Спорт1818

Як скакуха стала дэпутаткай. Гісторыя Настассі Мірончык-Івановай

Сярод праўладных спартоўцаў мала такіх адданых, як яна. Настасся Мірончык-Іванова была на таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі і скардзілася, што апаненты абяцалі яе «злавіць падчас прабежкі, пасекчы і закапаць». Расказваем гісторыю скакухі-прапагандысткі: як складалася яе кар'ера і за што яна патрабавала 250 даляраў ад Крысціны Ціманоўскай.

Настасся Мірончык-Іванова. Скрыншот з відэа АНТ

Нарадзілася неданошанай і магла ніколі не пачаць хадзіць

34-гадовая Настасся родам са Слуцка. Яе маці — настаўніца пачатковых класаў, а бацька — настаўнік фізкультуры, былы афганец, які ў цяперашні час кіруе ваенна-патрыятычным клубам. Спартоўка расказвала, што ён «вучыць хлопцаў правільнай ідэалогіі, стаўленню да Радзімы, падцягвае фізічную форму, выкладае асновы патрыятычнай навукі». 

Будучая лёгкаатлетка мела праблемы са здароўем, як толькі з’явілася на свет: яна нарадзілася сямімесячнай, наперад нагамі, з вагой у два кілаграмы і дыягназам «вывіхі тазасцёгнавых суставаў». Праз некалькі месяцаў ёй паставілі яшчэ адзін дыягназ — «не сфармаваныя ядры ў каленных суставах», і прыгразілі, што дзяўчынка не зможа хадзіць. Праўда, дыягназ не пацвердзіўся.

Калі Насці было два гады, з ёй здарыўся апендыцыт у цяжкай форме. Дзяўчынку выратаваў хірург Алег Румо, на сёння адзін з найвядомейшых трансплантолагаў краіны. Ён вызначыў, што ў малой лопнуў апендыкс, і сам зрабіў ёй аперацыю.

У школьныя часы Настасся паказвала добрыя вынікі па фізкультуры — хутка бегала і далёка скакала, падцягвалася больш за хлопчыкаў. Неяк яна выйграла гарадскія спаборніцтвы — бег на дыстанцыі 500 метраў. Трэнер мясцовай СДзЮШАР Анатоль Караневіч заўважыў дзяўчынку і параіў ёй прыходзіць на заняткі па лёгкай атлетыцы, а ў 14 гадоў Мірончык з’ехала ў Мінск у вучэльню алімпійскага рэзерву.

З цягам часу яна пачала спецыялізавацца на скачках у даўжыню. Часам яна выступае і ў трайным скачку, але яе вынікі ў гэтай дысцыпліне звычайна горшыя.

Першы міжнародны старт Настассі — юніёрскі чэмпіянат свету — 2008 у польскім Быдгашчы, з якога яна прывезла срэбраны медаль. У 2017-м яна атрымала бронзу дарослага чэмпіянату свету, праўда, той турнір быў датаваны 2011 годам. Рэч у тым, што праз 6 гадоў пасля спаборніцтваў забралі медаль у расіянкі Вольгі Кучарэнка, вынікі былі перагледжаныя, і так бронза апынулася ў беларускі. 

У нечым гэта было трыумфам справядлівасці, бо на тым самым чэмпіянаце Наста засталася без медаля з-за прычоскі — доўгага хваста. Спартоўка скокнула на 6,90 метра, і такі вынік забяспечваў ёй золата, але валасы дзяўчыны дакрануліся да пяску, і таму суддзі зафіксавалі больш нізкі вынік.

Настасся Мірончык-Іванова на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы ў памяшканнях, Парыж, 2011 год. Крыніца: Ian Walton / Getty Images

На той час да прозвішча Настассі дадалася прыстаўка «Іванова» — у 2008-м яна выйшла замуж за лёгкаатлета Сяргея Іванова. Пазней ён прызнаваўся, што пакахаў случчанку з першага позірку, а заадно і прыбраў далей палову яе сяброў мужчынскага полу.

