«Буэнас-Айрэс — вельмі камфортны горад, калі вы зарабляеце ў валюце». Беларуска пераехала ў Аргенціну і расказвае, колькі каштуе там жыць
Выданне CityDog.io цікавіцца, колькі каштуе жыць у гарадах і краінах, куды ў апошнія гады пераехалі беларусы. Гэтым разам даведаліся, у колькі абыйдзецца зняць жыллё, схадзіць у рэстаран або на ёгу ў сталіцы Аргенціны Буэнас-Айрэсе.
«Ёсць такое ўяўленне, што ў Аргенціне — як і ў цэлым у Лацінскай Амерыцы — вельмі танна жыць. Але, як і ў любым сцвярджэнні з ацэначным «вельмі», тут не абышлося без памылак, — расказвае Алеся. — Мы пражылі ў Буэнас-Айрэсе 6 месяцаў і можам сказаць, што ў параўнанні з Грузіяй і Заходняй Еўропай тут жыць і праўда танней, але не ўсё так адназначна».
Усе цэны ў матэрыяле актуальныя па стане на 26 лютага 2024 года па «чорным» курсе — гэта значыць 1055 песа да 1 даляра ЗША. У Аргенціне гэты курс называецца «блакітны даляр». Чорны курс узнік з-за татальнага кантролю за абарачэннем і рухам замежнай валюты, і гэта больш выгадны курс для турыстаў і ўсіх, хто прывёз валюту ў краіну.
Таксама ў Аргенціне існуе афіцыйны курс (826,11 песа да даляра ЗША), з якім працуюць банкі і афіцыйныя абменнікі і па якім разлічваецца кошт імпартных тавараў, і неафіцыйны, які вызначаецца рынкам. Велічыня неафіцыйнага курсу залежыць ад навін, палітыкі і падзей у краіне.
Жыллё: «З рускамоўнымі рыэлтарамі лепш не звязвацца»
Цэны на арэнднае жыллё ў Буэнас-Айрэсе залежаць ад раёна і наяўнасці мэблі. Часцей за ўсё прыезджыя селяцца ў Палерма, Кабашыта, Віжа Крэспа, Рэкалета і Бельграна.
Двухпакаёвую кватэру (спальня і гасцёўня) з больш-менш прыстойным рамонтам без мэблі на доўгі тэрмін можна знайсці за $400-500. Цэны на двухпакаёвыя кватэры з мэбляй, мінімальным посудам і бытавой тэхнікай пачынаюцца ад $600.
Тут ужо кожны сам выбірае, што яму важней: выгляд з акна, наяўнасць парку, блізкасць кавярняў і крам і гэтак далей. За сваю кватэру мы плацілі $950, уключаючы камуналку. Гэта дорага і неапраўдана — але зразумелі мы гэта значна пазней.
Як правіла, ва ўсіх кватэрах ёсць кандыцыянер, але няма пральнай машыны. Пральні могуць размяшчацца на першым паверсе. У дамах з пральняй ёсць унутраны чацік, куды ты запісваешся і прыходзіш у свой час праць свае рэчы.
У адной з кватэр, дзе мы жылі, не было ні пралкі, ні пральні ўнутры будынка, таму мы насілі бялізну ў пральні, якіх тут гаць гаці. Наша бялізна змяшчалася ў адну машынку, і пранне абыходзілася нам усяго ў 2800 песа (2,6$). Рэчы забіралі ўжо высушанымі і папрасаванымі.
Тым, хто наважыцца пераехаць у Буэнас-Айрэс на тэрмін ад месяца, раю не звязвацца з рускамоўнымі рыэлтарамі.
Па-першае, іх паслугі платныя, і гэта можа быць як фіксаваная цана — напрыклад, 150$, — так і 20% ад кошту кватэры кожны (!) месяц арэнды. А па-другое, яны часцяком уводзяць прыезджых у зман і прапануюць толькі дарагія кватэры: маўляў, гэта вельмі добрая цана, найлепшы раён і іншае.
Лепш за ўсё шукаць кватэры на аргенцінскіх сайтах, напрыклад на Zonaprop. Там можна паставіць фільтры, каб выходзіць адразу на гаспадара. Аргенцінцы, якія здаюць кватэры, — як правіла, заможныя людзі, якія гавораць на англійскай. Вам прасцей будзе дамовіцца з імі нават пры дапамозе перакладчыка, чым плаціць за паслугі рыэлтара, якія таго не вартыя.
