Грамадства1515

«Буду страляць на паражэнне!» Гісторыя хлопца, якога жахліва збілі за тое, што пасігналіў у знак салідарнасці 

У 2020 годзе вы маглі бачыць фоты гэтага маладога хлопца, якога па-зверску збілі сілавікі. Пра тое, як ягонае жыццё склалася пасля выбараў, Дзмітрый Хадаровіч распавёў «Нашай Ніве».

Дзмітрый Хадаровіч. Фота з асабістага архіва героя

«Байсол» аб’явіў збор сродкаў для Дзмітрыя на лячэнне і рэабілітацыю.

11 жніўня 2020-га Дзмітрый разам з дзяўчынай ехаў па Мінску — яны хацелі паглядзець, што адбываецца ў горадзе. Каля Палаца спорту Дзмітрый некалькі разоў пасігналіў — і яго амаль адразу спыніў супрацоўнік ДАІ.

Пасля гэтага да машыны падбеглі тры даішнікі і чатыры амапаўцы. Каб кіроўца не з’ехаў, аўто з двух бакоў заблакіравалі амапаўскімі бусікамі.

— Супрацоўнік ДАІ пачаў стукаць па шкле і патрабаваць, каб мы выйшлі. Я заблакаваў дзверы і папрасіў яго паказаць пасведчанне. Але ў той момант нас атачылі цалкам, наперадзе стаў амапавец. Ён накіраваў на мяне зброю. Я спалохаўся — мусіць, спрацаваў інстынкт самазахавання, — завёў машыну і здаў назад, урэзаўся ў бусік. І ўжо пачаў вырульваць, каб выехаць на праезную частку — у гэты момант амапавец стрэліў і патрапіў мне ў плячо.

Машына Дзмітрыя. Фота з асабістага архіва героя

Нягледзячы на гэта, у Дзмітрыя ўсё ж атрымалася з’ехаць — канечне, сілавікі яго пераследавалі. Некалькі разоў яны стралялі па машыне.

— У мяне нават атрымалася крыху адарвацца, але каля «Кароны-Замка» быў рамонт дарогі, гарэла чырвонае святло, ішлі пешаходы… Вядома, мне давялося прытармазіць. У гэты момант з пасажырскага акна ў машыне ДАІ вылез даішнік, наставіў на мяне табельны пісталет і сказаў: «Спыніся, інакш я буду страляць на паражэнне!». Я зразумеў, што зараз, магчыма, ужо не гумовая куля ў плячо прыляціць, а сапраўдная ў галаву — бо цэліўся ён туды.

Дзмітрый спыніўся якраз каля Палаца Незалежнасці. Літаральна праз пару секунд сілавікі адчынілі дзверы кіроўцы і пачалі збіваць хлопца, потым кінулі яго на асфальт. Замест наручнікаў на ягоных руках вельмі туга зацягнулі адразу тры хамуты. Потым высветліцца, што ў той момант Дзмітрыю зламалі кісць.

Яго разам з дзяўчынай літаральна закінулі ў бусік — Дзмітрыя шпурнулі на падлогу, дзяўчыне ўсё ж дазволілі сесці.

Яны толькі паспелі даехаць да «Дрымлэнда», як аднаму з амапаўцаў не спадабалася тое, што дзяўчына не плача — ён загадаў кіроўцы спыніцца.

Пасля дзяўчыну прымусілі стаць на калені каля бусіка, а яе хлопца ўнутры зноў пачалі збіваць. Адзін з амапаўцаў дастаў нешта падобнае да невялікай сякеры і стаў жартаваць, што зараз ускрые чэрап.

У выніку пару ўсё ж павезлі ў Фрунзенскае РУУС.

— Пакуль мы ехалі, мая галава была ў нагах аднаго з гэтых вырадкаў. Ён увесь час душыў мяне — давіў на шыю, я некалькі разоў страчваў прытомнасць.

У Фрунзенскім РУУС Дзмітрыя з дзяўчынай паклалі на асфальт каля ўваходу. Хлопец кажа, што тады ён перастаў адчуваць рукі і стаў прасіць зняць хамуты. Сілавікі глядзелі на пакуты і смяяліся. Але ўсё ж вырашылі дапамагчы.