Допінг, дыскваліфікацыя і правал на перанесенай Алімпіядзе

У 2014-м скакуха стала мамай — у яе нарадзіўся сын Глеб.

Мірончык-Іванова аддала дзіця ў ваенна-патрыятычны клуб «Рысь» пры спецназаўскай частцы 3214, вядомай удзелам у сілавым разгоне мітынгаў. «Рысь» — праект намесніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова, які разганяў мітынгі ўласнаруч.

Пасля родаў Мірончык-Іванова засталася без трэнера, і на гэтае месца заступіў яе муж Сяргей Іваноў. Але тут ёсць нюанс: у той час і яшчэ некалькі гадоў пасля скакуха працавала і з іншым спецыялістам — заслужаным трэнерам СССР Валерыем Буніным, які выхаваў у тым ліку срэбранага прызёра Гульняў-1988 у трайным скачку Ігара Лапшына і рэкардсмена свету ў гэтай жа дысцыпліне Генадзя Валюкевіча. 

Вядома, Бунін — больш дасведчаны трэнер, чым Іваноў, і сама спартоўка гаварыла ў адным з інтэрв’ю, што ён дапамагаў у трэніровачным працэсе. Але пара адсунула спецыяліста на другі план і імкнулася падаць любы поспех Мірончык-Івановай як заслугу яе і Сяргея Іванова.

За год да таго, як чужы допінг прынёс Настассі бронзу чэмпіянату свету, у яе самой пачаліся з ім праблемы. Перад Алімпіядай-2016 у Рыа стала вядома пра станоўчую пробу скакухі на допінг, і тыя гульні давялося прапусціць. Пазней аказалася, што былі пераправераныя пробы беларускі з Алімпіяды-2012, і ў іх знайшлі забаронены турынабол. 

Лёгкаатлетцы далі два гады дыскваліфікацыі і забралі сёмае месца з гульняў-2012. Гэты час яна правяла ў родным Слуцку, там і трэніравалася. Што быў допінг, не прызнала.

Летам 2018-га Мірончык-Іванова вярнулася да міжнародных стартаў. Атрымлівалася добра: на чэмпіянаце Еўропы — 2018 яна стала пятай, а ў наступным годзе на чэмпіянаце Еўропы ў Глазга ўвогуле заняла другое месца. У ліпені 2020-га на Кубку Беларусі скокнула на 6,93 метра, чым паўтарыла свой вынік з Глазга.

Настасся Мірончык-Іванова на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы ў памяшканнях, Глазга, 2019 год. Крыніца: Ian MacNicol / Getty Images

У 2021-м Настасся выступіла на Алімпіядзе ў Токіа, дзе пацярпела няўдачу — паказала вынік 6,55 метра і трапіла толькі на 14-е месца. Той правал яна спрабавала тлумачыць пераносам Гульняў на год з-за пандэміі кавіду — маўляў, спартоўцы рыхтуюцца да Алімпіяды цыкламі па чатыры гады, а тут давялося рыхтавацца пяцігодку. Праўда, у тых жа ўмовах былі і тыя 13 скакух, што апярэдзілі беларуску.

Зрэшты, былі і іншыя фактары, якія маглі перашкаджаць Настассі рыхтавацца. За некалькі гадоў да Токіа ў дзяўчыны з’явіліся новыя хобі, якія сёння часцей звязваюць з яе імем, чым спорт. І галоўная з гэтых актыўнасцей — палітыка.

«Калі абараняеш краіну ад ворагаў, неабходна быць жорсткім і бязлітасным»

Пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020 дзясяткі спартоўцаў выступілі супраць гвалту і фальсіфікацый, і тады прапаганда таксама павялічыла ўвагу да спорту. Мірончык-Іванова ў гэтай справе атрымала поспех: яна падпісала адкрыты праўладны ліст спартоўцаў, пачала наведваць прапагандысцкія мерапрыемствы і рэгулярна выказвацца ў падтрымку Лукашэнкі і дзейнай беларускай улады.

