Сярод беларускіх прозвішчаў нямала такіх.
Гэта адлюстроўвае спецыфіку рэгіёна, дзе гістарычна ўзаемадзейнічалі і перамешваліся розныя культуры.
Прозвішчы з прыкметамі літоўскага моўнага ўплыву сталі вынікам даўніх і цесных кантактаў і сужыцця беларусаў і балтаў на адной тэрыторыі. Нягледзячы на інтэнсіўную славянскую асіміляцыю, нават сёння на Беларусі захоўваюцца не да канца славянізаваныя этнічныя літоўскія анклавы, а раней іх было значна больш.
Да беларускіх прозвішчаў літоўскага паходжання адносяцца, напрыклад, такія цалкам звыклыя для вуха прозвішчы як Доўнар, Корбут, Будрэвіч, Рагойша і іншыя.
У адрозненне ад прозвішчаў беларускага паходжання, значэнні слоў, ад якіх утвараліся прозвішчы літоўскага паходжання, не заўсёды суадносіліся з чалавекам і яго характарыстыкамі. Тут няма лагічных супярэчнасцяў, бо літоўцы маюць іншыя прынцыпы ўтварэння прозвішчаў, паводле якіх любы прадмет, аб'ект ці з'ява могуць стаць асновай для прозвішча.
Ад літоўскіх асноў утвораны наступныя прозвішчы:
Бакшт, Бакшта і падобныя звязаныя з састарэлым беларускім словам бакшта, запазычаным з літоўскай мовы (bokštas — «вежа»). Прозвішчы з гэтай асновай распаўсюджаны па ўсёй Беларусі, але ва Усходняй Беларусі іх нават больш, чым на Віленшчыне. Носьбіты прозвішча Бакшта кампактна пражывалі пад Беразіном, Бакштай — пад Бешанковічамі, а Бакштаеў — пад Талачынам і Круглым.
Балад паходзіць да празвання чалавека па дзеянні літоўскага дзеяслова baladotis — «праводзіць час без справы; бадзяцца». Балады жылі на поўнач ад пасёлка Акцябрскі Гомельскай вобласці.
Бічун можа быць узведзена да літоўскага слова bičiulis — «прыяцель, сябар». Амаль усе носьбіты гэтага прозвішча кампактна пражывалі на поўнач ад Вілейскага вадасховішча.
Здавалася б, тыпова беларускае прозвішча Будрэвіч насамрэч паходзіць ад празвання, якое суадносіцца з літоўскім словам budrus — «пільны, вельмі ўважлівы». Найчасцей гэтае прозвішча сустракаецца на Гродзеншчыне.
Ванагель — адаптаванае літоўскае прозвішча Ванагеліс ад літоўскага слова vanagas — «ястраб». Носьбіты прозвішча пераважна жылі на тэрыторыі паміж Нясвіжам, Стоўбцамі, Уздой і Капылём, хоць сустракаецца яно і ў іншых рэгіёнах.
Прозвішча Вірбуль найбольш верагодна паходзіць ад літоўскага слова virb — «птушка рабчык». Гэтае прозвішча сустракаецца ў глухіх лясах Ушацкага раёна, бліжэй да Дзвіны.
Гінч паходзіць ад літоўскага ginčas — «спрэчка, супярэчанні». Сустракаецца толькі ў Свіслацкім раёне, на заходняй ускраіне Беларусі.
Прозвішча Друць узыходзіць да літоўскага слова drūtas — «чалавек моцнага целаскладу, здаровы». Сустракаецца паміж Гроднам і Сапоцкінам, у ваколіцах Карэлічаў, асобныя — каля Свіслачы, Бераставіцы, Навагрудка, і, чакана, уздоўж ракі Друці ў Талачынскім раёне. Назва ракі паходзіць ад таго ж літоўскага кораня.
Жамжыцкі ў сваёй аснове мае празванне Жэмжа па дзеянні літоўскага дзеяслова žémžėti — «зарастаць барадой, валасамі» або «мець зямлісты колер твару».
Жвірбля паходзіць ад літоўскага слова žvirblis — «верабей». Найчасцей гэтае прозвішча можна сустрэць пад Ражанкай Шчучынскага раёна, а таксама пад Валожынам.
