Вайна55

ФАБ-3000: наколькі небяспечная расійская «цар-бомба» і ці зменіць яна сітуацыю на фронце?

Расія вырашыла раскансерваваць старыя савецкія запасы зброі і выкарыстаць іх ва Украіне. Ці прынясе гэта ёй істотныя поспехі, разбіралася Украінская служба Бі-бі-сі.

Фота: Мінабароны Расіі

Адной з прычын падзення Аўдзееўкі былі масавыя вылеты авіяцыі Расіі з бомбамі. Тады ўпершыню з пачатку вялікай вайны штабы расійскіх сіл змаглі арганізаваць адначасовыя пралёты дзясяткаў бартоў. У некаторыя дні на ўкраінскія пазіцыі прылятала па 150-200 бомбаў. Напрыклад, на завод у населеным пункце Краснагораўка ўпала бомба ФАБ-1500.

Бомбы ФАБ-500 (вагой паўтоны) выкарыстоўваліся масава. Хоць расійскі модуль планавання і карэкцыі пакуль не дасягнуў дакладнасці заходняга аналага JDAM з трапляннем «у прыкладна пяць метраў», для ўдараў па забудове расійскія авіябомбы аказаліся эфектыўнымі.

Яны руйнуюць будынкі, разбіваюць дарогі, пад'езды і пуцеправоды: ад расійскай авіяцыі цярпела лагістыка УСУ і забеспячэнне на «апошнім кіламетры» перад лініяй фронту.

Пры гэтым расейцы былі вымушаныя і самі «адкрывацца» для ўдару: паветраныя сілы УСУ за апошнія месяцы заяўлялі пра 13 збітых расійскіх баявых самалётаў — бамбавікоў Су-34, а таксама знішчальнікаў Су-35, якія іх суправаджалі.

Бомбы часоў вайны СССР у Афганістане

Пасля адступлення ўкраінскай арміі з Аўдзееўкі калапсу фронту не адбылося, Расія ўвайшла ў пазіцыйныя баі.

Нядаўна расійскі прапагандысцкі канал Мінабароны РФ «Звезда» адрапартаваў пра тое, што міністр абароны Сяргей Шайгу наведаў адно з прадпрыемстваў ВПК.

Гэта быў 53-ці арсенал у Ніжагародскай вобласці, дзе расейцы перарабляюць старыя боепрыпасы і вырабляюць новыя бомбы, снарады і ВОГі (аскепкавыя гранатамётныя выстралы).

У сюжэце ішла гаворка пра нарошчванне вытворчасці ФАБ-1500 удвая, але больш за ўсё пра яго гаварылі ў кантэксце навіны аб аднаўленні праекта ФАБ-3000.

Гэтыя авіяцыйныя бомбы маюць 1400 кг выбухоўкі — сур'ёзны груз і сродак паражэння.

Такія бомбы савецкая армія выкарыстоўвала падчас уварвання ў Афганістан у 1980-х. З іх дапамогай яна наносіла ўдары па лазурытавых шахтах Куран-о-Мунджан, па войсках маджахедаў, якія бралі ў аблогу Кабул, і па тагачасных умацаваных раёнах ісламістаў.

У сучаснай Расіі гэтыя ФАБы былі пераробленыя ва УАБы (кіраваныя авіябомбы), і цяпер іх называюць «цар-бомбамі», хоць, па сутнасці, гэта чыгунная даўбешка, да якой спрабуюць прымайстраваць камплект крылаў для планавання і GPS-навігацыю.

Пакуль працягваюцца эксперыменты з перадсерыйнымі партыямі. Гаворка ідзе не проста пра тое, каб далучыць да бомбы вялікія крылы, пасля чаго цяжкі боепрыпас паляціць у патрэбным кірунку. Тут неабходна ўлічыць мноства інжынерных тонкасцяў.

Зона поўнага паражэння ў бомбы ФАБ-3000 — 35 метраў. Зона цяжкіх кантузій і разбурэнняў — 150 метраў. Калі цэллю робяцца пазіцыі з перакрыццямі, інжынернымі ўмацаваннямі і брустверам, то зона паражэння будзе меншай.