— Сілавік сеў на мяне зверху і пачаў рэзаць хамуты — пры гэтым, рэзаў ён зверху, проста па скуры і венах. Потым нейкім антысептыкам апрацаваў мне парэзы.

Потым пару перавялі ў спартыўную залу.

— Было шмат людзей. Нас паставілі на калені, але пры гэтым сказалі ўперціся лбом у падлогу. Папярэдзілі, што калі нехта страціць раўнавагу, то будуць біць. Я чуў толькі крыкі і пытанні кшталту: «Хто табе плаціць?!». Адзін вельмі тоўсты супрацоўнік сеў на хвасцец маёй дзяўчыне і стаў патрабаваць яе тэлефон.

Затым Дзмітрыя і яго дзяўчыну адвялі ў розныя кабінеты.

— Зайшло некалькі сілавікоў у балаклавах і нейкі лысаваты мужчына гадоў 40 — у адрозненне ад іншых, ён свой твар не хаваў. Мяне паклалі на падлогу, двое трымалі мае ногі. Мужчына сказаў: «Ну, расказвай, як усё было».

Дзмітрый паспрабаваў растлумачыць, што проста ехаў па горадзе і некалькі разоў пасігналіў — а потым усё як закруцілася-завярцелася… Калі ён дайшоў да таго моманту, што спужаўся і паспрабаваў з'ехаць, хлопца зноў пачалі збіваць.

Фота з асабістага архіва героя

— Яны білі, а потым казалі: «Давай распавядай» — і так некалькі разоў. Сілавікі спрабавалі выбіць нейкія патрэбныя ім паказанні, а я нават не мог зразумець, што канкрэтна яны хочуць пачуць.

Пасля трэцяга кола я не вытрымаў: «Што мне трэба сказаць?!». Сілавікі сказалі, быццам я задавіў двух амапаўцаў. Я паспрабаваў знайсці больш-менш нейтральны адказ. Сказаў, быццам пры выездзе мог незнарок наехаць на нагу аднаму з амапаўцаў.

Гэта часова задаволіла сілавікоў — Дзмітрыя адправілі запісваць відэапрызнанне. Але і ў гэты раз хлопец паспрабаваў распавесці сапраўдную гісторыю. Яго зноў пачалі збіваць — што было далей, Дзмітрый не памятае.

Наступныя ўспаміны хлопца звязаны з тым, як яго некуды вязуць у бусе. У выніку ён трапіў у РУУС Цэнтральнага раёна.

— Мяне завялі на трэці паверх і паставілі да сценкі. Я ўжо ведаў, што трэба станавіцца, шырока расставіўшы ногі. Але аднаму вырадку нешта не спадабалася, і ён ударыў мяне з унутранага боку калена — мая нага літаральна склалася напалову. Парваліся звязкі, парваўся меніск. Было жахліва балюча. Я пачаў мацюкацца на яго. Дзіўна, але сілавік нічога не адказаў. Напэўна, разумеў, што перастараўся.

Наступны допыт праводзіў мужчына ў майцы з надпісам «Следчы камітэт». З’явіліся таксама даішнікі, якія і спынілі Дзмітрыя — яны далі супраць яго ілжывыя паказанні.

— Ад мяне пачалі патрабаваць новыя паказанні. Некалькі гадзін таму было трэба, каб я сказаў, што задавіў двух амапаўцаў, цяпер — што наехаў на нагу даішніку.

Праз паўтары гадзіны Дзмітрыю далі на подпіс пратакол. Ён кажа, што фізічна не мог нічога прачытаць, бо літары скакалі перад вачыма. Але падпісаць, вядома, прыйшлося.

Пасля гэтага хлопец апынуўся ў сумнавядомым дворыку Цэнтральнага РУУС — ужо была ноч. Дзмітрый кажа, што нягледзячы на лета яму падалося, што гэта была самая халодная ноч у яго жыцці.

— Тое, што адбывалася, я магу апісаць вельмі коратка: людзі ляжалі на зямлі, іх перыядычна збівалі, для прыколу аблівалі вадой. Прымушалі спяваць гімн і крычаць «Я люблю АМАП!». Сагрэцца можна было адным спосабам — папрасіць дазволу папрысядаць. У прыбіральню пускалі не ўсіх — незразумела, якой логікай яны кіраваліся. Я часта прасіўся туды, бо ванітавала ўвесь час. Гэта нядзіўна, таму што ў мяне была чэрапна-мазгавая траўма.

