Свет11

У Расіі пачаліся выбары прэзідэнта. Вось што трэба пра іх ведаць

У Пуціна — тры «апаненты». Шанцаў на перамогу няма ў ніводнага.

AP Photo

Галасаванне на расійскіх прэзідэнцкіх выбарах стартавала. Першымі ўчасткі адчыніліся ва ўсходніх рэгіёнах, а затым і па ўсёй Расіі. Галасаванне працягнецца тры дні, у траціне рэгіёнаў яно будзе ў тым ліку электронным. Няма ніякіх сумневаў, што па яго выніках прэзідэнтам пяты раз стане Уладзімір Пуцін, які фактычна кіруе Расіяй з 1999 года (у 2008—2012 прэзідэнтам быў Дзмітрый Мядзведзеў, але збольшага яго функцыі былі дэкаратыўныя).

Бі-бі-сі нагадвае пра галоўнае, што трэба ведаць пра гэтыя выбары і кампанію, якая ім папярэднічала.

«Спаборнічаць» з дзейным прэзідэнтам Пуціным на гэтых выбарах дазволілі тром спарынг-партнёрам. Гэта дэпутат ад КПРФ Мікалай Харытонаў, кіраўнік ЛДПР Леанід Слуцкі і віцэ-спікер Думы з «Новых людзей» Уладзіслаў Даванкоў. Ніводзін з іх не асуджае вайну ва Украіне і не крытыкуе Пуціна наўпрост.

Незалежных кандыдатаў на выбары не дапусцілі — ЦВК у працэсе рэгістрацыі адмовіў і журналістцы з Ржэва Кацярыне Дунцовай, і палітыку Барысу Надзеждзіну, які вылучыўся ад партыі «Грамадзянская ініцыятыва». Абодва крытыкавалі ўварванне ва Украіну і выступалі за спыненне вайны.

Адзіным, хто вёў прыкметную кампанію (зрэшты, не называючы гэта кампаніяй), апынуўся Уладзімір Пуцін. Для яго гэтыя выбары стануць пятымі. Зноў абірацца на пасаду кіраўніка дзяржавы ён можа дзякуючы таму, што ў 2020 годзе з дапамогай Дзярждумы перапісаў расейскую Канстытуцыю, «абнуліўшы» ўласныя прэзідэнцкія тэрміны.

У лютым і сакавіку Пуцін актыўна ездзіў па краіне, сустракаючыся з вайскоўцамі, рабочымі, навукоўцамі, аграрыямі і моладдзю. Фактычна ўсе гэтыя мерапрыемствы былі перадвыбарчымі, хоць ні слова «выбары», ні заклікаў прыходзіць на ўчасткі на іх не гучала. 

Астатнія кандыдаты стараліся не прыцягваць да сябе ўвагі. Адзіная інтрыга галасавання — у тым, хто з іх зойме другое месца і з якім вынікам.

Рух у абарону правоў выбаршчыкаў «Голас» напярэдадні выбараў выпусціў даклад, у якім назваў цяперашнюю кампанію «самай беззмястоўнай» за ўсю гісторыю прэзідэнцкіх выбараў у Расіі. Эксперты «Голасу» прыйшлі да высновы, што цікавасці да выбараў не праяўлялі ні федэральныя, ні рэгіянальныя СМІ. А кандыдаты «нават не спрабуюць імітаваць рэальнае жаданне ўдзельнічаць у барацьбе за прэзідэнцкую пасаду і змагацца за галасы выбаршчыкаў».

Менш яркай, чым звычайна, выйшла нават кампанія самога Пуціна, заўважыў «Голас»: «Па сутнасці, робіцца ўсё, каб грамадзяне не заўважылі сам факт правядзення выбараў.

Асноўная стаўка — відавочна на адміністрацыйны прывад падкантрольных выбаршчыкаў, у чыёй лаяльнасці ўлады, відаць, упэўненыя».

Як пісала «Медуза», галоўная мэта Крамля на гэтых выбарах — гэта высокая яўка ў 70-80% выбаршчыкаў. Каля 80% павінны, па жаданні Адміністрацыі прэзідэнта, прагаласаваць за Уладзіміра Пуціна.

Дамагацца такой яўкі і такога выніку Крэмль вырашыў традыцыйным метадам — прымусам да галасавання бюджэтнікаў.

Галоўная навінка гэтай прэзідэнцкай кампаніі — дыстанцыйнае волевыяўленне. У 29 рэгіёнах — гэта значыць на траціне тэрыторыі Расіі — на прэзідэнцкіх выбарах упершыню прыменяць электроннае галасаванне (ДЭГ). Там адмінрэсурс выкарыстоўваюць менавіта для таго, каб прымусіць людзей галасаваць электронна — прычым у першы дзень галасавання, 15 сакавіка.

Многіх прасілі ўдзельнічаць і ў тэставанні сістэмы. Частку бюджэтнікаў абавязалі на працы даслаць скрыншоты, якія даказваюць, што яны зарэгістраваліся для ўдзелу ў дыстанце.

У пачатку тыдня ў ЦВК паведамілі, што заяўкі на ўдзел у ДЭГ падалі 4,5 млн чалавек. Гэта без уліку Масквы, дзе для ўдзелу асобная заяўка не патрэбна.

Працэдура ДЭГ выклікае пытанні ў незалежных назіральнікаў — бо пракантраляваць вынік практычна немагчыма.

Для павышэння яўкі ўлады карыстаюцца не толькі прымусам да галасавання, але і іншымі метадамі. Выбаршчыкам і ў Маскве, і ў рэгіёнах традыцыйна абяцаюць, што за ўдзел у галасаванні яны атрымаюць прызы.

