Эканоміка22

Чым пагражае беларускай эканоміцы продаж угнаенняў па дэмпінгавых цэнах

Летась беларускія ўлады, падобна, не толькі выканалі, але і перавыканалі свае планы па экспарце калійных угнаенняў. Аб'ёмы экспарту калію наблізіліся да дасанкцыйных часоў. Але за гэта давялося дорага заплаціць, піша План B.

Фота ілюстрацыйнае

Як вынікае са звестак, апублікаваных Супольнасцю чыгуначнікаў, увесь мінулы год беларускія ўлады займаліся бязлітасным дэмпінгам на сусветных калійных рынках. Прадавалі калійныя ўгнаенні па дэмпінгавых цэнах. Але не факт, што паўтарыць трук атрымаецца ў гэтым годзе.

У пачатку чэрвеня мінулага года Беларуская калійная кампанія насварылася на свайго канадскага канкурэнта, кампанію Canpotex. Прычынай стала цана паставак калію ў Кітай. Па заключаным тады кантракце Canpotex пагадзіўся знізіць цану да 307 даляраў за тону з леташніх 590.

«Гэтая цана значна ніжэйшая за нашы чаканні і не адлюстроўвае фундаментальныя рынкавыя фактары ў ключавых рэгіёнах паставак. Такое зніжэнне цаны разбурае рынкавую раўнавагу і дае падманны сігнал сусветнаму рынку калію», — абуралася БКК.

Гэтая заява — класічная ілюстрацыя прымаўкі пра парушынку і бервяно. Беларускія экспарцёры яшчэ два гады таму паднялі на мачце Вясёлага Роджэра і з тых часоў займаюцца самым бессаромным і часам нават непрыстойным дэмпінгам на рынку калійных угнаенняў.

Аб'ёмы важнейшыя за цану

У 2022 годзе, пасля ўвядзення заходніх санкцый, аб'ёмы экспарту беларускага калію катастрафічна ўпалі. Да 4,5 мільёнаў тон са звычайных 10-12 мільёнаў. Каб вярнуць рынкі, Беларусь пачала зніжаць цэны.

Як заяўляў віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў, беларускія ўлады выразна прытрымліваюцца прынцыпу «аб'ёмы важнейшыя за цану».

Напрыклад, у часы, калі Бразілія купляла калій па 1000 даляраў за тону, Беларусь пастаўляла свае ўгнаенні ў гэтую краіну па 300. У 2022 годзе, калі спотавая цана на ўгнаенні даходзіла да 1200 даляраў за тону, сярэдняя цана беларускага экспарту складала 388 даляраў.

Беларускія ўлады казалі, што ў 2023 годзе яны разлічваюць аднавіць калійны экспарт да 8 мільёнаў тон. І, здаецца, у іх атрымалася. Не толькі выканаць, але і перавыканаць свае планы. Паводле даных Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі, за мінулы год экспарт беларускага калію склаў 9,45 мільёнаў тон. Гэта значыць, амаль вярнуўся да дасанкцыйных часоў.

Лічба, якую публікуе рэсурс, у прынцыпе, супадае з ацэнкамі трэйдараў. Згодна з імі, Беларусь асабліва рэзка нарасціла экспарт калію ў апошнія месяцы года. Сярэдні месячны аб'ём беларускага экспарту ў верасні-снежні мог скласці мільён тон.

Не капай іншаму яму

Іранічна, але малыя цэны на беларускія калійныя ўгнаенні сталі адным з фактараў зніжэння сусветных цэн. Больш за ўсіх беларускія ўлады, здаецца, нашкодзілі сабе.

Да пачатку восені спотавая цана на калійныя ўгнаенні стабілізавалася ў раёне 350 даляраў за тону. А з кастрычніка яна зноў пачала падаць. Якраз тады, калі беларускія ўлады вырашылі павялічыць экспарт дзеля выканання гадавых планаў эканамічнага росту.

У выніку, да лютага гэтага года цана на калійныя ўгнаенні знізілася да 289 даляраў за тону. Але нават 289 даляраў за тону — гэта цяпер недасяжная мара для беларускіх экспарцёраў.