Дзмітрый кажа, што на яго вачах збівалі і відавочна непаўналетніх, і пенсіянераў. З ранку ўсіх прымушалі падпісаць нейкія паперы. Тых, хто не пагаджаўся, пачыналі моцна збіваць пры ўсіх.

Фота з асабістага архіва героя

— Мне далі шмат белых лістоў і запатрабавалі паставіць подпіс на кожным. Я спытаў, чаму яны пустыя, мяне ўдарылі — і я ўсё падпісаў.

Трапіў Дзмітрый і на Акрэсціна. Каля 50 затрыманых загналі ў дворык для прагулак зняволеных і трымалі там амаль да самай ночы.

— Вельмі хацелася піць, мы ўвесь час прасілі вады. Кожныя 15 хвілін нам абяцалі, што хутка нехта прынясе бутэлькі. Кагосьці адводзілі, каб збіць. Некаторых збівалі так, што яны ўжо не маглі крычаць — іх выносілі.

Каля 2 гадзін ночы Дзмітрыя разам з іншымі хлопцамі паклікалі падпісаць позвы ў суд.

— Увесь час прывозілі новых людзей, трафік быў вар'яцкі. Мусіць, таму нас вырашылі адпусціць. Калі я ішоў на выхад, то чуў жаночыя крыкі, а на асфальце было вельмі шмат жаночых валасоў — у мяне было такое пачуццё, што раскідалі нейкую неверагодную колькасць парыкоў. Сілавік з аўтаматам, які выпускаў мяне, сказаў: «Калі абернешся, я стрэлю ў цябе».

Дзмітрыя сустрэлі валанцёры, яны далі тэлефон, каб той патэлефанаваў родным. Потым разам з роднымі хлопец паехаў у бальніцу зафіксаваць траўмы і ў пракуратуру, каб напісаць заяву.

— Я трапіў у БХМД, дзе некалькі тыдняў лячыўся. Неўзабаве даведаўся, што ў дачыненні да мяне распачалі крымінальную справу за супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў.

Пасля хлопца на месяц адправілі ў рэабілітацыйны цэнтр у Аксакаўшчыну. Ён прызнаецца, што на той момант гэта быў адзін з самых спакойных перыядаў у ягоным жыцці.

— Па-першае, мне падабалася быць далей ад усяго гэтага жаху. Па-другое, мне пашанцавала — да мяне не прыставілі ніякага канвою.

Некалькі разоў Дзмітрыю прыйшлося з'ездзіць на допыты і адзін раз на апытанне як пацярпелы.

— Цяпер смешна, але апытанне мяне ў якасці пацярпелага праходзіла нашмат больш жорстка, чым допыты. Было пачуццё, што сілавік у Следчым камітэце хацеў мяне, змагара такога, задушыць голымі рукамі.

Дзмітрыю прыйшлося даць падпіску аб нявыездзе.

— Аднойчы мне патэлефанавалі і сказалі, што ў мяне ёсць 30 хвілін на тое, каб прывезці наяўнымі (абавязковае патрабаванне) заклад у памеры 5500 рублёў. Казалі, калі грошай не будзе, дык возьмуць пад варту.

Пасля таго, як Дзмітрый даведаўся, што на яго завялі другую крымінальную справу — за пашкоджанне маёмасці (амапаўскага бусіка), ён вырашыў уцячы з Беларусі.

Фота з сайта bysol.org

З Масквы хлопец вылецеў у Турцыю, а адтуль хацеў адправіцца ў Польшчу (у яго была польская турыстычная віза). Аднак з-за каранавірусных абмежаванняў яго не пускалі на рэйс да Варшавы. Туркі сцвярджалі, што могуць прапусціць у самалёт толькі чалавека з працоўнай візай.

— На той момант праз падзеі ў Беларусі польскі ўрад дазволіў прыязджаць беларусам з любымі візамі, але туркі ў гэта адмаўляліся верыць.

