Адзін толькі ГУБАЗіК за год затрымаў больш за 1100 чалавек за «экстрэмізм»
За год ГУБАЗіК затрымаў больш за 1100 чалавек па «экстрэмісцкіх» злачынствах, расказаў у эфіры СТБ начальнік гэтай структуры Андрэй Ананенка.
«Што тычыцца нашай арганізацыі, то можна сказаць што больш за 1000 чалавек мы затрымалі як па адміністрацыйнай, так і па крымінальнай вытворчасці. Гэта, мы гаворым, дзесьці за год. Больш за 1100, вось так вось», — заявіў Ананенка. Пры гэтым ён падкрэсліў, што затрыманнямі за «экстрэмізм» займаюцца і іншыя ведамствы.
Ананенка таксама расказаў, што беларусаў нібыта ўцягваюць ва ўчыненне тэрактаў у Беларусі і Расіі. Гэтым займаюцца, як ён выказаўся, «англасаксы», украінскія і польскія спецслужбы:
«Гэта значыць, гэтыя асобы, якіх атрымліваецца ім справакаваць, каб яны здзейснілі злачынства, яны, на жаль, шукаюць іх з дапамогай інтэрнэту. Знайшоўшы гэтых людзей, адпаведна, даецца пэўнае заданне, яны выязджаюць для выканання тэрактаў на крытычнай інфраструктуры. Як правіла, чыгункі, прадпрыемствы і гэтак далей. Таму мы бачым у гэтым кірунку пэўныя негатыўныя тэндэнцыі. Менавіта выкарыстанне нашых грамадзян для здзяйснення вось гэтых цяжкіх злачынстваў».
Але за чатыры гады ГУБАЗіК, маўляў, навучыўся выяўляць такіх асоб і набыў «прафесіяналізм».
Каментары