Прозвішча Жэдзь узыходзіць да літоўскага слова žiedas — «пярсцёнак, кветка, напарстак». Яно досыць рэдкае і сустракаецца толькі ў Пружанскі і Камянецкім раёнах, па абодва бакі ад Белавежскай пушчы.
Ёдчык (Іёдчык) мае літоўскую аснову juodas — «чорны». Такое прозвішча насілі людзі на Браслаўшчыне.
Каўлюк — нашчадак чалавека па празванні Каўла ад літоўскага слова kaulỹs — «назойлівы чалавек».
Кішкель — адаптаванае на славянскай глебе літоўскае прозвішча Кішкіс ад літоўскага слова kiškis — «заяц». Сустракаецца на большай частцы Віленшчыны — ў Астравецкім, Ашмянскім, Смаргонскім і Лідскім раёнах, але найчасцей у лясах паміж Юрацішкамі і Іўем.
У аснове прозвішча Лабус слова літоўскай мовы labas — літаральна «добры дзень», а ў пераносе на чалавека, магчыма, «добры, спагадлівы». Носьбіты прозвішча шырока раскіданыя па Беларусі: пад Езярышчам, што на самай мяжы з Расіяй, пад Лёзнам, у Смалявічах, на гістарычнай Ігуменшчыне — ад Мінска да Мар'інай Горкі, а таксама пад Капылём.
Прозвішча Лайба ўзыходзіць да літоўскага слова laibas — «тонкі, стройны».
Аснову прозвішчаў Мажаеў, Мажэйка складае празванне Мажай, якое суадносіцца з літоўскім словам mažas — «невялікі, маленькі».
Калі прозвішча Мажаеў можна сустрэць толькі на Полаччыне і Гомельшчыне, то прозвішча Мажэйка сутракаецца паўсюдна на Беларусі.
Нартыш узыходзіць да літоўскага прыметніка nãrtus — «упарты, наравісты». Яно сустракаецца толькі на захад ад Віцебска.
Аснова прозвішча Півень суадносіцца з літоўскім словім pievinis — «лугавы» (параўнайце з беларускім прозвішчам Падлужны). Яго можна сустрэць на Лідчыне і Глыбоччыне. Але дакладна такое ж прозвішча, распаўсюджанае на Заходнім Палессі, відаць, утворана і ад украінскай формы слова «певень».
Пунтус паходзіць ад дзеяслоўных асноў pusti, puna, што азначае «пухнуць, уздувацца», у дачыненні да чалавека — «пухлы». Найчасцей носьбіты гэтага прозвішча жылі ў Гомельскай вобласці, асабліва шмат — у Калінкавіцкім і Светлагорскім раёнах, а яшчэ ў Лагойскім раёне.
Рагойша суадносіцца з літоўскім словам ragaišis — «пшанічны ці ячменны хлеб; праснак, блін».
Рагойшаў можна сустрэць на поўнач ад Ліды, але найчасцей — на захад ад Мінска, у Валожынскім і Дзяржынскім раёнах. Беларускі філолаг Вячаслаў Рагойша, напрыклад, паходзіць з мястэчка Ракаў Валожынскага раёна.
Садзібаў паходзіць ад літоўскага слова sodyba — «гаспадарчы комплекс, сядзіба».
Свейка ўзыходзіць да літоўскага слова sveikas — «здаровы, поўны здароўя». Пераважна сустракаецца ў Свіслацкім раёне, на самай заходняй ускраіне Беларусі.
Прозвішчы Суман, Суманаў суадносяцца са словам літоўскай мовы sumanus у значэнні «цямлівы, талковы». Носьбіты прозвішча Суман пражывалі на тэрыторыі Крупскага раёна, недалёка ад Новалукомля, а носьбіты прозвішча Суманаў — над Оршай і Чавусамі.
Асновай для прозвішча Цябус паслужыла слова літоўскай мовы ciabuvis у значэнні «тутэйшы». Найчасцей гэтае прозвішча можна сустрэць на Случчыне, паміж Салігорскам, Любанню і Урэччам.
Шалпакоў звязана па значэнні з дзеясловам šelpti «дапамагаць грашыма, аказваць матэрыяльную дапамогу» і словам šalpa «грашовая дапамога».
Аснова прозвішча Шпартаў (Шпартоў) узыходзіць да літоўскага дзеяслова spartėti «выконваць якія-небудзь дзеянні ў вельмі хуткім тэмпе». Носьбіты гэтага прозвішча кампактна пражывалі на захад ад Чавусаў, а асобныя прадстаўнікі — у Карме.