А яшчэ варта быць гатовым да таго, што большасць арэндадаўцаў просяць плату не толькі за першы і апошні месяц, але і дэпазіт, роўны месячнай цане арэнды.
Праезд: «З лютага кошт праезду вырас у 6 разоў»
Да прыходу да ўлады новага прэзідэнта Аргенціны Хаўера Мілея праезд на грамадскім транспарце каштаваў смешныя грошы. А з лютага 2024-га кошт паездкі вырас амаль у 6 разоў. І хоць для экспатаў і турыстаў усё адно атрымліваецца нядорага, для многіх мясцовых такі скачок цэнаў — сапраўдная катастрофа.
Кошт праезду залежыць ад даўжыні маршруту: заходзячы ў аўтобус, вы кажаце, куды едзеце, і кіроўца разлічвае кошт. Далей вы прыкладаеце картку SUBE для аплаты: у аўтобусах кошт вар'іруецца ад 270 да 370 песа ($0,3—0,4) — але гэта для тых, хто зарэгістраваў сваю картку на сайце. Для астатніх праезд па карце з красавіка складзе 430-590 песа ($0,4—0,5). Кошт паездкі на метро з 80 песа вырас да 125, або з $0,07 да 0,11.
Для паездак на таксі ёсць лакальны сэрвіс Didi — ён яшчэ таннейшы, чым Uber. Напрыклад, за паездку даўжынёй у пяць кіламетраў не ў гадзіну пік вы заплаціце 2500-3000 песа ($2,4—2,8).
Унутры краіны выгадна лётаць мясцовымі бюджэтнымі авіялініямі Flybondi. Пералёт з Буэнас-Айрэса ў Барылочэ (рэгіён азёр і гор на мяжы з Чылі) абыдзецца ў $125 туды-назад на дваіх.
Прадукты: «У Аргенціне добра і веганам, і аматарам сакавітых стэйкаў»
Харчавацца ў Аргенціне можна нядорага, асабліва калі купляць ежу ў крамах: там і прадукты свежыя, і цэны прыемнейшыя. Напрыклад, у нас побач з домам ёсць дзве садавінна-агароднінныя (Verduleria) і дзве мясныя (Carniceria) крамы, дзе часам прадаюць сыры і яйкі.
Вядома, гэта не так зручна, як прыйсці ў супермаркет і купіць усё адразу, але для мяне паход у крамы мае свой шарм. Па-першае, практыкуеш іспанскую з прадаўцамі, па-другое, менш упакоўкі. У супермаркетах часам нават яблыкі могуць быць перацягнутыя харчовай плёнкай.
Наш звыклы кошык гародніны ўключае ў сябе салатнае лісце і (або) шпінат (велізарны пучок, маленькіх тут не бывае), памідоры чэры (400 г), свежыя брокалі і квяцістую капусту, батат (адзін). За ўсё па цане выходзіць каля 10 000 песа (~9,4$).
З садавінай сітуацыя такая ж, як і ўсюды: на сезонную цана ніжэйшая, але, як толькі сезон заканчваецца, цана павышаецца. Напрыклад, мы тут падселі на манга: у сезон (студзень якраз сярэдзіна лета ў Аргенціне) цана за два манга была 1200-1500 песа (1,3—1,6$). Цяпер, у лютым, сезон заканчваецца, і за адзін манга просяць ужо 2000 песа (1,9$).
Хоць Аргенціна — краіна мяса, тут прыкметна развіты рух веганаў. І я як веганка са стажам расправіла плечы. Напрыклад, ёсць брэнд NotCo, які вырабляе не-стэйкі, не-курыныя наггетсы, не-сыр, не-малако і не-марозіва. Цэны калі і адрозніваюцца ад цэнаў на прадукты жывёльнага паходжання, то не моцна.
Напрыклад, 200 г тофу каштуе 2800 песа (2,6$), 100 г веганской мацарэлы — каля 3000 песа (2,8$), А мацарэла з каровінага малака абыйдзецца ў 2000 песа (1,9$). У любым супермаркеце або краме здаровых прадуктаў можна знайсці прыстойны выбар замарожаных веганскіх катлет — 2700 песа (2,5$) за ўпакоўку з дхвюх штук па памеры як для бургера.
