У Гомелі развіталіся з вядомым інтэлектуалам, якога затрымлівалі падчас пратэстаў
У Гомелі адбылося пахаванне Аляксандра Шмідава — паважанага пенсіянера, знатака, якога ведаюць як удзельніка папулярных інтэлектуальных шоу «Што? Дзе? Калі?» і «Свая гульня». Пра яго смерць стала вядома 2 сакавіка, піша «Флагшток».
Ягоныя дзеці жылі ў Ізраілі і збіраліся забраць бацьку да сябе пасля таго, як у яго выявілі анкалогію — але не паспелі.
«У канцы снежня тата напісаў нам, што ў яго знайшлі рак і пара вывозіць яго ў Ізраіль. Мы неадкладна кінуліся тэлефанаваць па ўсіх знаёмых габрэйскіх арганізацыях і правяраць, што можна зрабіць. Зрабіць можна было няшмат, толькі дзейнічаць па стандартнай працэдуры рэпатрыяцыі, якая займае прыкладна два месяцы», — распавяла на старонцы Аляксандра ягоная дачка.
У лютым Аляксандр павінен быў ляцець у Ізраіль, але двойчы трапіў у лякарню і ў выніку там памёр — медыкі не змаглі яго ўратаваць.
«Пайшоўшы на пенсію, ён свядома абмежаваў адносіны, сышоў ва ўнутраную эміграцыю, у любое надвор'е хадзіў плаваць на Сож… І хоць абедзве дачкі ўжо жылі ў Ізраілі, з'язджаць не хацеў. І не з'ехаў…», — напісала ў сацсетцы сяброўка сям'і.
Увогуле на ягонай старонцы ў Фэйсбуку многія пакінулі добрыя ўспаміны.
Аляксандр вядомы таксама тым, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пенсіянераў супраць гвалту з боку сілавікоў у дачыненні да пратэстоўцаў і фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Яго разам з іншымі пенсіянерамі затрымлівалі міліцыянты.
Таксама Аляксандр падтрымліваў Украіну ў яе барацьбе з расійскімі агрэсарамі.
Каментары