За 2023 год сярэдняя цана экспарту беларускага калію складала ўсяго 188 даляраў за тону. У два разы менш у параўнанні з 2022 годам. І ў разы менш за сярэднія сусветныя цэны, якія летась прарабілі шлях ад 508 даляраў за тону ў студзені да 311 даляраў за тону ў снежні.

Такім чынам, пры амаль двухразовым росце аб'ёмаў экспарту ў тонах, у грашах Беларусь нават страціла. Кошт экспарту калію ў 2023 годзе быў на 50 мільёнаў даляраў меншы, чым у 2022-м.

І што далей?

Відавочна, што адмовіцца ад прынцыпу «аб'ёмы вышэйшыя за цану» беларускія ўлады не змогуць. Нават калі вельмі захочуць. Санкцыі супраць беларускага калію ніхто не адмяняў і адмяняць не збіраецца. Гэта значыць, завабіць купцоў можна будзе толькі салідным дысконтам да сусветнай цаны. А прагноз на сусветныя цэны не вельмі суцяшальны.

Нягледзячы на падзенне, цэны застаюцца вышэйшыя за сярэднія значэнні апошніх некалькіх гадоў. Таму рэзерв для зніжэння ўсё яшчэ ёсць. Самы аптымістычны для беларускіх уладаў варыянт прагнозу палягае ў тым, што цана на калій сёлета будзе вагацца ў раёне 300 даляраў за тону.

На карысць паніжэння цэнаў гуляюць запасы ўгнаенняў у Бразіліі і Паўднёва-Усходняй Азіі, запасы, якія стварылі пакупнікі на працягу мінулага года і беларускі дэмпінг. А на карысць павышэння можа згуляць толькі прылёт новых чорных лебедзяў.

Улічваючы, што стабільнасці ў свеце няма, выключаць гэтага, вядома, нельга. Але, з іншага боку, ні вайна Ізраіля супраць ХАМАС, ні актывізацыя хусітаў у Чырвоным моры цэны на калій не падагналі. У пачатку гэтага года яны працягвалі зніжацца.

Калі ў студзені спотавая цана на калій была 296 даляраў за тону, то ў лютым яна знізілася да 289.

І тут пытанне ўжо ў тым, на колькі Беларускай калійнай галіны хопіць запасу трываласці. У свой час доўгі перыяд нізкіх цэнаў на нафту разваліў Савецкі Саюз. А беларускія ўлады самі шмат разоў казалі, што калій — гэта беларуская нафта.

Каментары2

  • Палова на шостую
    09.03.2024
    Ды нічога ім не пагражае. Калі крывадушнікі з капіталістычных краін не могуць і не хочуць спыніць пастаўкі ўгнаенняў ад злачыннага рэжыма, то хунта працягне зарабляць на продажах нетраў, якія (нагадаю) належаць усім нам.
  • Бабуля
    09.03.2024
    А что такое гетры?

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы8

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы

Усе навіны →
Усе навіны

У ЗША выратавалі мужчыну, які дрэйфаваў на халадзільніку ў моры на працягу амаль сутак3

Беларус, які вызваліўся пасля паўтара года хіміі, ударыў малатком па сцяне Крамля3

Міністр унутраных спраў Літвы назвала, колькі беларусаў давялося прымусова выслаць назад у краіну2

«Гнілаж і размандыкванне». Чалы тлумачыць, як Лукашэнка прыдумаў ідэальную праграму працы на будучыню5

Памёр Андрэй Цісык

У Аўстраліі жанчыне адгрыз руку ўласны сабака. Яна змагаецца за жыццё8

У Гродне пенсіянерка ішла на кірмаш і драпала аўтамабілі2

Выпускніка не прынялі на размеркаванне. Зараз ён вінны больш за 20 000 рублёў3

«Тады мы ўдарым па Пецярбургу». Вайскоўцы з Польшчы і краін Балтыі абмеркавалі ваенны адказ на магчымую расійскую агрэсію13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы8

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы

Галоўнае
Усе навіны →