Выходзіць новая кулінарная кніга Алеся Белага, можна зрабіць перадзамову
Выдавецтва Gutenberg Publisher анансавала хуткі выхад новай кнігі вядомага знаўцы гістарычнай кухні Алеся Белага, якая мае назву «Самы цымус». Назва сімвалічная, бо прысутнае ў беларускай мове слова «цымус» — габрэйскага паходжання, а кніга прысвечаная адначасова дзвюм кухням, — беларускай і габрэйскай, — і іх узаемадзеянню.
«На свеце напісана і выдадзена процьма кніг пра габрэйскую кухню. Самых розных — сур’ёзных, вясёлых, лёгкіх, грунтоўных, мудрагелістых, трагічных… А пра гісторыю кухні беларускай кніг зусім няшмат. І вось новая кніга, незвычайная. Пра габрэйскую і беларускую кухню адначасова. І нават болей: пра кухню трох гістарычных персанажаў, што да пары жылі на адной зямлі: селяніна, пана, местачковага рамесніка і гандляра.
Як такое магчыма? А бо і пан, і жыд, і мужык — маючы розную свядомасць і розныя традыцыі — елі той самы крупнік. Або бабку. Або кішку. Хоць і гатавалі іх крыху па-рознаму, і елі пад розныя нагоды. Гэтая кніга — пра знакавыя супольныя стравы трох культур. Пра самы цымус», — прадстаўляе новае выданне выдавецтва.
У кнізе змешчаныя 15 нарысаў і некалькі дзясяткаў арыгінальных рэцэптаў. Выданне аздоблена аўтарскімі ілюстрацыямі Юрыя Таўбкіна.
Папярэдняя дата выхаду кнігі — 25 красавіка, але замовіць яе можна ўжо цяпер. І па больш нізкай цане, бо пасля выхаду кнігі яна павялічыцца.
Перадзамовіць кнігу можна на сайце gutenbergpublisher.eu.
Чытайце таксама:
-
У сталічнай школе зафарбавалі размалёўкі на нацыянальную тэматыку. Не стала Купалы, Скарыны і Гусоўскага
-
У сацсетках усплыла карціна Бялыніцкага-Бірулі. Не ўсе вераць, што акадэмік мог маляваць так
-
«З задавальненнем сыграла б Калеснікаву». Святлана Зелянкоўская — пра новыя ролі, Міхалка і тое, як заваблівалі вярнуцца ў Беларусь
Каментары