Грамадства1313

«Час паказаў». 30 год таму ў Беларусі прынялі Канстытуцыю і ўвялі прэзідэнцтва. Як гэта было

15 сакавіка — 30-я гадавіна прыняцця першай Канстытуцыі незалежнай Беларусі, якая сярод іншага замацавала прэзідэнцкае кіраванне. Радыё Свабода публікуе раздзел кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста чацвёрты».

Лукашэнка прымае прысягу, трымаючы руку на Канстытуцыі. Фота: Радыё Свабода

Зроблена гэта было, як лічылася, пад тагачаснага прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча. Перад гэтым Кебіч рукамі старшыні «антыкарупцыйнай камісіі» Лукашэнкі выштурхнуў з улады некаторых з тых, хто яму, як ён лічыў, перашкаджаў. Магчыма, у гэты самы дзень (а можа, і крыху раней альбо пазьней — зрэшты, гэта неістотна) у Авальнай залі я сказаў Кебічу, што ён памыляецца, калі лічыць Лукашэнку палітычным паплечнікам.

«Час пакажа», — адказаў прэм’ер.

Час паказаў хутка: ужо 27 сакавіка Лукашэнка ў жывым эфіры беларускага радыё заявіў, што «калі Кебіч ня будзе прэзыдэнтам — ён будзе сядзець у турме».

Кебіч ня стаў прэзыдэнтам. Але — і ў турму ня сеў. У турме апынуліся, калі лічыць СІЗА і розныя Акрэсьціна, тысячы тых, хто імкнуўся выправіць зробленае на першых прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году.

Але «прадмовай» да прэзыдэнцкай кампаніі было прыняцьце Канстытуцыі. І, перш чым перайсьці да партрэтаў кандыдатаў, іх праграмаў ды пэрыпэтыяў барацьбы — варта даць невялікую гістарычную рэтраспэкцыю-прадмову ад самага пачатку існаваньня незалежнай беларускай дзяржавы. У гэтай прадмове я пазьбегну ўласных ацэнак.

Аматары шукаць знакі ды сымбалі могуць убачыць нядобрае прадвесьце ў тым, як 1994 год пачаўся:

«Тэлегледачы Беларусі мелі мажлівасьць параўнаць навагоднія віншаваньні (з 1994 годам — С.Н.) Барыса Ельцына расіянам і Станіслава Шушкевіча грамадзянам Беларусі. Прэзыдэнт Расеі ўспрымаўся менавіта як прэзыдэнт. Ён прадстаў перад гледачамі ў інтэр’еры свайго рабочага кабінэта, упрыгожанага расейскай дзяржаўнай сымболікай. Калі прэзыдэнт скончыў прамову, на экране ўзьнік у начным небе асьветлены пражэктарамі расейскі трыкалёр. Гучаў Дзяржаўны гімн. Потым трыкалёр зьмянілі віды Крамля, начной Масквы. Ва ўсіх, хто глядзеў у гэты момант тэлевізар, склаўся вобраз вялікай, моцнай дзяржавы.

Станіслаў Шушкевіч сядзеў на фоне сьцяны незразумелага колеру (узьнікалі асацыяцыі з бальніцай альбо казармай), на стале стаяла чэзлая ёлачка і пакамечаны бел-чырвона-белы сьцяжок. Калі скончылася віншаваньне, на экране на нейкую хвіліну зьявілася невыразная застаўка зь бел-чырвона-белым сьцяжком, а потым — такія ж невыразныя «навагоднія» малюнкі. І ўсё.

Можа, недапрацавала пэўная рэдакцыя Беларускага тэлебачаньня, а можа, усё гэта і невыпадкова… Мы ведаем, як ставяцца да Беларускай дзяржавы пракамуністычныя ўлады, як дбаюць яны аб яе прэстыжы і прывабным вобразе». («Літаратура і мастацтва», 7 студзеня 1994 г.).

У 1994 год Беларусь увайшла пад значным уплывам Расеі — фактычна, ужо ў канцы 91-га пачаўся эканамічны ціск Масквы, які з 1992 году спалучаўся з імкненьнем уцягнуць Беларусь у зону ўплыву расейскага Генштабу. 1993 год можна назваць вяршыняй нацыянальнага Адраджэньня — адкрывалася вялікая колькасьць беларускіх школаў, з удзелам вышэйшага кіраўніцтва краіны прайшлі ўрачыстасьці ў гонар утварэньня БНР і першы зьезд беларусаў сьвету. Але, адначасна — з войска былі звольненыя сотні беларускіх афіцэраў — актывістаў БЗВ, падпарадкаваныя Саўміну СМІ адкрыта прапагандавалі шавіністычных, праімпэрскіх палітыкаў. Прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч заяўляў, што раскайваецца ў падпісаньні Белавескіх пагадненьняў.

