Нерухомасць77

«Крыўдна, што на доме паставілі кляймо». Як жывецца мінскім навасёлам у нахіленым доме на Купрэвіча?

Звонку і ўсярэдзіне сучасная новабудоўля ў раёне мінскага Уручча не адрозніваецца ад іншых: яна мае яркі фасад, панарамныя балконы, акуратную прылеглую тэрыторыю і нават уласную сажалку пад вокнамі. Адным словам, ідэальнае месца для жыцця ў сталіцы, калі б не адно але: гмах з 16 паверхаў, які прапісаўся на Купрэвіча, 16, даў празмерную ўсадку і нахіліўся больш, чым належыць. З-за непрыемнага сюрпрызу здачу дома затрымалі амаль на пяць гадоў. Летась забудоўшчык — Мінскі домабудаўнічы камбінат — нарэшце ўручыў ключы дольшчыкам 3-й секцыі. «Анлайнер» пагаварыў з навасёламі, каб даведацца, як ім жывецца ў новым доме.

«У доме ўсё пад кантролем, яго рана ці позна здадуць»

Аксана набыла двухпакаёвую кватэру плошчай у 64 «квадраты» ў 2019 годзе. Жанчына жыла з сям'ёй недалёка ад «Клевер парку», таму ведала ўсе выгоды гэтага раёна: чыстае паветра, зялёная зона, добрае транспартнае злучэнне і зручны выезд на МКАД. Планавала атрымаць ключы ў канцы 2019-га, але мара спраўдзілася толькі ў красавіку 2023-га.

«Мы ўсе хваляваліся праз тое, што будоўля зацягнулася, — успамінае суразмоўца. — Я абышла, напэўна, усе міністэрствы, каб растлумачыць сітуацыю, якая дадаткова падагравалася ў СМІ. Пачалася шуміха. Як толькі наш дом ні называлі, нават паставілі кляймо «вежа». Крыўдна пра такое чытаць.

Так, новабудоўля дала ўсадку, але там не было нічога крытычнага. Усе новабудоўлі з гэтым сутыкаюцца, проста не ўсе пра гэта так гучна крычаць. Многія дольшчыкі цярпліва чакаюць здачу першых дзвюх секцый. Некаторыя сапраўды скасоўвалі дамовы, але наша сям'я была ў гэтым плане спакойная: мы проста назіралі і верылі ў лепшае».

Па словах Аксаны, яна планавала купіць кватэру ў 1-й секцыі, здача якой зацягнулася. Пасля жанчына папрасілася перайсці ў 3-ю: там заставалася не занятай такая ж кватэра па метражы і планіроўцы. Ключы жанчына атрымала ў ліку першых дольшчыкаў.

«На прыёмцы кватэры сабралася камісія з 12 чалавек, сярод іх быў і прадстаўнік забудоўшчыка. Нараканняў з нагоды якасці практычна не было: усе дэфекты, якія заўважылі, хутка ліквідавалі. Зрабілі рамонт і сёлета заехалі. Вентыляцыя ў доме выдатная.

Адзіны спрэчны момант — рама на балконе. Мы плануем яе цалкам замяніць, таму што выглядае яна даволі тонкай, на мой погляд. Для мяне балкон — месца для адпачынку, від адтуль выдатны — на парк і сажалку, таму хачу, каб усё было бяспечна».

Аксана прызнаецца: марыць, каб пад'езд і дом цалкам засялілі і ў новабудоўлі нарэшце закіпела паўнавартаснае жыццё. Спадзяецца, што да Новага года так і здарыцца.

«Многія дольшчыкі хочуць хутчэй атрымаць ключы ад кватэр. Напрыклад, мужчына з 2-й секцыі ўжо заняўся ўладкаваннем тэрыторыі, сам высадзіў елкі. Так, многія прыязджаюць, цікавяцца. Я б сама сумнявалася, калі б начыталася таго, што пішуць у сеціве.