Таму ў свой час вялікія ФАБы знялі з узбраення пасля выпрабаванняў «за рэчкай», то-бок у Афганістане.

Лёгкая пяхота афганцаў, якая мяняла пазіцыі і хавалася ў гарах, аказалася для расійскіх авіябомбаў не самай простай цэллю.

Праблема з носьбітамі

Адзіным носьбітам гэтага сродку ў Расіі з'яўляецца бамбавік Ту-22М3 — з-за памеру бомбалюкаў і нюансаў мацавання. Іншых носьбітаў «трохтонных» бомбаў у Масквы няма.

Расійскі «вайсковы блогер» Fighterbomber адзначае, што, акрамя Ту-22М3, тэарэтычна ФАБ-3000 можа несці яшчэ і Су-34 — па дзве бомбы з мацаваннем пад крыламі.

Аднак і Су-34, і Ту-22 з цяжкімі авіябомбамі губляюць у манеўранасці, што робіць іх лёгкай мішэнню для СПА.

Ёсць яшчэ стратэгічныя бамбавікі Ту-16, аднак гэтыя самалёты даўно спісаныя. Яны былі распрацаваныя ў 1950-х і выведзеныя з эксплуатацыі ў 1990-х.

Спроба перапрацаваць іншыя самалёты прывядзе да павышэння кошту прымянення ФАБ-3000 і паступова выведзе частку такіх машын з ладу.

Гэта значыць, са стратэгічнага пункту гледжання расейцам больш выгадна скідаць паўтонныя ФАБ-500, чым яны цяпер і займаюцца.

Падобную ацэнку дае і Fighterbomber: «Па ФАБ-3000 у мяне ёсць лёгкае здзіўленне адносна яе патрэбы. Цэляў пад яе няма. Пад яе трэба піліць УМПК з нуля і гэта ўжо будзе, па сутнасці, цэлы самалёт на бомбе. І вось яго ўжо будзе выдатна відаць любому ЗРК».

Паводле слоў аўтара гэтага тэлеграм-канала, аптымальны боепрыпас для УМПК — гэта калібр 500 кг у розных варыянтах: касетным, запальным, ядзерным або фугасным. Павелічэнне магутнасці ў разы не дае такога ж павелічэння зоны паражэння. Але дакладнасць трапляння ўсё адно неабходная.

Напрыклад, адна ФАБ-3000, якая ўпала за 20 метраў ад моста, нанясе яму такія ж пашкоджанні, як і ФАБ-500.

Старая бомба

ФАБ-3000 вырабляліся яшчэ ў 1940-х гадах. Іх распрацоўвалі пад самалёт Ту-4.

Тады сродкі СПА не мелі зенітных ракет (напрыклад, першы савецкі ЗРК з'явіўся толькі ў 1955 годзе), і ФАБ планавалі выкарыстоўваць для дывановых бамбаванняў. Менш цяжкія — па караблях, больш цяжкія — па важных прадпрыемствах, плацінах, бетонных схованках.

Пакуль пра вытворчасць у Расіі цалкам новых ФАБ-3000 гаворка не ідзе. Старыя савецкія авіябомбы раскансервуюць, правяраюць выбуховае рэчыва, калі трэба, мяняюць яго, выпрабоўваюць розныя модулі карэкцыі з розных партый.

Адліваная частка гэтай бомбы вырабленая з чыгуну з тоўстымі сценамі. У ёй мала што трэба рабіць з нуля, толькі дэтанатары.

Скідаць такія бомбы могуць адразу па дзве з аднаго борта — як рабілася напрыканцы вайны ў Афганістане. Тады, ужо пасля вываду савецкіх войскаў, такія авіябомбы выкарыстоўваў 185-ты гвардзейскі полк з Палтавы — на тых жа самых Ту22М3.

Пасля скідання бомба ператвараецца ў ракету без рухавіка, гэта значыць яе можна перахапіць сродкамі СПА.