У ліку бліжэйшых дарадцаў Кебіча апынуліся асобы (у тым ліку і дэпутаты Вярхоўнага Савету), якія адкрыта пазыцыянавалі сябе як прарасейскія. Найбольш актыўнымі сярод іх былі дзяржсакратар у справах бясьпекі Генадзь Данілаў, ягоны намесьнік, дэпутат ВС Генадзь Казлоў (ён жа — і каардынатар пракебічаўскай, самай вялікай у ВС дэпутацкай групы «Беларусь») і прэсавы сакратар кіраўніка ўраду Ўладзімер Замяталін. Пазьней Вячаслаў Кебіч прызнаецца ў мэмуарах, што спэцслужбы Расеі мелі доступ да тэлефонных размоваў вышэйшага кіраўніцтва Беларусі, у тым ліку і старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча. Пачалася кампанія за ўваход Беларусі ў расейскую «рублёвую зону».

Аднак калі прарасейская саўмінаўская група дзейнічала ў інтарэсах Расеі і фармальна не рабіла заяваў пра ліквідацыю Незалежнасьці (а толькі настальгавала па СССР), дык Аляксандар Лукашэнка ў 1993 годзе заявіў пра неабходнасьць аднаўленьня імпэрыі — хай бы нават пакуль толькі ў межах Расеі і Беларусі. «Сувэрэнітэт — не ікона, на якую трэба маліцца», — сфармуляваў сваё палітычнае крэда ў тым жа 93-ім найбліжэйшы да яго дэпутат, старшыня заканадаўчай Камісіі і сябра Прэзыдыюму ВС Дзьмітры Булахаў.

Адразу пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці 25 жніўня 1991 года Апазыцыя БНФ запатрабавала правядзеньня выбараў у новы парлямэнт. Супраць гэтага выступілі былыя камуністы (іх у Вярхоўным Савеце была большасьць) і новаабраны сьпікер Станіслаў Шушкевіч.

Калі з камуністамі зразумела, дык пазыцыя Шушкевіча патрабуе пэўных тлумачэньняў.

Розьніца паміж падыходамі Шушкевіча і Апазыцыі БНФ палягала ў наступным. Шушкевіч лічыў, што спачатку Канстытуцыя, а потым — выбары. Апазыцыя ж была перакананая, што спачатку трэба абраць новы парлямэнт, і толькі новы Вярхоўны Савет (Сойм) мае права вызначыць канстытуцыйны лад краіны. Шушкевіч быў перакананы, што зь Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня можна працаваць, што дэпутаты, усе гэтыя былыя сакратары райкамаў і дзейныя старшыні калгасаў, генэралы і намесьнікі міністраў, здольныя ўспрыняць дэмакратычныя ідэі і ўвасобіць іх у Асноўным законе. Аргумэнты Апазыцыі БНФ палягалі ў тым, што першыя месяцы існаваньня незалежнай дзяржавы выявілі поўную няздольнасьць намэнклятуры ператварыцца з выканаўцаў распараджэньняў Масквы ў самастойных палітыкаў; да таго ж, ужо на пачатку 1992 году парлямэнцкая большасьць вырашыла скасаваць рашэньне аб прыпыненьні дзейнасьці КПБ-КПСС. Дэпутаты Апазыцыі БНФ папярэджвалі, што прынятая дэпутатамі-экс-камуністамі Канстытуцыя ня будзе адпавядаць патрэбам грамадзтва.

Рознасьць у падыходах выявілася і ў гісторыі з рэфэрэндумам аб датэрміновых выбарах. Не знайшоўшы ў дэпутацкай большасьці падтрымкі сваім прапановам па ўмацаваньні дзяржаўнасьці, дэмакратызацыі і правядзеньні эканамічных рэформаў, БНФ яшчэ раз запатрабаваў новых выбараў — гэтым разам ужо праз рэфэрэндум.

