У Нямеччыне ў Бундэстагу ўпершыню ў гісторыі засядае дэпутат без слыху
У чацвер 44-гадовая Хайке Хойбах (СДПГ) упершыню прыняла ўдзел у пленарным пасяджэнні Бундэстага.
Дэпутаты прывіталі новую калегу на мове жэстаў, падняўшы далоні ўверх. Гэта першы выпадак у гісторыі, калі ў парламент ФРГ прайшоў глухі заканадаўца. Падчас пасяджэнняў побач з трыбунай старшыні зараз працуе сурдаперакладчык, піша Bild.
«Сёння мы фактычна пішам гісторыю, калі можна так сказаць. Упершыню ў нас дэпутат без слыху, які будзе прадстаўляць сваю выбарчую акругу. Мы вельмі радыя новай калезе і яе працы ў гэтым будынку», — сказала старшыня Бундэстага Бербель Бас.
Хойбах глухая на абодва вухі з-за інфекцыі, якую перанесла ў маленстве. Яна родам з-пад Аўгсбурга, у яе муж і дзве дачкі.
Муж таксама глухі, дзеці нармальна чуюць і гавораць. Сям'я камунікуе на мове жэстаў.
Каментары