Апошні раз ФАБ-3000 расейцы выкарыстоўвалі падчас аблогі Марыупаля. Тады не ішла гаворка пра модулі карэкцыі: яны скідалі бомбы па раёне завода «Азоўсталь», карыстаючыся сваім панаваннем у небе над горадам.

Але цяпер сітуацыя змянілася. Нават калі ў расійскай арміі атрымаецца ўставіць у бомбалюкі Ту-22М3 павялічаны габарыт ФАБ-3000 з комплексам карэктавання палёту УМПК, гэтыя самалёты да лініі фронту не набліжаюцца.

Такі стратэгічны бамбавік занадта заўважны ў радыёлакацыйным дыяпазоне. А пасля страты двух самалётаў А-50 расійцы наўрад ці захочуць рызыкаваць яшчэ і Ту-22М3.

Навошта патрэбныя ФАБ-3000 і чаму іх раскансервуюць

Чаму расійскія вайскоўцы вырашылі раскансерваваць ФАБ-3000? Гэта неабходна для ўдараў па шчыльнай забудове.

Расійцы не надта хаваюць свае цэлі: імі могуць быць Краматорска-Славянская агламерацыя ў Данецкай вобласці або Харкаў. Калі з'явіцца магчымасць ізаляваць гарадскую забудову, выбіць там СПА і пачаць раўняць з зямлёй квартал за кварталам — яны пачнуць гэта рабіць.

Цяпер армія РФ часцей за ўсё выкарыстоўвае УАБы на самых гарачых участках фронту — у раёне Аўдзееўкі, Бахмута, Крынак (на левым беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці), Купянскага кірунку.

Гэта значыць, усюды, дзе расійскія вайскоўцы спрабуюць ціснуць і маюць магчымасць выкарыстоўваць прыфрантавую бамбавальную авіяцыю.

РФ таксама рэгулярна прымяняе кіраваныя авіябомбы на паўночным усходзе Украіны — у памежнай паласе ад Чарнігаўскай да Харкаўскай абласцей. Асабліва шмат апошнім часам — на Сумшчыне.

Для Харкава і іншых рэгіёнаў небяспека УАБаў з'явіцца ў выпадку падаўлення або адсутнасці СПА блізкага або сярэдняга радыусу дзеяння. Гэта дазволіць расійскай авіяцыі наблізіцца на дастатковую адлегласць для скідання авіябомбаў.

Ці можна з гэтым змагацца?

Прыклад украінскага плацдарма ў сяле Крынкі Херсонскай вобласці паказвае, што можна. Хоць пасёлак ператвораны ў руіны, калапсу абароны УСУ там не адбылося.

У Крынках сапраўды цяжка праводзіць эвакуацыю — забіраць людзей на лодках ва ўмовах пастаяннай працы FPV-дронаў і артылерыі. Але УСУ дапамагаюць манеўры, сетка назіральных пунктаў, разгрупаванне невялікіх складоў «апошняга кіламетра» і акцэнт на забеспячэнне «з колаў».

Вернемся да агульнай статыстыкі. З пачатку 2024 года расійскія самалёты скінулі на пазіцыі УСУ больш за 3500 авіябомбаў. Гэта ў 16 разоў больш у параўнанні з 2023 годам.

За тры апошнія месяцы — у сярэднім па 40 бомбаў на суткі. Былі больш ціхія дні, а былі і такія, калі скідалі 150 бомбаў у вузкай паласе, напрыклад, на піку наступу на Аўдзееўку.

Бомбы скідаюць на фермы Херсонскай вобласці і на месцы, дзе прычальваюць лодкі, якія забяспечваюць левы бераг Дняпра каля Крынак. А таксама на Аўдзееўку, Краснагораўку, цеплавыя электрастанцыі, сёлы Сумскай вобласці. І нават, паводле некаторых даных, у Белгародскай вобласці, дзе расейцам давялося выбіваць праўкраінскія фарміраванні з сяла Козінка.

Ці можна ўмоўным дзясяткам прылётаў прарваць зону адказнасці батальёна ў дзве паласы, на якой знаходзяцца два дзясяткі апорных пунктаў? Не.