Вясной 1992 году БНФ прадставіў у ЦВК 442 тысячы подпісаў грамадзянаў за правядзеньне датэрміновых выбараў (закон патрабаваў 350 тысяч), аднак старшыня ВС Станіслаў Шушкевіч адмовіўся склікаць сэсію для прызначэньня даты рэфэрэндуму. У манапалізаваных Саветам Міністраў СМІ распачалася кампанія супраць рэфэрэндуму; яе лёзунгам было — «Коней на переправе не меняют». Сэсія сабралася толькі ўвосень; 29 кастрычніка большасьць дэпутатаў прагаласавалі супраць рэфэрэндуму.

Узамен рэфэрэндуму Шушкевіч і Вярхоўны Савет абавязаліся скараціць на адзін год тэрмін кадэнцыі Вярхоўнага Савету і прысьпешыць прыняцьце Канстытуцыі.

Дзеля апошняй мэты быў пашыраны склад Канстытуцыйнай камісіі — у яе ўключылі некалькі дзясяткаў дэпутатаў. Паколькі вырашылі ўключыць усіх, хто пажадае — увайшлі як прадстаўнікі праўрадавай групы «Беларусь», гэтак і дэпутаты Апазыцыі БНФ.

У асноўным да пачатку 1993 году праект Канстытуцыі быў падрыхтаваны; у яе прэамбуле нават былі радкі пра пераемнасьць беларускай дзяржавы ад БНР і Вялікага Княства Літоўскага (унесеныя дэпутатамі БНФ і пры абмеркаваньні выкрасьленыя парлямэнцкай большасьцю). Канстытуцыю можна было б прымаць — але ізноў узьнікла пытаньне пра ўвядзеньне пасады прэзыдэнта.

Першы раз ідэя прэзыдэнцтва выносілася ў траўні 91-га з ініцыятывы камуністаў (якія мелі дзьве кандыдатуры на гэтую пасаду — першага сакратара ЦК КПБ Анатоля Малафеева і старшыню Саўміну Вячаслава Кебіча).

Гэтым разам пункт пра прэзыдэнцтва вынесьлі тыя ж самыя дэпутаты, але цяпер ужо з адзіным фаварытам — Вячаславам Кебічам, які ўладкаваў у структуры Саўміну ў сталіцы і выканаўчыя органы ў рэгіёнах тых некалькі дзясяткаў дэпутатаў, якія пасьля спыненьня дзейнасьці КПБ у 91-м засталіся бяз працы. Пазьней мы падрабязна спынімся на фігуры Кебіча, цяпер жа адзначым, што Кебіч фактычна кантраляваў большасьць Вярхоўнага Савету і цалкам — выканаўчую ўладу ў Беларусі, але гэтага яму падалося мала. Усе суседзі Беларусі ўвялі пасады прэзыдэнта. У Латвіі прэзыдэнтам быў сын рэпрэсаваных Ульманіс, у Польшчы — лідэр «Салідарнасьці» Валэнса. Але ў Расеі быў прэзыдэнт Ельцын, былы сакратар Сьвярдлоўскага абкаму і Маскоўскага гаркаму, ва Ўкраіне — былы загадчык аддзелу і сакратар ЦК кампартыі УССР Краўчук, у Літве — былы сакратар ЦК Бразаўскас. Чаму б былому сакратару Менскага гаркаму і абкаму і загадчыку аддзелу ЦК КПБ Кебічу ня ўзяць гэтую прыступку?

Камуністычная, а пазьней пракебічаўская большасьць пэрыядычна высоўвала ідэю прэзыдэнцтва як спосаб «моцнай улады і гарантыі ад эканамічнага хаосу», Апазыцыя БНФ бачыла ў прэзыдэнцтве пагрозу скасаваньня нават існых дэмакратычных нормаў і папярэджвала пра ўсталяваньне дыктатуры.

На пасяджэньнях Канстытуцыйнай камісіі праціўнікі ўвядзеньня прэзыдэнцтва да пэўнага моманту перамагалі; у немалой ступені таму, што супраць заснаваньня гэтай пасады выступаў Станіслаў Шушкевіч (як старшыня ВС ён быў і старшынём Канстытуцыйнай камісіі). Пра непрыманьне прэзыдэнцтва Шушкевіч заяўляў ня толькі на камісіі, але і ў публічных выступах. Аднак у пачатку 93-га ён зьмяніў пазыцыю на супрацьлеглую. Гэта зьмяніла і расстаноўку сілаў у Канстытуцыйнай камісіі — прэзыдэнцтва было ўнесенае ў праект Канстытуцыі.