Для параўнання, цана за кілаграм стейка milanesa (горача любімы аргенцінцамі шніцаль з ялавічнай выразкі) — ад 8000 песа за кілаграм (7,6$); веганскі ёгурт — 2000 песа (1,9$), звычайныя ёгурты — ад 1000 да 1700 (0,9—1,6$), веганскае малако — 1700 (1,6$), звычайнае малако — 1400 (1,3$).
Выбар мясных прадуктаў у Аргенціне, вядома, уражвае. Гэтая аграрная краіна займае 6-е месца па маштабах вытворчасці ялавічыны (па стане на 2021 год) і ўваходзіць у топ краін нароўні з Манголіяй, Іспаніяй і Сербіяй, дзе на кожнага жыхара краіны ў год прыпадае 100 кг спажытага мяса.
Цана за ялавічны стэйк — ад 5000 песа (4,7$) за кілаграм, курынае філе — ад 3000 песа (2,8$). Велізарны латок яек (36 штук) абыйдзецца ўсяго ў 3000 песа (2,8$).
Напэўна, першае, што нам кінулася ў вочы, гэта тое, што ў крамах вялікі выбар рысу і макароны. Многія аргенцінцы — нашчадкі італьянцаў, таму паста і піца — адныя з самых любімых страў. Ёсць нават такая традыцыя: кожны месяц 29-га чысла есці ньёкі — маленькія кавалачкі цеста, якія адварваюць і ядуць з рознымі соусамі.
У супермаркетах вы не знойдзеце звыклай грэчкі, пярлоўкі, проса, а аўсянка ёсць толькі вельмі дробнага памолу. На шчасце, у Буэнас-Айрэсе вельмі шмат крамаў здаровага харчавання — і там можна знайсці і грэчку (праўда, зялёную), і аўсянку. Мы бралі шматкі грубага памолу за 1000 песа (0,9$ за 500 г) і зялёную грэчку за 2100 (1,3$ за 250 г).
Кавярні і рэстараны: «Хапае опцый на любы кашалёк»
Канцэнтрацыя ўстаноў у Буэнас-Айрэсе зашкальвае. У Аргенціне ў цэлым развітая культура есці не дома, таму я спачатку кожны раз радавалася і замілоўвалася ад таго, як раніцай на тэрасе кавярні можна заспець дзядулю, які паглынуты ў навіны з газеты і нетаропка пацягвае амерыкана з медыялунам (гэта такія булачкі, падобныя на маленькія круасаны, але з больш шчыльнага цеста).
Калі я хадзіла папрацаваць у кавярню, са мной па суседстве часта сядзелі бабулі-сяброўкі, якія сустракаліся проста папляткарыць або адзначыць чыйсьці дзень нараджэння. Мяне прыемна ўражвала, што ва ўстановы ходзіць не толькі моладзь, як гэта прынята, напрыклад, у Мінску, але наогул людзі ўсіх узростаў.
За капучына ў Буэнас-Айрэсе вы аддасце 2500-2700 песа ($2,4—2,6$). У тыповых кавярнях часта бываюць прыемныя зніжкі раніцай на комба: кава і медыялун за 2500 песа (2,4$). Калі ж казаць пра кавярні са especialidad cafe — гэта значыць такія, дзе самі вараць і пражаць, — то выйдзе крыху даражэй.
І так, я як веганка проста радавалася, што ў любой кавярні ёсць варыянт на раслінным малацэ. У 99% выпадках гэта міндальнае, іншае рэдка трапляецца. Латэ на міндальным малацэ мне выходзіў у 2900-3000 песа (2,7—2,8$).
Сняданак у кавярні на дваіх абыйдзецца прыкладна ў 18 000 песа (17$). За гэтыя грошы вы атрымаеце, напрыклад, брускета з авакада і яйкам, мюслі з ёгуртам і садавіной, капучына і латэ.
З цікавых асаблівасцяў аргенцінскага распарадку дня можна адзначыць той факт, што большасць кавярняў адкрываецца толькі а 9-10 раніцы, абеды падаюць з 2-й да 4-й, а потым да 8-й вечара — перапынак. Кухня адкрываецца толькі на вячэру з 8 або 8:30 вечара і працуе да закрыцця.
З-за гарачага клімату аргенцінцы позна вячэраюць, а пасля абеду сыходзяць на неафіцыйную сіесту. Калі вы раптам захацелі паабедаць у нядзелю а 4-й дня, прыйдзецца пастарацца, каб нешта адшукаць. У нядзелю многія крамы і ўстановы закрываюцца на выхадны, і нават не ўсе супермаркеты будуць адкрытыя.
