіўнай палітыкі. У беларускай улады няма стымулаў нешта мяняць. Сітуацыю яны стабілізавалі. Сілавікі знаходзяць сабе новыя кірункі дзейнасці, новыя франты, на якіх могуць дэманстраваць кіраўніцтву сваю карыснасць. Знешніх стымулаў, якія б падштурхоўвалі мяняць сітуацыю, таксама не назіраецца.

Думаю, што непасрэдна перад выбарамі 2025 года ўлада зладзіць некалькі дэманстрацый, што яна моцная і ўсё трымае пад кантролем. Але ў цэлым я не чакаў бы нечага экстраардынарнага — ні ў бок узмацнення ціску, ні ў бок яго змяншэння. Тое плато, на якое мы выйшлі ў 2023 годзе, хутчэй за ўсё, будзе захоўвацца.

Каментары7

  • Ежа для развагаў
    03.04.2024
    Проста камэнтар з нагадваньнем спадарству, што калі вы патраціце прынамсі некалькі хвілінаў на гуглёж, то вы ўбачыце яшчэ вельмі характэрныя тэзы спадара Коршунава. Па-першае, «ня ўсё так адназначна, за луку і супраць лукі 50/50, супраць расеі і за расею таксама 50/50». Па-другое, Коршунаў адзін з тых, хто надзіва часта і актыўна прасоўвае ідэі Абдзіраловіча пра «Беларусь паміж Усходам і Захадам», маўляў, Беларусі непатрэбная Эўропа і інтэграцыя зь ёй. Вось і прачытвайце цяперашнія архіразумныя думкі Коршунава ў кантэксьце іншых яго папярэдніх выказваньняў.
  • А
    03.04.2024
    Філёляг, а акрамя вашай жоўці вам ёсць што напісаць па сутнасці?
  • Хе
    03.04.2024
    Філёляг, з Акрэсціна цяжкавата намацваць, а так бы вам хацелася ўсіх пасадзіць і заткнуць?

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні16

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні

Усе навіны →
Усе навіны

Палітвязень Дзяніс Івашын прыслаў бацькам парады, як перажыць спёку: Ніякіх выхадаў у цяпліцу

50 дзецям адмовілі. У беларускамоўнай гімназіі Вільні замала месцаў, бацькі просяць набіраць больш класаў11

Ілан Маск заявіў, што згубіў сына з-за блакатараў палавога выспявання24

У Францішка Скарыны ў Празе скралі пяро — гэта здарылася не ўпершыню3

Замежнікі пішуць у сацсетках, што збіраюцца ў Беларусь па бязвізе. А іх упрошваюць перадумаць11

Паўла Латушку выклікалі ў польскую пракуратуру2

Расійскі вайсковец, якога нібыта сёння ўзарвалі ў Маскве: Я жывы, сяджу на працы

Спевака — пастаяннага ўдзельніка афіцыйных канцэртаў — будуць судзіць за пратэсты1

Сярэдні заробак у чэрвені вырас на 50 рублёў, але наколькі ён адлюстроўвае рэальную сітуацыю?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні16

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні

Галоўнае
Усе навіны →