Пасьля таго як 31 сьнежня 1993 году Шушкевіч падпісаў дакумэнт аб далучэньні Беларусі да Дамовы аб калектыўнай бясьпецы СНД (што фактычна азначала ўцягваньне краіны ў арбіту расейскіх вайсковых інтарэсаў), ён страціў апошніх прыхільнікаў у парлямэнцкай апазыцыі. Аднак апазыцыянэры не галасавалі за ініцыяваную дэпутатам Аляксандрам Лукашэнкам адстаўку Шушкевіча, патлумачыўшы гэта тым, што на месца Шушкевіча намэнклятура паставіць цалкам «свайго» чалавека. Тым ня менш галасоў дэпутатаў Апазыцыі БНФ не хапіла, каб заблякаваць галасаваньне — 27 студзеня 1994 году Шушкевіч быў адхілены ад пасады. На пасаду старшыні быў абраны Мечыслаў Грыб, які ў якасьці старшыні парлямэнцкай камісіі па абароне быў «таранам» для прасоўваньня ідэі далучэньня Беларусі да Дамовы аб калектыўнай бясьпецы.

«Абраны на месца Шушкевіча Мечыслаў Грыб «тронную прамову» гаварыў на дзяржаўнай мове Рэспублікі Беларусь, але скончыў — «Спасибо за доверие, дорогие товарищи!» («Літаратура і мастацтва», 4 лютага 1994 г.).

Абраньне Грыба супала з новай хваляй актывізацыі рабочага руху; лідэры Рэспубліканскага страйкаму падтрымалі палітычныя патрабаваньні Апазыцыі БНФ. Страйк ахапіў сотні прадпрыемстваў у дзясятках гарадоў Беларусі.

«15 лютага ў 12.00 на плошчы Свабоды ў Віцебску клюб выбарнікаў «За дэмакратычныя выбары» правёў сустрэчу дэпутатаў… Сходам быў падтрыманы бестэрміновы страйк, распачаты па ініцыятыве Рэспубліканскага страйкаму. Было канстатавана, што ўрад Кебіча і Вярхоўны Савет, які страціў сваю легітымнасьць, ніколі ня пойдуць на рэформы ў інтарэсах незалежнай Беларусі і яе народа. Падчас сустрэчы была прынятая рэзалюцыя: 1. Патрабаваньне адстаўкі ўраду Кебіча. 2. Стварэньне ўраду народнага даверу. 3. Датэрміновыя выбары ў новы Вярхоўны Савет па новым выбарчым законе. Ад клюбу выбарнікаў «За дэмакратычныя выбары» Плешчанка, Падгол, Хамайда, Мацьвееў, Гаўруцікаў, Жыгулоў, Баландаў» («Выбар», 7(75), 1994).

15 лютага некалькі тысяч чалавек прайшлі ад плошчы Незалежнасьці вуліцай Карла Маркса да будынку Вярхоўнага Савету; патрабаваньні страйкаму былі перададзены Мечыславу Грыбу. Аднак Грыб паставіўся да патрабаваньняў не як сьпікер парлямэнту, а як генэрал міліцыі. У Менску і рэгіёнах пачаліся затрыманьні ўдзельнікаў масавых акцый. Гэта былі першыя затрыманьні за палітычную дзейнасьць з моманту абвяшчэньня Незалежнасьці Беларусі.

«Да судовай адказнасьці прыцягнутыя лідэры свабодных прафсаюзаў, Рады страйкавых камітэтаў, актывісты рабочага руху. Распачатыя ганеньні на актывістаў БНФ, рабіліся спробы запалохаць народных дэпутатаў Беларусі, якія сваім аўтарытэтам падтрымалі ўдзельнікаў страйку». («Літаратура і мастацтва», 25 лютага 1994 г.).

Па кожным затрыманьні дэпутаты БНФ зрабілі запыт — і на кожны атрымалі адказ. Кшталту вось гэтага:

«Міністэрствам унутраных спраў разгледжаны дэпутацкі запыт народнага дэпутата Рэспублікі Беларусь Навумчыка С.І. аб правамернасьці дзеяньняў работнікаў міліцыі пры затрыманьні грамадзян за адміністрацыйныя парушэньні… Парушэньняў законнасьці з боку органаў унутраных спраў ня выяўлена. Міністар У. А. Данько, 4 сакавіка 1994 г.».

У дзяржаўнай прэсе разгарнулася кампанія супраць БНФ і страйкаму.

Свае меркаваньне выказаў доктар філязофскіх навук, прафэсар Іван Антановіч.

