«Пайшлі ратаваць хлопчыка — і самі згубіліся». Як дзяўчынкі-дашкольніцы аказаліся адны ў лесе
У ноч на 11 сакавіка сотні людзей былі занятыя пошукамі дзвюх дзяўчынак-дашкольніц у Пухавіцкім раёне. Мяркуючы па ўсім, гэта самая маштабная пошукавая аперацыя ў Беларусі з 2017 года, калі ў Белавежскай пушчы шукалі Максіма Мархалюка.
У адрозненне ад той гісторыі, цяпер усё скончылася добра: пошукавая група знайшла сясцёр за тры кіламетры ад дома і перадала медыкам. Onliner.by расказвае падрабязнасці.
Дзяўчынак завуць Дарына і Валерыя, ім было ўсяго 4 і 2 гады. У міліцыі паведамілі, што 10 сакавіка каля 18:20 яны выйшлі ад бабулі ў вёсцы Рыбцы і пайшлі дадому (адлегласць — прыкладна 600 метраў). Да дома малыя не дайшлі, а знойдзеныя былі праз больш за дзевяць гадзін у лесе. Якім чынам яны там аказаліся?
Як расказала Onliner каардынатар атрада ПВА «Анёл» Юлія Коўган-Кудашава, хутчэй за ўсё, дзяўчынкі збіліся з дарогі, калі пайшлі следам за суседскім хлопчыкам.
— Зразумела, што з-за ўзросту дзяўчынкі не могуць толкам растлумачыць, што адбылося. Па абрыўках інфармацыі мы сабралі такую карціну: дзяўчынкі былі ў гасцях у прабабулі і гулялі з хлопчыкам гадоў 6-7, які прыязджае туды на выходныя з Мінска.
Гэты хлопчык вырашыў іх правесці дадому. Па дарозе дзяўчынкі загуляліся і выпусцілі яго з-пад увагі. Яны падумалі: напэўна, ён згубіўся, і пайшлі ў бок лесу яго шукаць. У выніку самі заблукалі.
Сваякі забілі трывогу, і пачаліся актыўныя пошукі. Удзельнічалі ў іх больш за 600 чалавек — работнікі МНС, МУС, вайскоўцы, а таксама добраахвотнікі пошукавых атрадаў.
— А 19:48 у нас з'явілася паведамленне пра збор, цягам гадзіны на месца выехалі кінолагі, якія цалкам выпадкова побач аказаліся на трэніроўцы. І паступова камплектаваліся атрады з добраахвотнікаў, — распавялі ў ПСА «Анёл». — Ахвотных дапамагчы было вельмі шмат, але мы разумелі, што, калі не знойдзем аператыўна дзяўчынак, частка людзей павінны будуць працягнуць пошукі з раніцы з новымі сіламі. Калі б не тармазілі людзей, іх было б яшчэ больш. Гэта сапраўды самая маштабная пошукавая аперацыя з 2017 года.
Калі ў пошуках удзельнічае так шмат людзей, за кароткі тэрмін можна прачасаць вялікую тэрыторыю.
І менавіта пры аглядзе мясцовасці адзін з жыхароў выявіў шапачку дзяўчынкі, а кінолагі знайшлі безрукаўку і штонікі. Юлія мяркуе, што дзяўчынкі сталі распранацца перад сном, як іх вучылі бацькі. Так часта бывае з дзецьмі зусім маленькага ўзросту.
За 300 метраў ад рэчаў знайшліся і самі дзеці. Яны паспелі прайсці каля 2,5 кіламетра ад дома прабабулі.
— Наогул тэрыторыя там небяспечная — на шляху сустракаліся меліярацыйныя каналы, бураломы, у баку — рака Свіслач. Не хацелася думаць пра дрэннае, але гэта насцярожвала вельмі моцна. Усе сілы былі накіраваныя менавіта на той участак, дзе знайшлі шапачку, — дзеліцца падрабязнасцямі Юлія. — З боку лесу пачаў працаваць наш аператар з дронам з цеплавізарам. Ён убачыў дзяўчынак і адначасова па камеры заўважыў, што да дзяцей накіраваліся людзі, якія прачэсвалі тэрыторыю. На шчасце, сёстры нікуды не схаваліся, гэта магло б ускладніць задачу.
Маладыя людзі, якія знайшлі дзяўчынак, распавялі, што малодшая ў гэты момант ужо спала, а старэйшая сядзела побач. Дзеці былі напалоханыя, але даволі хутка прыйшлі ў сябе. У машыне Дарына нават заявіла, што бачыла ў лесе ваўка (відэа дадзена «Анёлам»).
Пасля агляду дактароў дзяўчынак шпіталізавалі з папярэднім дыягназам «агульнае пераахаладжэнне». Цяпер іх здароўю нічога не пагражае, паведамляюць у Міністэрстве аховы здароўя.
— Стан стабільны і не выклікае трывогі. Плануецца пасля правядзення неабходных дадатковых медыцынскіх кансультацый адправіць малых дадому.
Каментары
1. Не забаранілі ВПА "Анёл".
2. Шмат людзей прыехала дапамагчы у пошуках.
3.Не прыехаў АМАП разганяць не санкцыянаванае мерапрыемства.
4. Выпадкова побач былі кінолагі.
5. Не усё дроны здалі па загаду Лукі ( хоцьбы не затрымалі нікога)
6. Работнікі пэўных структур часова перасталі займацца экстрэмізмам.