СБУ адказала на патрабаванне Расіі арыштаваць іх кіраўніка: Вашы словы нікчэмныя
Служба бяспекі Украіны выказалася, што заява МЗС РФ аб тэрарызме гучыць асабліва цынічна на фоне гадавіны вызвалення Бучы і зверстваў, якія там ўчынілі расейцы.

У той заяве расійскае МЗС патрабавала ад Украіны арыштаваць кіраўніка СБУ, а таксама іншых асоб, якіх яны абвінавацілі ў тэрарыстычнай дзейнасці.
«Спрабуючы апеляваць да нормаў міжнароднага права, а менавіта да Канвенцыі аб барацьбе з тэрарызмам, МЗС РФ забывае, што менавіта Пуцін афіцыйна абвешчаны ў міжнародны вышук — у прыватнасці, яго чакаюць у Гаагскім трыбунале за выкраданне ўкраінскіх дзяцей», — прыводзіць «Украінская праўда» каментар прэс-службы СБУ.
«Асабліва цынічна заявы аб тэрарызме гучаць ад самой краіны-тэрарыста на фоне гадавіны вызвалення Бучы і зверстваў, якія там здзяйснялі расейцы. Мы памятаем кожнага загінулага ўкраінца і зробім усё, каб вораг атрымаў справядлівую адплату.
Таму любыя словы расійскага МЗС з'яўляюцца нікчэмнымі. РФ напраўду можа зрабіць толькі адну заяву, якую варта ўвагі — на ўвесь свет абвясціць аб сваёй паразе ў вайне і аб вывадзе акупацыйных войскаў з украінскай зямлі», — адказала СБУ.
Каментары