«Антановіч: Гэта — палітычны радыкалізм, праяўлены ў той час, калі ён нам зусім непатрэбны. Бо мы — амаль адзіны на сёньня адносна стабільны рэгіён СНД. Тое, што адбылося — палітычная недарэчнасьць, бо прафсаюзы ня маюць права заклікаць да палітычнай стачкі… Грамадзтву патрэбная не барацьба, а стваральная работа… Што сёньня азначае страйк пад лёзунгам «Далоў уладу?» Ці зьменіць ён хоць на ёту крытычны эканамічны стан рэспублікі?

Карэспандэнт: А Вам не здаецца, што цяперашняя сытуацыя — вынік палітыкі гэтага ж ураду?

Антановіч: Не. Гэта — вынік абсалютна аб’ектыўных абставін… А калі прыйдуць да ўлады нацыянал-дэмакраты — то ўвогуле пусьцяць па ветру краіну.

Карэспандэнт: Вы былі сакратаром ЦК расейскай кампартыі?

Антановіч: Так. І членам Палітбюро». («Звязда» 26 лютага 1994).

(Дадам, што ў 1980-я гады Антановіч быў загадчыкам аддзелу культуры ЦК КПБ; менавіта на гэтай пасадзе, паводле Алеся Адамовіча, ён заявіў, што калі ў выніку ядзернай вайны паміж СССР і ЗША ў жывых застанецца адзін чалавек, самае важнае, каб гэта быў савецкі чалавек. Пры Лукашэнку Антановіч зойме пасаду міністра замежных спраў).

Вэтэраны Ўзброеных сілаў выказваліся больш рашуча:

«Савет афіцэраў Беларусі накіраваў ліст парлямэнту і ўраду рэспублікі, а таксама Генэральнаму пракурору і міністру юстыцыі, у якім зьмяшчаецца патрабаваньне прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці лідэра БНФ Пазьняка за распальваньне нацыянальнай варожасьці і стварэньне ваенізаванага фармаваньня — БЗВ. Савет афіцэраў лічыць, што публікацыя ў «Народнай газэце» артыкула Пазьняка «Аб рускім імпэрыялізьме і яго небясьпецы» накіравана на распальваньне варожасьці да рускага народа і падрыў дамоўленасьцяў з Расеяй аб эканамічным супрацоўніцтве» («Постфактумрадыё», 26 студеня 1994 г.).

Мечыслаў Грыб прысьпешыў прыняцьце Канстытуцыі — прычым ужо з пасадай прэзыдэнта. Аднак разьдзелы, якія вызначалі функцыі прэзыдэнта, Вярхоўнага Савету і мясцовага самакіраваньня, не набіралі патрэбнай, «канстытуцыйнай» большасьці галасоў. Дэпутаты Апазыцыі БНФ пацьвердзілі сваю нязгоду з увядзеньнем пасады прэзыдэнта, асабліва ў яе «моцным» варыянце. Сваю пазыцыю фронтаўцы абгрунтавалі тым, што ва ўмовах адсутнасьці дэмакратычных традыцый, неразьвітай партыйнай сыстэмы і падкантрольнага выканаўчай уладзе парлямэнту — прэзыдэнцтва, праз канцэнтрацыю ўлады, непазьбежна трансфармуецца ў дыктатуру.

«Валянцін Голубеў, член рабочай групы, Апазыцыя БНФ: Нам прапануюць прагаласаваць за ўвядзеньне пасады прэзыдэнта як кіраўніка выканаўчай улады… плюс да ўсяго, мы ізноў будзем мець непрафэсійны парлямэнт. Вось, калі хочаце, клясычная мадэль разбалянсаванай улады. Я хачу сказаць, што ЗША — адзіная ў сьвеце краіна, дзе інстытут прэзыдэнцтва быў уведзены бесканфліктна. Звычайна гэта спалучаецца з палітычнымі катаклізмамі». («Знамя юности», 2 сакавіка 1994 г.).

Аднак за ўвядзеньне прэзыдэнцтва выступілі групы Аляксандра Лукашэнкі і Генадзя Карпенкі. Прыкметна, што яшчэ ў студзені і тыя, і другія спрыялі адстаўцы Станіслава Шушкевіча. І Карпенка, і Лукашэнка мелі ўласныя прэзыдэнцкія амбіцыі. Прычым калі прыхільнікі Карпенкі ў Вярхоўным Савеце былі ня самыя заўважныя як дэпутаты, дык за Лукашэнку выступілі добра вядомыя і па-за межамі Авальнай залі Дзьмітры Булахаў і Віктар Ганчар. Менавіта юрысты Булахаў і Ганчар падтрымалі распрацаваны прыхільнікамі Кебіча і прапанаваны Мечыславам Грыбам варыянт прыняцьця спрэчных разьдзелаў Канстытуцыі «пайменнымі бюлетэнямі» на працягу некалькіх дзён.