У Аргенціне любяць адпачываць, і гэта распаўсюджваецца і на паслугі, і на ежу. Таму калі вы прывыклі, што можна патыкаць пальцам у мабільны дадатак і капучына з безглютенавым мафінам вам даставяць у любы час дня і ночы, забудзьцеся пра гэта.
Абед на дваіх, уключаючы дзве стравы і напоі (неалкагольныя), выходзіў у нас на 20 000 — 22 000 песа (19-21$).
А яшчэ Аргенціна — краіна не толькі мяса, але і віна, таму яно тут недарагое, Вячэра з алкаголем абыйдзецца не нашмат даражэй. Усё вельмі залежыць ад тыпу ўстановы, але ў цэлым у Буэнас-Айрэсе хапае опцый на любы кашалёк.
Забавы: кіно — 1500 песа (1,4$), заняткі спортам на вуліцы — 3-4$
У некаторых кінатэатрах Буэнас-Айрэса — напрыклад, у Cinepolis — паказваюць фільмы ў арыгінале на англійскай з іспанскімі субтытрамі. Каштуе гэта ўвогуле нядорага: 1500 песа (1,4$) за аднаго.
Яшчэ ў Буэнас-Айрэсе нямала ёга-студый — у асноўным іспанамоўных. Калі гэта вас не палохае, то ў сярэднім кошт занятку — 7000-7500 песа (6,6—7$), абанемент за 4 заняткі — 22 000 (21$). У рускамоўных ёга-трэнераў будзе крыху даражэй і па актуальным курсе: за занятак 7,5$.
Нядаўна ў Буэнасе адкрылася першая студыя ёгі, дзе выкладанне вядзецца на рускай, англійскай і іспанскай мовах. Інтэр'ер і атмасфера ў студыі нашмат камфортнейшыя, чым у звыклых аргенцінскіх, а якасць выкладання анітрохі не горшая. Кошт занятку там — 8$, а абанемент на 4 заняткі — 30$.
Увогуле аргентынцы любяць спорт, а паколькі надвор'е спрыяльнае для заняткаў на вуліцы амаль круглы год, то многія трэнеры вядуць групы ў парках. Часцей за ўсё гэта агульная фізічная нагрузка: практыкаванні з гантэлькамі, са сваёй вагой, кардыё, практыкаванні з TRX-завесамі. За гэта бяруць нейкія смешныя грошы, нешта каля 3-4$ за занятак.
У горадзе шмат керамічных майстэрняў, куды можна прыйсці на разавы воркшоп або пахадзіць на рэгулярныя заняткі. Перад Новым годам, каб стварыць сабе святочны настрой у +30, мы хадзілі на такі воркшоп ручной лепкі з гліны. Усё праходзіла ўвечары ва ўтульнай установе з запаленымі свечкамі, агеньчыкамі, кветкамі і прыглушаным святлом.
Акрамя майстар-класа, мы пілі аргенцінскае віно для натхнення і бляску вачэй і елі брускета, каб не духам адзіным. За дваіх воркшоп, у кошт якога ўваходзіла віно без абмежавання і ежа, мы заплацілі 30 000 песа (30$) і засталіся вельмі задаволеныя — яшчэ і з новымі кубкамі ручной работы.
Буэнас-Айрэс — вельмі камфортны і прыязны горад для жыцця. З агаворкай, што вы зарабляеце ў валюце. Тыя, хто атрымлівае заробак у песа, будуць залежаць ад пакуль што ніяк не жадаючай спыніць свой галоп інфляцыі. За 2023 год цэны на спажывецкія тавары ў Аргенціне выраслі на 254,2%. У краіне рэгулярна праходзяць забастоўкі прафсаюзаў.
З прыходам новага прэзідэнта вельмі многія спадзяюцца на змены, якія ўжо адбываюцца і пакуль што адрозніваюцца радыкальным характарам, закранаючы, вядома ж, самыя ўразлівыя пласты насельніцтва: пенсіянераў і маламаёмасных. Але ў перспектыве ёсць надзея, што аргенцінская эканоміка ўстане з каленяў і верне сабе статус самай моцнай эканомікі Паўднёвай і Лацінскай Амерыкі.
Каментары