Хлопец застаўся начаваць у аэрапорце. Прачнуўся ранкам, пабачыў самалёт у Кіеў і вырашыў ляцець туды. А ўжо адтуль на аўтобусе Дзмітрый прыехаў на польскую мяжу і распавёў памежнікам пра сваю сітуацыю — польскай ён не ведаў, таму размаўляў на англійскай і з дапамогай мовы жэстаў.

З таго часу Дзмітрый жыве ў Варшаве. Яго дзяўчына да апошняга не хацела з'язджаць з Беларусі, нягледзячы на ўгаворы. Але пасля таго, як яе выклікалі на допыт, усё ж выправілася ў Польшчу.

Маладыя людзі атрымалі міжнародную абарону і жывуць разам. На жаль, траўмы, атрыманыя ў 2020 годзе, і да гэтага часу дастаўляюць Дзмітрыю шмат праблем. Ён вельмі баяўся, што праз пару гадоў не зможа перасоўвацца без мыліц, таму вырашыўся на аперацыю на калене.

— Праз гіганцкія чэргі чакаць бясплатную аперацыю трэба 2-3 гады. А ў мяне столькі часу няма.

Таму хлопец вырашыў рабіць аперацыю платна. «Байсол» аб’явіў збор сродкаў для Дзмітрыя, каб дапамагчы ў такі складаны момант (грошы будуць патрэбны на рэабілітацыю і лекі).

— Аперацыю ўжо зрабілі, зараз 3-4 месяцы мне трэба двойчы на тыдзень хадзіць да рэабілітолага. Потым можна будзе ўжо займацца самастойна.

Чытайце таксама:

«У калоніі напісала завяшчанне, думала, што не вытрымаю». Палітзняволеная з’ехала ў Варшаву і адкрывае школу танцаў

«Адвакат сказаў: усе, хто здымалі, ужо сядзяць». Жанчына, якая зняла расійскую вайсковую тэхніку, пасля затрымання экстрана з'ехала з Беларусі 

«А калі табе ў**аць па галаве?» Дзяўчына прыехала ў Беларусь замяніць пашпарт — і апынулася за кратамі. Вось яе гісторыя

Каментары15

  • Балюча чытаць
    25.03.2024
    Які жах і боль. І як толькі тыя хто ўсё гэта рабілі жывуць з гэтым?
  • ДWq936
    25.03.2024
    Проста жах. Такіх гісторый у Беларусі тысячы і тысячы. Два псіхічна хворыя садысты захапілі уладу у Беларусі і Расеі. Адзін забівае украінцаў а другі здзеквацца над сваім народам. Калі ужо усё гэта скончыцца, так хочыцца дажыць да канца і убачыць усіх злачынцаў у клетцы.
  • Kotya
    25.03.2024
    ДWq936, ну какие два? Лукашенко и путин это просто верх того что есть, а вот гаишники, омон и тд - этих садистов не один и не два и всех не посадишь

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні8

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні

Усе навіны →
Усе навіны

Стрыжак тлумачыць, чаму супраць перамоваў з лукашэнкаўцамі і якая яго прапанова1

Сталі вядомыя падрабязнасці сустрэчы Дуды і Сі Цзіньпіна наконт рэжыму Лукашэнкі

На таргах у Мінску даляр з салідным запасам рухнуў да гадавога мініміму1

«Падрыхтоўка да Алімпіяды прайшла не так, як планавала». Ціманоўская расказала, з якім настроем едзе ў Парыж6

Старшыня Генштаба Вялікабрытаніі заявіў, што ёсць толькі тры гады, каб падрыхтавацца да вайны з альянсам дыктатур7

Машыну намесніка начальніка вайсковай часці ўзарвалі ў Маскве. Вайскоўцу адарвала ступні2

У Трампа быў эфектыўны козыр супраць Байдэна. Цяпер ён можа вярнуцца бумерангам 3

«Сімпсаны» яшчэ ў 2000 годзе прадказалі, што Камала Харыс стане прэзідэнтам?2

«Радуйцеся, с*кі!» Чым скончыўся скандал паміж гінекалагіняй-блогеркай і пацыенткай прыватнага медцэнтра?17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні8

Дар‘я Лосік выйшла на свабоду па памілаванні

Галоўнае
Усе навіны →