Справа ў тым, што Вярхоўны Савет ніколі не зьбіраўся ў поўным складзе — нехта з дэпутатаў хварэў, нехта быў у замежжы, у некага былі неадкладныя справы па месцы працы, а былі і такія, хто ўвогуле жыў у іншай краіне. Неабходная для прыняцьця законаў колькасьць галасоў (палова ад абраных дэпутатаў плюс адзін голас) звычайна была; канстытуцыйную ж большасьць (дзьве траціны ад абраных дэпутатаў) атрымаць было цяжка. Сытуацыя значна ўскладнілася пасьля таго, як Апазыцыя БНФ і некаторыя дэмакратычныя дэпутаты адмовіліся браць удзел у галасаваньні па «прэзыдэнцкім» і іншых разьдзелах.

Вось тады і быў прыдуманы варыянт галасаваньня бюлетэнямі цягам трох дзён. Кебіч даў каманду «сабраць як мага болей» — і Саўмін разам зь мясцовымі выканкамамі арганізаваў прывоз дэпутатаў у Дом ураду. Менавіта прывоз, бо некаторых вэтэранаў прывозілі ў аўтамабілях «хуткай дапамогі». Зьявіліся і тыя, каго ўвогуле ня бачылі ў Авальнай залі некалькі гадоў. Прыехалі і тры дэпутаты — грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі (насуперак патрабаваньням БНФ, Вярхоўны Савет так і не пазбавіў іх мандатаў).

Апазыцыя БНФ заявіла, што такі варыянт галасаваньня антызаконны, бо парушае Рэглямэнт Вярхоўнага Савету. Саўмінаўская ж «Советская Белоруссия» назвала гэты варыянт «разрубаньнем гордзіевага вузла».

«У ліку ініцыятараў і арганізатараў «разрубаньня» гордзіевых вузлоў выяўляюцца ўжо добра знаёмыя маладыя палітыкі. Актыўна абараняў прыём галасаваньня пайменнымі бюлетэнямі Аляксандар Лукашэнка… Падліковую камісію ўзначаліў Віктар Ганчар, членам камісіі быў і Дзьмітры Булахаў. Аб’яднаньне трох лідэраў застаецца ўстойлівым, і, што вельмі важна, іх намаганьні падтрымлівае асноўная маса дэпутатаў: такая расстаноўка сілаў і абумовіла нагэтулькі пераканаўчы посьпех акцыі». («Советская Белоруссия», 3 сакавіка 1994 г.).

Вынікам «акцыі» было прыняцьце ўсіх трох «непрахадных» разьдзелаў Канстытуцыі — за іх прагаласавалі 266 дэпутатаў; 16 прагаласавалі супраць. 50 дэпутатаў (у тым ліку Апазыцыя БНФ у поўным складзе, а таксама Станіслаў Шушкевіч, які назваў галасаваньне пайменнымі бюлетэнямі «ціхім пераваротам»), ня ўдзельнічалі ў галасаваньні. Фракцыя Партыі камуністаў прагаласавала за прэзыдэнцтва — хоць раней выступала супраць (з камуністаў супраць галасаваў толькі старшыня фракцыі Міхаіл Качан).

У наступныя дні прымаліся іншыя разьдзелы Канстытуцыі.

І тут паказальная дыскусія, якая разгарнулася вакол пытаньня пра статус беларускай мовы. Большасьць Канстытуцыйнай камісіі настаяла, каб увогуле скасаваць з праекту артыкул 17-ты, які замацоўваў за беларускай мовай статус адзінай дзяржаўнай. Разьлік праціўнікаў нацыянальнага Адраджэньня быў на тое, што, не замацаваўшы статус у Канстытуцыі, будзе значна прасьцей зрабіць зьмены ў Закон аб мовах, надаўшы расейскай мове такі ж самы дзяржаўны статус.

Вось фрагмэнт выступаў у Авальнай залі.

