ЕГУ і BEROC будуць навучаць эканамістаў з кар'ернымі перспектывамі ў Еўропе
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт і даследчыцкі інстытут BEROC прадставілі бакалаўрскую праграму «Бізнэс-эканоміка». Першы набор — ужо сёлета.
Навучанне ад ЕГУ і BEROC разлічанае на 3,5 года, у першы год стваральнікі праграмы плануюць набраць 60 студэнтаў. Абяцаюць візавую падтрымку і еўрапейскі дыплом, а таксама магчымасць працаўладкавацца ў Еўрасаюзе пасля выпуску — напрыклад, у інавацыйных і інвестыцыйных кампаніях, у міжнародных банках, аўдыце і кансалтынгу.
Можна будзе і выбраць кар'еру ў навуцы, а частка студэнтаў, кажуць кіраўнікі праграмы, будзе нацэленая на запуск уласных бізнэсаў.
Стваральнікі праграмы апісваюць яе як праект, для якога характэрна спалучэнне розных кампетэнцый: у эканоміцы і фінансах, сацыяльных і гуманітарных навуках, матэматыцы і статыстыцы, а таксама інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях. Плануецца, што праз гэта выпускнікі праграмы не будуць прывязаныя да вузкай спецылізацыі і атрымаюць розныя варыянты працягу кар'еры.
На першым семестры навучанне ідзе па-руску, але ў праграме прадугледжана вывучэнне англійскай мовы і паступовы перавод заняткаў на яе. Будзе шмат практыкі, у тым ліку ўзаемадзеянне студэнтаў з бізнэсамі, а таксама ўдзел у даследчыцкіх і камунікатыўных праектах. Ёсць магчымасці паўдзельнічаць і ў праграмах абмену і калабарацыі са студэнтамі з іншых краін.
Каб паступіць, трэба будзе здаць дзяржаўныя экзамены па матэматыцы, англійскай мове і грамадазнаўству. Дадаткова камісія ўлічыць сярэдні бал атэстата і вынікі сумоўя з абітурыентам.
Асноўнымі выкладчыкамі на праграме будуць супрацоўнікі BEROC, эканамісты Дзмітрый Крук, Кацярына Барнукова, Леў Львоўскі і Анатоль Харытончык, паралельна з гэтым студэнты будуць працаваць з выкладчыкамі ЕГУ. Абяцаюць і гасцявых выкладчыкаў з вядомых замежных універсітэтаў, у тым ліку беларускага паходжання.
За адзін семестр навучання давядзецца выкласці 1750 еўра — але кіраўнікі праграмы расказваюць, што шукаюць магчымасці для зніжак і стыпендый на навучанне.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЧытайце таксама:
Каментары