Але яшчэ раз паўтаруся: у доме ўсё пад кантролем, яго рана ці позна здадуць цалкам. Ведаю, цяпер прыехалі спецыялісты з Санкт-Пецярбурга, якія актыўна займаюцца гэтым пытаннем і не бачаць нічога катастрафічнага ў сітуацыі, якая склалася».

«Ёсць пытанні да абслугоўвання»

Валянціна прыехала ў госці да дачкі, якая толькі засялілася ў свежую двухпакаёўку. Жанчыну заспелі каля ліфта. Здавалася, яна ведае пра ўсе нюансы дома лепш, чым некаторыя жыхары.

«Сам дом нядрэнны, і месца выдатнае: шмат зеляніны вакол, і няма такой шчыльнай забудовы, як у некаторых іншых раёнах. Мы разглядалі для куплі іншыя новабудоўлі, напрыклад на вуліцы Шчорса, але там тэрмін здачы дома быў у 2023 годзе. Хацелі заехаць раней, у 2019-м, але не атрымалася», — кажа суразмоўца.

Адзіны, на думку Валянціны, недахоп на сёння — абслугоўванне дома. Паводле яе слоў, ёсць пытанні да частаты ўборкі пад'ездаў і спраўнай працы ліфта. Суседнія секцыі, якія пустуюць, жанчыну не бянтэжаць.

«Яны нас не тычацца. Я ўпэўненая: усе нюансы па дому ліквідуюць. Цяпер праходзяць выпрабаванні і папярэднія працы, тым больш падключылі спецыялістаў з Санкт-Пецярбурга. Кватэры ў пытанні планіроўкі зручныя, столі высокія — 2,7 метра, няма паблізу каменных джунгляў. Адзінае, хочацца, каб дом хутчэй засялілі і арганізавалі ТС».

Пазней падчас гутаркі Валянціна прызналася, што яны хацелі забраць грошы, калі даведаліся пра непрыемны сюрпрыз. Але зрабіць гэта было не так проста, таму на сямейнай радзе прынялі рашэнне застацца.

«У нас былі невялікія рознагалоссі, прыйшлося панервавацца, але, па сутнасці, сёння ніводзін забудоўшчык не дасць гарантыю, што завершыць будоўлю ў тэрмін і без «касякоў». Аднак я ўпэўненая: новабудоўлю хутка здадуць, і ўсё забудуць пра гэтую гісторыю, вось убачыце».

Заўважылі яшчэ аднаго жыхара — Уладзіміра. Мужчына выходзіць з ліфта з вялікімі пакетамі будаўнічага смецця: па вачах відаць, што спрабуе хутчэй ад іх пазбавіцца.

Як высветлілася, Уладзімір дапамагае з рамонтам дачцэ, якая стала гаспадыняй прасторнай трохпакаёўкі на 70 «квадратаў».

«Тут выдатны раён. Калі мы ўступалі ў будаўніцтва, цана за метр была даступнай і планіроўкі кватэр нам спадабаліся. Аб праблемах даведаліся потым. Думалі забраць грошы, але зрабіць гэта было няпроста, тым больш іх вярнулі б у рублях, што было вельмі нявыгадна, таму вырашылі застацца. Рамонт мы ўжо амаль скончылі, выношу рэшткі будаўнічага смецця. Засталося завезці мэблю, і можна выдыхнуць», — спехам падсумаваў мужчына і пакінуў пад'езд.

«Фактычна людзі жывуць на будоўлі»

Аляксандр, падобна, адзіны з дольшчыкаў, хто да гэтага часу не падпісаў дакументы аб прыёмцы «квадратаў» у 3-й секцыі новабудоўлі. Ён набыў прасторную трохпакаёўку крыху больш чым за 80 тысяч умоўных адзінак, але так і не адсвяткаваў у ёй наваселле.

«Я быў катэгарычна супраць здачы 3-й секцыі, паколькі прадбачыў тыя праблемы, якія пазней ўсплылі ў доме, — расказвае мінчук. — Так, многія дольшчыкі былі ў эйфарыі, калі атрымалі ключы. Але дабіўшыся здачы 3-й секцыі, яны аказалі велізарную паслугу МДК: забудоўшчык як быццам збольшага вырашыў наяўныя праблемы. Я адмовіўся падпісваць акт прыёму-перадачы да ліквідацыі выяўленых спецыялістамі недахопаў. Так, яны прыкладалі ўсе намаганні, каб выправіць дэфекты, але пакуль праблема застаецца».