«Ніл Гілевіч: …Я зьвяртаюся да нашых рускіх братоў, — у гэтай залі, у дэпутацкім корпусе вас 70 чалавек. Зьвяртаюся да вас, браты нашыя палякі, украінцы, яўрэі — вас тут больш за 20. Падтрымайце вы перш за ўсё! Не бярыце грэх на душу! … Пасьля таго генацыду над беларускай мовай, які цягнуўся дзесяцігодзьдзямі і стагодзьдзямі, трэба аднавіць беларускую мову ў правах. Вы, шаноўны дэпутат Грыбанаў, вельмі красамоўна выступаеце, але — вазьміце назад вашу прапанову аб рэфэрэндуме па мове. У гэтай вашай прапанове сьвятатацтва, кашчунства ў сто разоў больш, чым праўды. Няўжо вы гэтага не разумееце? Я думаю, што няма патрэбы даказваць: рускай мове ад Смаленска да Сахаліна нішто не пагражае. Памажыце сёньня, у гэты гістарычны, у гэты лёсавызначальны момант нам — памажыце! Калі гэта ня будзе зроблена — гэта пасее ў краіне страшэнную смуту. Вы ня думайце, што маладыя людзі, маладыя беларусы прымуць гэта і зьмірацца з гэтым. Пачнецца вялікая смута на нашай зямлі. Не рабіце гэтага! Вельмі ж добра сказана ў праекце: беларуская мова — дзяржаўная, статус іншых моў вызначаны законамі. Паглядзіце Закон аб мовах — там жа дакладна сказана: руская мова зьяўляецца мовай міжнацыянальных зносін. Там сказана, што руская мова абавязкова вывучаецца ва ўсіх школах, на ўсіх узроўнях. Усё гэта там ёсьць!.. Калі ж гэта ня будзе зроблена, паверце мне… Я зьвяртаюся да ўсіх беларусаў, у каго з вас жыве памяць пра вёску, дзе вы нарадзіліся, пра мову вашых бацькоў. У такім разе я заклікаю вас — не галасаваць за Канстытуцыю наагул. Не галасаваць зусім за Канстытуцыю!

Лявон Баршчэўскі: Трэба падумаць пра сябе, пра дзяцей, якіх ні на які рэфэрэндум мы ня выведзем і якія толькі да пятага кляса беларускіх школ давучыліся. Гэтыя дзеці яшчэ ня могуць сказаць сваё слова, бо ў іх няма права голасу. Няма такога права і ў будучых пакаленьняў. Можна, канешне, націснуць на кнопку і прыняць закон, што чорнае — гэта белае, зялёнае — гэта чырвонае, але нельга рабіць злачынства перад сваёй нацыяй і дзяржавай.

Яўген Цумараў: Сёлета ўпершыню ў гісторыі ў Рэспубліцы Беларусь больш за 80 працэнтаў першаклясьнікаў пайшлі ў беларускамоўныя клясы — незалежна ад таго, якой зьяўляецца іх школа. Прычым ніводнай скаргі не прыйшло ні ў камісію Вярхоўнага Савету, ні ў Міністэрства адукацыі. Значыць, людзі добраахвотна прынялі тое, што беларуская мова зьяўляецца дзяржаўнай. Другі факт. Амаль у два-тры разы ўпалі тыражы газэт на рускай мове, і ў столькі ж разоў падняліся тыражы газэт на беларускай мове і дзьвюхмоўных — такіх, як «Народная газета». Вось вам два красамоўныя факты. Што б вы тут ні галасавалі, народ прыняў рашэньне, прагаласаваў ужо за дзяржаўную беларускую мову.

Аргумэнты, якія прагучалі з вуснаў дэпутата Цумарава з парлямэнцкай трыбуны (і не былі аспрэчаныя ў Авальнай залі) — абвяргаюць пазьнейшыя нараканьні на «перагібы», на тое, што нібыта ў пачатку 90-х гадоў беларуская мова «насаджалася прымусова». Дзеля справядлівасьці трэба сказаць, што час ад часу ў газэтах зьяўляліся заявы «Комитета по выбору свободного языка обучения», утворанага прыхільнікамі дзьвюхмоўя — аднак пад імі было некалькі дзясяткаў подпісаў. Мільёны ж грамадзянаў Беларусі станоўча ўспрынялі Закон аб мовах, які гарантаваў беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай мовы. Гэтак жа быў успрыняты і 17-ты артыкул Асноўнага закону, які ўдалося прыняць.

…15 сакавіка 1994 году 236 дэпутатаў (на 4 больш, чым патрабавалася) прагаласавалі за праект у цэлым. Першая Канстытуцыя незалежнай Беларусі была прынятая.

