Частка ператрусаў была санкцыянаваная Лефортаўскім судом Масквы па арт. 275 КК РФ (дзяржаўная здрада).
У Расіі раніцай у аўторак пачаліся масавыя ператрусы ў мастакоў і актывістаў, якія, магчыма, звязаныя з крымінальнай справай Пятра Вярзілава. На мастака-акцыяніста і былога выдаўца «Медыязоны» маглі завесці справу аб дзяржздрадзе, піша Бі-бі-сі.
Раніцай у аўторак мастачка Катрын Нянашава і актывістка Наташа Чацверыа паведамілі, што ў іх кватэру ў Пецярбургу прыйшлі сілавікі.
Пазней стала вядома, што ператрус праходзіць ва ўдзельнікаў арт-групы «Явь», ва ўдзельніцы Pussy Riot Маргарыты Канавалавай (Рыта Флорэс), а таксама ў маці Вярзілава.
Па звестках «Сеткавых свабод», ва Ульянаўску пасля ператрусу затрымалі мастака Іллю Холтава; мастака Іллю Мазгі з Екацярынбурга пасля ператрусу павезлі на допыт; у Маскве знаёмую мастака Philippenzo сілавікі забралі з кватэры.
Частка ператрусаў была санкцыянаваная Лефортаўскім судом Масквы па арт. 275 КК РФ (дзяржаўная здрада).
Вярзілаў з 2020 года жыве па-за межамі Расіі. У пачатку кастрычніка 2023 г. выйшла яго інтэрв'ю Юрыю Дудзю, у якім Вярзілаў распавёў аб сваім удзеле ў баявых дзеяннях на баку УСУ. Пасля гэтага ён перастаў быць выдаўцом «Медыязоны».
На Вярзілава заводзілі справу аб «ваенных фэйках» і завочна прысудзілі да васьмі з паловай гадоў калоніі. Напярэдадні, 11 сакавіка, Масгарсуд адмяніў прысуд і адправіў справу на новы разгляд з-за працэсуальных парушэнняў. Нагодай для справы аб «ваенных фэйках» сталі два твіты і два допісы ў інстаграме з расповедам пра забойствы мірных жыхароў украінскай Бучы.
Каментары