Па словах Аляксандра, забудоўшчык даў справаздачу гораду, што секцыя здадзена, і, не дачакаўшыся ні падпісання актаў прыёму-перадачы, ні заключэння дамоў найму жылога памяшкання, ні рэгістрацыі права ўласнасці, перадаў персанальныя звесткі ўсіх удзельнікаў долевага будаўніцтва 3-й секцыі ў РДЦ Першамайскага раёна для налічэння камунальных плацяжоў.

«Я стаў атрымліваць рахункі па «камуналцы», не з'яўляючыся ўласнікам кватэры. Цяпер павінен аплачваць жыроўку, бо забудоўшчык сцвярджае, што я ўласнік жылля. Літаральна ўчора зазірнуў у паштовую скрыню і ўбачыў квітанцыю на 214 рублёў з пазнакай, што «ўласнік не вызначаны». Паводле дамовы долевага будаўніцтва, мае абавязкі па выплаце камунальных плацяжоў яшчэ не наступілі, бо няма дакументаў, але доўг расце і, мяркуючы па ўсім, наперадзе мяне чакаюць судовыя разборы з гэтай нагоды».

Яшчэ адна прычына, па якой мінчук не падпісвае акт прыёму-перадачы кватэры, — адсутнасць доступу да паркінгу. Кажа, што двухпавярховы гараж-стаянка на 191 месца паблізу дома стаіць закрытым больш за год і карыстацца ім немагчыма.

«Наколькі мне вядома, кошт машына-месца ў паркінгу быў закладзены ў кошт квадратнага метра. Калі б я падпісаў акт прыёму-перадачы, скарыстацца стаянкай я б не змог да гэтага часу. Мая пазіцыя ў гэтым пытанні прынцыповая: я пастаўлю подпіс тады, калі мне дадуць доступ да паркінгу. Па паперах, наколькі ведаю, машына-месца павінна быць перададзена разам з кватэрай».

Дадатковы спрэчны момант, пра які расказаў Аляксандр, — праблемы з абслугоўваннем дома і тэрыторыі.

«Ёсць пытанні да вывазу смецця і рэгістрацыі кватэры ў «Водаканале» і «Энергазбыце». Акрамя гэтага, пад'езд заселены дзесьці на 50%, таму ні пра якія тэхнічныя службы гаворкі ісці не можа. Фактычна людзі жывуць на будоўлі. Хутка пачнуць праводзіць работы па ўзмацненні канструкцыі дома, раскурожаць увесь двор, і незразумела, калі гэта скончыцца. Многія ўжо зрабілі рамонты і жывуць, але мне, напрыклад, некамфортна жыць у такіх умовах.

Таксама, нягледзячы на тое, што часткова абслугоўваннем дома і прылеглай тэрыторыі займаецца ЖЭС, па факце я не бачу ні кіравання агульнай маёмасцю, ні нармальнага тэхабслугоўвання новабудоўлі».

«У лютым забілі пробныя палі і правялі выпрабаванні. Чакаем вынікаў экспертызы»

Журналісты патэлефанавалі ў МДК пад выглядам звычайнага пакупніка, каб растлумачыць сітуацыю з нагоды стану дома і крытай паркоўкі, якая застаецца недаступнай для ўладальнікаў «квадратаў».

«Цяпер 1-я і 2-я секцыі знаходзяцца пад наглядам. У 2020 і 2021 гадах спецыялісты рабілі ўзмацненне грунтаў і падмурка, — уводзіць у курс справы прадстаўнік забудоўшчыка. — Восенню мінулага года новабудоўлю абследавала камісія з Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага ўніверсітэта. Разам з супрацоўнікамі Беларускага інстытута жылля-НІПЦІС імя Атаева вызначылі, што дому патрабуецца ўзмацніць канструкцыі падмурка 1-й і 2-й секцый. У лютым гэтага года былі забітыя пробныя палі, а пару дзён таму прайшлі іх выпрабаванні. Цяпер спецыялісты праводзяць экспертызу, і толькі пасля гэтага стане зразумела, якія меры будуць прымацца далей».