Перад галасаваньнем, выступаючы ў Авальнай залі, я назваў Канстытуцыю з прэзыдэнцкай формай кіраваньня — «бомбай пад дзяржаву».

«Не разумею, як можа дэпутат, заяўляючы пра каштоўнасьць сувэрэнітэту, адначасна называць першую Канстытуцыю дзяржавы «бомбай» пад гэтую дзяржаву!» — абурыўся маім словам Віктар Ганчар.

На жаль, высьветліць, хто з нас меў рацыю, разам зь Віктарам нам ужо ніколі ня ўдасца.

Каментары13

  • FF
    15.03.2024
    Не хапіла адной важнай дэталі
    Лукашэнка не стаў бы прэзідэнтам пры першапачатковым варыянце ўзроставага цэнзу ў 40 гадоў. Аднак дапамог Ганчар. Ён проста ўзяў дэпутатаў на понт: «Баіцеся, што за Лукашэнку прагаласуюць?» І цэнз зменшылі да 35 гадоў
  • Мх
    15.03.2024
    Са святам! Справа тут не ў Шушкевічы. Меркавалася, што новы Прэзідэнт будзе прытрымлівацца Законаў, а не падцірацца імі. Нават самага адмарожанага кіраўніка планавалі тармазіць Вярхоўным Саветам, ці канцом паўнамоцтваў у 1999 годзе. У выніку прыйшоў неадукаваны калхознік, які ўжо праз 2 гады (у 1996-м) разагнаў Вярхоўны Савет, і ўжо тады паклаў на Асноўны Закон. Карацей адукаваныя інтэлегенты (Пазняк, Шушкевіч, у нейкай ступені значная частка Вярхоўнага Савета), супраць неадукаванага хама пры падтрымцы прасавецкіх/прарасейскіх сіл, згодна з ў'яўленнямі якіх Беларусь проста неадукаваны Лапцестан у параўнанні з Расеяй.  І яны (тыя другія) актыўна пачалі ўвасабляць свой шызафрэнічны план, усімі сродкамі, прамым і грубым парушэннем Закону, разгомам парламента, правакацыямі, знішчэннем апанентаў, прапагандай пра "злых націоналістов", якія "заствят всех разговарівать на белорусском языке". Разграміўшы законныя органы ўлады, яны проста не пакінулі "інтэлегентам" месца і магчымасці хоць для нейкай палітычнай дзейнасці.
  • сумна
    15.03.2024
    Вельмі шкада было чытаць гэты артыкул. Лёс краіны вызначалі вельмі слабыя людзі, якія нават ня мелі ніякага выразнага бачаньня, і людзі, якія ўвогуле гэту краіну ненавідзелі. І зрабілі яны ўсе вельмі жудасную памылку, за што гісторыя ня будзе памятаць іх вельмі добра, а некаторых будзе памятаць вельмі блага.

Пабывалі на прэм'еры спектакля «Ордэн белай мышы», дзе антыўтопія Арлова пераплялася з рэальнасцю4

Пабывалі на прэм'еры спектакля «Ордэн белай мышы», дзе антыўтопія Арлова пераплялася з рэальнасцю

Усе навіны →
Усе навіны

Кансерватыўную партыю Брытаніі ўпершыню ўзначаліў цемнаскуры палітык3

У Лунінцы паказальна асудзілі двух сяброў за сарваны чырвона-зялёны сцяг3

Двое мінскіх тынейджараў утапілі ў Свіслачы шэсць электрасамакатаў

У Добрушы паставілі тумбу з цытатамі Лукашэнкі ФОТАФАКТ3

Мядзведзеў: ЗША не маюць рацыі, думаючы, што Расія не гатовая ўжыць ядзерную зброю4

З Расіі прыехала выкрываць «міф пра Курапаты» гісторык, якая перапісвае гісторыю Катынскага расстрэлу на карысць чэкістаў38

У Літве загінуў былы расійскі неанацыст «Казак», які быў супраць Пуціна3

Беларускі святар у Маскве трапіў у рэанімацыю3

Моцны вецер нарабіў бяды ў розных рэгіёнах Беларусі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пабывалі на прэм'еры спектакля «Ордэн белай мышы», дзе антыўтопія Арлова пераплялася з рэальнасцю4

Пабывалі на прэм'еры спектакля «Ордэн белай мышы», дзе антыўтопія Арлова пераплялася з рэальнасцю

Галоўнае
Усе навіны →