Нават у выпадку, калі якое-небудзь траплянне будзе дакладным, не факт, што расійскія вайскоўцы паспеюць яго выкарыстаць: да гэтага сектара ўкраінскай абароны можа падысці манеўраная група, дапамогуць суседзі. Асабліва калі пазіцыя была выкапаная правільна.

У Афганістане маджахеды стваралі сетку пастоў, якія засякалі самалёты, што накіроўваліся на скід ФАБаў, і падавалі дымавыя сігналы. Дзе б ты ні быў, трэба неадкладна змяніць пазіцыю.

У расійскіх УМПК ёсць недахоп: у іх «забіваюць» каардынаты — і на гэтым карэкціроўка заканчваецца. І ва Украіне працуюць папярэджанні аб ракетнай небяспецы і УАБах.

Зразумела, бомбы ФАБ-3000 будуць наносіць страты УСУ. Расія хоча кампенсаваць нізкую дакладнасць сваёй зброі магутнасцю.

Але гэта не «геймчэнджар». Патэнцыял бомбаў ФАБ-3000 абмежаваны магчымасцямі носьбіта і тым, што РФ не можа задушыць украінскую СПА і не валодае адмысловымі самалётамі РЭБ.

А з пастаўкай Украіне знішчальнікаў F-16 і дастатковай колькасці бомбаў JDAM сітуацыя для Кіева выраўняецца. Бомбы вялікай магутнасці Масква масава выкарыстоўваць не зможа.

Каментары5

  • А
    02.04.2024
    Небясьпека ўжываньня такіх бомб імхо ў тым, што іх досыць легка перарабіць пад носьбіт клясычнай ядзернай бомбы з урана-235 і "гарматнай" сістэмай дэтанацыі. Плюс такіх бомб у тым, что яны канструкцыйна простыя і амаль не патрабуюць абслугоўваньня, але яны вельмі цяжкія і іх цяжка даставіць да мейсца выбуху - таму ад іх адмовіліся яшчэ ў 1950-м годзе. Аднак, у русьні яны ёсьць...

    Сучасных жа ядзерных бомб, якія ўжываюць плутоній-239 і трыціевы бусцер з імплазіўнай сістэмай дэтанацыі, у рашкі хутчэй за ўсё мала, бо яны вельмі дарагія ў абслугоўваньні: ЗША на гэта траціць амаль трыліён даляраў за 10 год. Але такая бомба маленькая, зручная па форме і важыць усяго некалькі дзесяткаў кілаграм (ў адрозьненьне ад некалькіх тонн для уранавай бомбы з гарматнай сістэмай дэтанацыі).
  • Космос наш)
    02.04.2024
    Белгород, держись!
  • Кастусь
    02.04.2024
    Эюя,а запускать их украинцы, надо думать, будут катапультами/требушетами))) Думай сначала

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі3

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі

Усе навіны →
Усе навіны

Перад ударам «Арэшніка» па Дняпры кіраўніцтва Расіі эвакуявалася на Урал2

Ва Украіне выкрылі групу, якая зарабляла на дамоўных гульнях. Адзін з фігурантаў — футбаліст Арцём Мілеўскі3

Топ «дасягненняў» Лукашэнкі за апошні тэрмін20

Каля плошчы Бангалор у Мінску перакулілася фура з півам ВІДЭА1

У капліцы пад Смаргонню панішчылі саркафагі і раскідалі чалавечыя парэшткі2

Эксперт ААН: У Беларусі, хутчэй за ўсё, няма ніякай ядзернай зброі. І не будзе

Краінам ЕС дазволілі абмяжоўваць права на прытулак для мігрантаў3

МЗС Беларусі ўручыў Польшчы ноту з-за інцыдэнту з нібыта спробай вярбоўкі дыпламата1

У Расіі вагнеравец задушыў сяброўку дротам ад зарадкі: яму здалося, што яна яго вярбуе на карысць Украіны

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі3

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі

Галоўнае
Усе навіны →