У чыноўнікаў спыталі, чаму ў крамах няма беларускага часнаку. Што яны адказалі?
Жыхар Віцебска звярнуўся ў рэдакцыю газеты «Віцьбічы» з пытаннем, чаму ў гандлёвай сетцы абласнога цэнтра няма ў продажы беларускага часнаку. Яму адказала намесніца начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг гаввыканкама.
Чытач панаракаў, што паўсюль прадаецца кітайская расліна. Вось што яму адказала чыноўніца Марына Старых:
— Гэтае пытанне не столькі да гандлёвых сетак, колькі да вытворцаў, якія, відаць, мала займаюцца гэтай культурай, — заявіла намесніца начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг. — Ёсць так званы «баршчавы набор», куды ўваходзяць бульба, капуста, морква, цыбуля, буракі. Гэтая гародніна вырошчваецца ў нас у Беларусі, наяўнасць яе ў гандлёвай сетцы мы пастаянна адсочваем.
А часнок, трэба адзначыць, не ўваходзіць у лік абавязковых прадуктаў стабілізацыйнага фонду. Справа не ў тым, што гандлёвыя сеткі не хочуць закупляць часнок — яго трэба ўмець вырасціць у нашых умовах.
Чыноўніца дадала, што на рынках хапае беларускага часнаку, які вырошчваюць фермеры. А ў гандлёвых сетках прадаюць часнок з Кітая, бо імпарт гэтай расліны дазволены.
Каментары