Яна прысутнічала на таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі ў верасні 2020-га і на запісу яго навагодняга звароту, а таксама сядзела ў прэзідыуме Усебеларускага народнага сходу.

Часам пазіцыя дзяўчыны выглядала пераменліва. Напрыклад, у 2020-м яна асуджала дзеянні сілавікоў, а ў 2021-м так расказвала пра Карпянкова: «Тое, што дабро мусіць быць з кулакамі — гэта аксіёма: калі абараняеш краіну ад ворагаў, неабходна быць жорсткім і бязлітасным. Інакш не перамагчы».

Мірончык-Іванова расказвала, што за праўладныя погляды ёй прыляталі пагрозы:

«Абяцалі злавіць мяне падчас прабежкі ў лесапаласе, што каля нашага РЦАП па лёгкай атлетыцы на Каліноўскага, забіць, пасекчы і закапаць.

Але вядомая справа, хто плануе зрабіць, не стане пагражаць. Таму, разумеючы, што ім важна запужаць і аказаць псіхалагічны ціск, старалася, наколькі гэта магчыма, увагі не звяртаць».

У спартоўкі здарыўся канфлікт з Крысцінай Ціманоўскай — бягухай, якая збегла з Алімпіяды ў Токіа з-за ціску трэнераў і пагрозы дэпартацыі, і цяпер жыве ў Польшчы і выступае за гэтую краіну.

Яшчэ перад Токіа скакуха падала на Ціманоўскую ў суд. У дзяўчат здарылася перапалка, падчас якой Ціманоўская напісала Настассі — каб ёй, Крысціне, стаць папулярнай, ёй хаця б не трэба выстаўляць свой голы азадак у інтэрнэт. Пытанне вырашылі палюбоўна: федэрацыя лёгкай атлетыкі перадала Ціманоўскай 250 даляраў, якія ад яе хацела скакуха, і тая аддала гэтыя грошы Мірончык-Івановай.

Выглядае, што ў скакухі на Ціманоўскую ўвогуле зуб. Напрыклад, яна абвінавачвала Крысціну ў «дэструктыўнай дзейнасці»: «Крысціна Ціманоўская ў тыя гарачыя дні (жнівень 2020-га. — «НН») стварыла спецыяльны чат, дзе праводзілася злосная дэструктыўная дзейнасць, збіраліся подпісы, вялася агітацыя, спрабавалі запудрыць спартоўцам мазгі, схіліць да здрады». 

Са спорту ў крэсла дэпутаткі

Настасся любіць публікаваць у сацсетках адкрытыя фоты. Раней яна размяшчала здымкі ў купальніку і вельмі адкрытых уборах:

Фота: mironchikivanova / Instagram
Фота: mironchikivanova / Instagram
Фота: mironchikivanova / Instagram

Цяпер жа скакуха пасталела і эксперыментуе толькі з ракурсамі ды даўжынёй адзення:

Фота: mironchikivanova / Instagram
Фота: mironchikivanova / Instagram

У 2020-м Настасся спрабавала заскочыць у шоў-бізнэс і запісвала песні разам з Віталем Варанко — баяністам і актыўным прыхільнікам Лукашэнкі. Таксама дзяўчына марыла пра свой брэнд адзення «Міро» — Настасся планавала выпускаць жаночую вопратку ў абліпку: «Мне падабаюцца такія рэчы: дзяўчаты могуць сабе дазволіць! Памеры будуць розныя. Ласіны ў абліпку, топікі. У іх можна займацца дома, рабіць нейкія прабежкі. А далей паглядзім».

Пра спевы і моду Настасся даўно не гаворыць. Яна атрымлівае юрыдычную адукацыю ў Акадэміі кіравання, а таксама не спыняе праўладную актыўнасць.

У канцы лютага скакуха зрабіла новы крок у гэтым кірунку — стала дэпутаткай парламента і заадно Усебеларускага народнага сходу. Яна балатавалася па Дзяржынскай выбарчай акрузе №98 у Мінску, разам з ёй на пасаду прэтэндавалі дырэктарка дзіцячага садка Таццяна Грышановіч і прадстаўнік партыі Сяргея Гайдукевіча Сяргей Рагаза. Па афіцыйных звестках, скакуха набрала 21 474 галасы, то-бок 52%.

