Беларускія хірургі правялі ўнікальную пластычную аперацыю хлопчыку з рэдкім захворваннем
Яраслаў Скварко нарадзіўся з дэфармацыяй чэрапа, якая ўзнікае, калі косткі ў немаўляці заўчасна зрастаюцца паміж сабой. Ён быў адзіным такім дзіцём ва ўсёй краіне. У той час аперацыю па выпраўленні формы чэрапа хлопчыку правесці не маглі, бо не было спецыяліста. Але цяпер сітуацыя змянілася.
Тады хлопчыку з бацькамі прыйшлося ехаць у даследчы цэнтр нейрахірургіі ў Маскве. Першая аперацыя доўжылася дзевяць гадзін. Чэрап хлопчыка драбнілі і збіралі па-новаму, як пазл. Але гэта быў толькі першы крок.
Тады разам з сям'ёй Скварко ў Маскву адправіліся і беларускія лекары на навучанне. А нядаўна ўжо яны на базе мінскай 4-й дзіцячай бальніцы правялі Яраславу новую аперацыю на твары.
«На працягу трох гадзін хірургі літаральна ператвараюць рабро Яраслава ў нос, далей — пакрываюць тканкамі. Праз тое, што выпадак унікальны, дакладнага плана няма і быць не можа. Ёсць толькі стратэгія, якую адаптуюць пад фізічныя асаблівасці хлопчыка», — расказалі ў эфіры АНТ.
Наперадзе ў падлетка яшчэ некалькі хірургічных умяшанняў. Спецыялісты ўпэўненыя, што гэтыя намаганні дапамогуць дзіцяці стаць больш сацыяльна адаптаваным і забыцца пра крывыя позіркі ў свой бок.
Каментары