Некаторыя беларускія прозвішчы ўтварыліся ад літуанізмаў праз пасярэдніцтва беларускіх дыялектаў:
У аснове прозвішча Бубліс празванне Бубла «таўстун» (параўн. беларускія дыялектныя словы бублы, бублікі «кругляшкі»). Беларускія дыялектолагі звязваюць паходжанне гэтых слоў з літоўскім словам bubùlis «круглы прадмет». Носьбіты прозвішча пераважна жылі на тэрыторыі Лагойскага раёна, але яно таксама сутракаецца ў Вілейскім і Астравецкім раёнах.
Гізелеў утворана ад празвання Гізель па прымеце беларускага дыялектнага прыметніка гізлівы «жывы, энергічны, хуткі ў хадзе», які ўзыходзіць да літоўскага слова gìzas — «непаседа».
Кез — празванне па значэнні беларускага дыялектнага дзеяслова кезнуцца, які ўзыходзіць да літоўскага keĩzotis, keĩziotis — «капрызіцца, непакоіцца». Варыянты прозвішча распаўсюджаны на Палессі.
Аснову прозвішча Кіпцэвіч складае празванне Кіпець. У «Слоўніку беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» кіпець азначае «кіпцюр, пазногаць» і даецца адсылка да літоўскага слова kìbčius — «задзіра». Кіпцэвічы кампактна пражывалі ў ваколіцах Лунінца.
У некаторых беларускіх прозвішчах можна бачыць сувязь з літоўскімі асабовымі імёнамі.
Прозвішча Доўнар, напрыклад, з'яўляецца перайначаным літоўскім прозвішчам Даўнарыс, якое паходзіць ад старажытнага імя Даўгнорыс, значэнне якога, праўда, невядомае.
Доўнар надзвычай распаўсюджанае прозвішча, якое найчасцей сустракаецца ў цэнтральнай частцы Мінскай вобласці і прылеглых раёнах.
А Корбут з'яўляецца перайначаным літоўскім прозвішчам Корбутас, якое ўзыходзіць да старажытналітоўскага састаўнога імя Карыбутас.
Імя Карыбутас у сваю чаргу складаецца з літоўскіх слоў karas «бой, вайна» і butas «дом», што ў цэлым азначае «абаронца свайго дома». Прозвішча Корбут распаўсюджана паўсюдна на Беларусі.
Бываюць выпадкі, калі беларускае прозвішча ўтворана ад населенага пункта, які ў сваю чаргу мае назву балцкага паходжання.
Даманскі — ураджэнец, заснавальнік або ўладальнік адной з вёсак пад назвай Даманы, Даманава, Даманова, Даманавічы. Назвы ўзыходзяць да асабовага імя Даман, якое з'яўляецца скарочаным варыянтам імя Даўмонт. Даўмонт у перакладзе з літоўскай — «вельмі разумны».
Крашуцкі — ураджэнец вёскі Крашуты Расонскага раёна, зыходным для назвы якой, магчыма, паслужыла літоўскае слова kraštas «бераг (ракі, возера)». Само прозвішча Крашуцкі фіксуецца выключна ў ваколіцах Полацка.
Бяржанін — ураджэнец вёскі Бержанішкі Браслаўскага раёна, назва якой паходзіць ад літоўскага слова beržas «бяроза».
Агулам літоўскія карані, калі верыць навукоўцам, маюць прыкладна 9,2 % беларускіх прозвішчаў. Некаторыя з гэтых прозвішчаў адназначна паказваюць на этнічнае паходжанне іх носьбітаў, а іншыя проста ўтвораны праз запазычаную беларусамі літоўскую лексіку.
А ці вы ведаеце, якое паходжанне мае вашае прозвішча?
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Там усе Пятраўскасы, Баранаўскасы, Жукаўскасы і Паўлаўскасы, то бок літуанізаваныя славянскія прозвішчы ў асноўным.
І да, адрознівайце балцкія ад летувіскіх, калі ласка. Балтамі былі і Яцьвягі, і Нальшаны і ўласна Літва, якія ўсё асіміляваліся менавіта ў сучасных беларусаў.
То бок гэты не прозьвішча адкульсці звонку, іншага паходжання, гэта ўсё спрадвечныя нашыя прозвішчы.