У сталіцы за ўдзел у дыстанце абяцаюць промакоды ў крамы і рэстараны. У Марый Эл за сямейныя фота з участку разыгрываюць фотакнігі і падарункавыя сертыфікаты на Ozon. У Свярдлоўскай вобласці разыгрываюць добрыя прызы — напрыклад, смартфоны і машыны.

Напярэдадні выбараў у сацсетках з'явіліся і традыцыйныя «вірусныя ролікі», якія заклікаюць людзей галасаваць — хоць і не такія прыкметныя, як падчас прэзідэнцкай кампаніі 2018 года.

Асобны сюжэт гэтых выбараў — галасаванне на акупаваных тэрыторыях.

У 2024 годзе прэзідэнта Расіі ўпершыню будуць выбіраць на акупаваных тэрыторыях чатырох рэгіёнаў Украіны — Запарожжы, а таксама Херсонскай, Данецкай і Луганскай абласцей (у анексаваным Крыме прэзідэнцкія выбары ўжо праводзілі ў 2018 годзе).

У гэтых рэгіёнах жыхароў таксама актыўна прымушаюць удзельнічаць у выбарах — з папраўкай ваеннае становішча, ва ўмовах якога жывуць выбаршчыкі.

Галасаванне на анексаваных тэрыторыях пачалося датэрмінова. У рэгіёнах працуюць выбарчыя ўчасткі, але ўлады заклікаюць жыхароў галасаваць дома. У выніку чальцы камісій са скрынямі — у суправаджэнні ўзброеных людзей — прыходзяць проста па месцы жыхарства.

Галасаваць грамадзянам дазволена па любых дакументах — у тым ліку ўкраінскіх пашпартах.

Гэта ўжо другая кампанія на акупаваных тэрыторыях за апошнія месяцы — у верасні 2023 года там праводзілі мясцовыя выбары. Заходнія краіны неаднаразова асуджалі правядзенне любых галасаванняў на тэрыторыях, якія Расія захапіла з дапамогай ваеннай агрэсіі. У ЕС гэта расцанілі як парушэнне міжнароднага права і суверэнітэту Украіны.

Апазіцыя рыхтуе акцыю апоўдні 17 сакавіка

Большасць прадстаўнікоў несістэмнай расійскай апазіцыі цяперашнюю кампанію правялі альбо ў турме, альбо за мяжой. У апошнія месяцы яны актыўна абмяркоўвалі, як дзейнічаць на выбарах, вынік якіх не выклікае сумненняў.

Свой варыянт прапанавала каманда Аляксея Навальнага — галоўнага расійскага апазіцыянера, які ў лютым загінуў у калоніі ВК-3 у Харпе. Ён прапаноўваў сваім прыхільнікам узяць удзел у акцыі «Апоўдні супраць Пуціна», а менавіта — прыйсці на ўчасткі 17 сакавіка а 12:00.

З-за гібелі палітыка сутнасць акцыі давялося тлумачыць ужо ягонай камандзе. Яны прапануюць выбаршчыкам галасаваць за любога кандыдата, акрамя дзеючага прэзідэнта, або псаваць бюлетэнь, каб зрабіць яго несапраўдным.

Маскоўская пракуратура ўжо заявіла, што бачыць у гэтай акцыі «прыкметы экстрэмісцкай дзейнасці».

За дзень да пачатку выбараў каманда Навальнага апублікавала ролік з лістом палітыка. У ім ён распавядаў пра задумку, якая магла б расейцам дапамагчы вызначыцца з выбарам з дапамогай «квантавай фізікі». У выніку яго паплечнікі распрацавалі дадатак, які ў дзень выбараў будзе выпадковым чынам выбіраць стратэгію галасавання для кожнага канкрэтнага выбаршчыка.

Каментары1

  • аўтатытарны звычэньца
    15.03.2024
    У Расіі пачаліся выбары прэзідэнта. Вось што трэба пра іх ведаць
    https://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/338480

    ведаць можна толькі адно, як і ў Беларусі іх няма. Можна схадзіць у цырк, а можна на "выбары-дурыбары" , тое ж самае.

Стала вядома пра арышт гісторыка Ігара Мельнікава16

Стала вядома пра арышт гісторыка Ігара Мельнікава

Усе навіны →
Усе навіны

Былая палітзняволеная: Мая сям'я патраціла за два гады $10 тысяч на адвакатаў і перадачы для мяне1

«Калі б мне плацілі — сядзела б і чытала людзям кнігі, нават за малыя грошы». Інтэрв’ю з актрысай Зояй Белахвосцік2

У возеры Свіцязь забаранілі купацца. У чым прычына?1

Mercedes урэзаўся ў Fiat, а пасля збіў двух чалавек

Трамп стаў найстарэйшым кандыдатам на пасаду прэзідэнта ЗША ў гісторыі5

Мінск апынуўся ў топе самых танных гарадоў свету — за жыллё трэба плаціць у 10 разоў менш, чым у Нью-Ёрку7

Першыя праблемы беларусаў на Алімпіядзе ў Парыжы. Весляры ўжо там, а лодкі не прапусцілі 

Топавы амерыканскі часопіс спрагназаваў, колькі беларусы заваююць медалёў на Алімпіядзе. У расіян будзе нуль

Харыс заручылася дастатковай падтрымкай для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома пра арышт гісторыка Ігара Мельнікава16

Стала вядома пра арышт гісторыка Ігара Мельнікава

Галоўнае
Усе навіны →