«Самі работы па ўстаноўцы паляў вядуцца ўсярэдзіне дома, паміж 1-й і 2-й секцыямі, таму як такога дыскамфорту ў жыхароў высокага дома няма. Трэцяя секцыя здадзена ў эксплуатацыю ў сакавіку 2023 года. Кватэры, якія засталіся неразмеркаванымі, мы аформілі ва ўласнасць і прадаем праз аўкцыён. Іх усяго пяць.

Месца ў крытым паркінгу ў кошт не ўваходзіць. Сёння там ёсць вольныя месцы, і, магчыма, крыху пазней мы таксама рэалізуем іх праз аўкцыён. Пакуль стаянка для аўтамабіляў закрытая».

На пытанне, чаму ўладальнікі кватэр не могуць карыстацца паркоўкай, у МДК не адказалі. Па словах прадстаўніка забудоўшчыка, у доме на вул. Купрэвіча, 16 калісьці сфармавалася ТС, але ў сувязі з тым, што дзве секцыі так і не ўвялі ў эксплуатацыю, дом перадалі на баланс ЖКГ Першамайскага раёна. Ёсць верагоднасць, што падобная сітуацыя ўзнікла і з паркінгам.

«Хто будзе адказваць за яго абслугоўванне, пакуль няясна. Калі ў найбліжэйшы час яму знойдуць гаспадара, пытанне з доступам на стаянку для жыхароў будзе вырашана», — падсумавалі ў МДК.

Каментары7

  • Чел
    20.03.2024
    Пейзане, гы-гы.
  • Ганьба
    20.03.2024
    Парадавалі першыя аптымісты - трэцяя секцыя іх не тычыцца, спецыялісты з самаго Пецярбургу прыязджалі - усё парашалі! А потым прыйдзе Пізанская вежа, і яны такія: Так не хочацца з'язджаць, усё было так утульна, па-хатняму...
  • Ёсік
    20.03.2024
    Першая кабета аб чыстым паветры нешта кажа. Дык метраў 300-400 прадпрыемства Агат-сістэм, перыядычна нейкім серавадародам сьмярдзіць.

Сілавікі просяць у беларусаў за мяжой паведаміць свой адрас ці выслаць дамову арэнды. Што вядома?16

Сілавікі просяць у беларусаў за мяжой паведаміць свой адрас ці выслаць дамову арэнды. Што вядома?

Усе навіны →
Усе навіны

Яшчэ адна ахвяра непагадзі: у Магілёўскім раёне загінула 5-гадовая дзяўчынка

На беларуска-літоўскай мяжы упершыню за доўгі час з'явілася чарга з аўтобусаў1

Рыжанкоў: Беларусь гатова да дыялогу з Польшчай па сітуацыі на мяжы20

У залатой буцы на Еўра-2024 адразу некалькі ўладальнікаў

Як адрозніваюцца ўмовы працы для ІП у Беларусі і Літве? 1

Анёл Смерці. Гісторыя беларускі, якая паведамляе родным загінулых каліноўцаў пра іх гібель3

Аргенціна выйграла Кубак Амерыкі па футболе — і гэта таксама рэкорд

Як адразу пасля замаху на Трампа сацсеткі запоўнілі тэорыі змовы і пры чым тут Ілан Маск32

У Брэсце закансервуюць руіны 400-гадовага кляштара. Гэта адзінае збудаванне, што засталося ад гістарычнага Берасця4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сілавікі просяць у беларусаў за мяжой паведаміць свой адрас ці выслаць дамову арэнды. Што вядома?16

Сілавікі просяць у беларусаў за мяжой паведаміць свой адрас ці выслаць дамову арэнды. Што вядома?

Галоўнае
Усе навіны →