Відаць, часу на спорт у яе цяпер будзе яшчэ менш. Зрэшты з-за вайны ва Украіне беларуская лёгкая атлетыка адхіленая ад міжнародных стартаў, і спартоўцам, у тым ліку Мірончык-Івановай, засталіся толькі ўнутрыбеларускія і расійскія турніры.

Праз тры месяцы пачнецца Алімпіяда ў Парыжы, на якую скакуха не паедзе, бо не выканала нарматывы. 

Калі верыць яе афіцыйным заявам, Настасся праз гэта не сумуе і расказвае, што выступіла б на Гульнях толькі калі б ёй дазволілі гэта зрабіць пад нацыянальным сцягам, з гімнам і беларускай афіцыйнай сімволікай. Статус нейтральнай спартсменкі яна лічыць непрымальным.

Калі ж Алімпіяда пройдзе без беларусаў і гэтак жа забаненых расіян, яна, паводле слоў Настассі, ператворыцца з Гульняў у матчавыя спаборніцтвы.

Дзеля сваіх ідэалаў, якія яна так апантана адстойвае, гэтая спартоўка гатовая ахвяраваць кар'ерай.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

«Надзець на шыю стужку ЛГБТ — для мяне гэта проста край». Лёгкаатлетка Мірончык-Іванова расказала пра свае каляровыя фобіі

МАК зацвердзіў сцяг, пад якім на Алімпіядзе будуць выступаць беларусы і расіяне. Без чырвонага, але з зялёным

Германія не давала візы батутысту Літвіновічу, але ён усё адно прыехаў у краіну і адабраўся на Алімпіяду. Як так?

Каментары18

  • Даніл
    08.04.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Сымон
    08.04.2024
    Здаецца, што ў ябацькі-прапагандысты ідуць менавіта тыя спартоўцы, якія асабіста адчуваюць, што іх лепшыя спартовыя дасягненні ўжо ў далёкім мінулым. Адзінае выключэнне - Недасекаў, але там праз маладосць сапраўдная ябацькаклініка.
  • Олег
    08.04.2024
    [Рэд. Выдалена]

Першая віцэ-мэр Мінска Надзея Лазарэвіч прайшла праз затрыманне, муж застаўся ў СІЗА11

Першая віцэ-мэр Мінска Надзея Лазарэвіч прайшла праз затрыманне, муж застаўся ў СІЗА

Усе навіны →
Усе навіны

Улад А4 адкрыў фірмовую краму ў мінскім ЦУМе2

Расійскія войскі прарваліся ў харкаўскі Купянск6

Амерыканец жадае вучыцца ў Беларусі. Вось што яго пужае5

«Да 15 гадзін — праца, пасля абеду — уборка ўсёй тэрыторыі без швабры». Палітвязень распавёў, як сядзеў за пратэсты ў калоніі для непаўналетніх

Універсітэцкага выкладчыка фізікі з Гродна будуць судзіць за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»2

«Беларусы будуць ціхенька думаць сваё. А вада камень точыць, дый Лукашэнка фізічна не вечны». Глыбокі маналог былога мытніка Алеся Юркойця8

Трамп назваў імёны кіраўнікоў Дзярждэпа і Нацыянальнай выведкі9

«Падробка архіўнай даведкі — 4500 еўра». Як беларусы шукаюць у сябе польскія карані і як купляюць польскае паходжанне10

У Белым доме прайшла сустрэча Трампа з Байдэнам ФОТАФАКТ

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Першая віцэ-мэр Мінска Надзея Лазарэвіч прайшла праз затрыманне, муж застаўся ў СІЗА11

Першая віцэ-мэр Мінска Надзея Лазарэвіч прайшла праз затрыманне, муж застаўся ў СІЗА

Галоўнае
Усе навіны →