Кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка абяцаў «еўрапейскіх назіральнікаў» на «выбары» 25 лютага і сваё абяцанне стрымаў — у Беларусь сапраўды прыехалі грамадзяне краін Еўразвяза і Сербіі ў якасці «незалежных назіральнікаў». Reform.by вывучыў стужкі і эфіры дзяржаўных СМІ і змог знайсці згадкі пра 14 еўрапейцаў.
Гунар Ліндэман (Германія)
Гунар Ліндэман (Gunnar Lindemann) — член палаты дэпутатаў Берліна ад прарасійскай ультраправай партыі Alternative für Deutschland («Альтэрнатыва для Германіі»). Прарасійскі актывіст, які падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны. Браў актыўны ўдзел у шматлікіх псеўдавыбарах, арганізаваных пад расійскім пратэктаратам, у прыватнасці ў «ЛНР» і «ДНР». Часты госць беларускіх прапагандыстаў.
Олівер Шнееман (Германія)
Олівер Шнееман (Oliver Schneemann) — кіраўнік партыі Deutsche Mitte («Нямецкі цэнтр»). Гэта карлікавая партыя з 500 членамі, якая прытрымліваецца правых пазіцый, прасоўвае тэорыі змовы, настроеная супраць ЗША і Ізраіля.
Сам Шнееман — прарасейскі актывіст, бываў у акупаваным Крыме, рэгулярна ўдзельнічае ў акцыі «Несмяротны полк» у Кёльне і прапагандысцкіх мерапрыемствах у Беларусі. Адзін раз на БТ ён распавёў, як сусветная закуліса не дае яму апублікаваць артыкул у Wikipedia.
Хайнц-Рудольф Георг Вемаер (Германія)
Хайнц-Рудольф Георг Вемаер (Heinz Wehmeier) у прадстаўленні не мае патрэбы. Шматгадовы партнёр рэжыму ў Мінску, старшыня Нямецка-расійскага таварыства (Deutsch-Russländische Gesellschaft) зямлі Вітэнберг нават атрымаў «за асаблівыя заслугі» ордэн Францыска Скарыны з рук Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Камілі (Італія)
Ігар Камілі (Igor Camilli) — кіраўнік італьянскай мікрапартыі Patria Socialista («Сацыялістычная Радзіма»). Гэтая партыя выступае супраць ЕС, ЗША, НАТА, Ізраіля, вакцынавання. Камілі рэгулярна прыязджае ў Мінск на 7 лістапада і 9 мая да сваіх калег з кампартыі, дае інтэрв'ю прапагандысцкім медыя. Партыя выхвалялася, што ўстанавіла добрыя адносіны з беларускай амбасадай. Беларусь яны называюць антыімперыялістычнай апорай у Еўропе. Сярод куміраў — Кастра, Чавес, Ленін. У сацсетках партыі можна знайсці адабрэнне расійскай агрэсіі супраць Украіны, усхваленне такіх людзей як Міхаіл Талстых, больш вядомы як Гіві.
Матэа Педжа (Італія)
Матэа Педжа (Matteo Peggio) — калега Камілі па партыі Patria Socialista, старшыня камітэта салідарнасці з Беларуссю (Presidente del Comitato di Solidarietà alla Bielorussia). У паведамленнях партыі яго называюць кіраўніком дэлегацыі міжнародных назіральнікаў на парламенцкіх выбарах у Рэспубліцы Беларусь.
Вільгельм Віс (Швейцарыя)
Вільгельм Віс (Wilhelm Wyss) — прэзідэнт арганізацыі Jugend für Ehe und Familie («Моладзь для шлюбу і сям'і»). Фанат Пуціна, папуліст і правакатар — на фасадзе свайго дома ў Арлесхайме ён вывесіў Z-сімволіку, гербы СССР і Расіі і выклікаў абурэнне суседзяў. У каментары для СМІ ён прапанаваў не ўспрымаць сімвал Z як выпад супраць украінскіх бежанцаў, а «хутчэй супраць ЗША і НАТА». За радыкалізм яго выключылі з нацыянал-кансерватыўнай Швейцарскай народнай партыі (SVP).
Патрык Крэтц (Швейцарыя)
Патрык Крэтц (Patrik Kretz) — калега Віса па Jugend für Ehe und Familie. У арганізацыі ён адказвае за фінансы. Іх структура выступае за так званыя «традыцыйныя сямейныя каштоўнасці». У адрозненне ад Віса, Крэтц працягвае знаходзіцца ў SVP. Захапляецца паходамі, стральбой, праграмаваннем і чытаннем.
Сімон Весперыні (Францыя)
Сімон Весперыні (Simon Vesperini) — зразумець, хто гэта, журналісты не змаглі. Мяркуючы па ягоных сацыяльных сетках, ён лічыць сябе прадпрымальнікам, відэаблогерам. На Youtube у яго больш за 16 тысяч падпісчыкаў. Ён часта бывае ў Расіі і Беларусі. Займае антыўкраінскую, антыізраільскую, антыамерыканскую пазіцыю.
Эдыкас Ягялаўчус (Літва)
Эдыкас Ягялаўчус (Edikas Jagelavičius) — чалавек са складаным лёсам. Уся яго палітычная кар'ера прайшла ў цені адыёзнага Альгірдаса Палецкіса, які цяпер адбывае тэрмін за шпіянаж на карысць Расіі. Ён уваходзіў у Fronto partija, а затым быў членам «Міжнароднага форуму добрасуседства» Альгірдаса Палецкіса. У ліпені 2022 года Ягялаўчус паехаў у так званы прэс-тур на акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі, які арганізавала расійскае Міністэрства абароны. Падчас паездкі ён даведаўся, што ў яго кватэры прайшоў ператрус, і Ягялаўчус вырашыў не вяртацца на радзіму. З таго часу ён жыве ў Беларусі. Яму нават дазволілі зарэгістраваць «Міжнародны форум добрасуседства» ў Беларусі.
Даніэл Пятроў (Балгарыя)
Даніэл Пятроў (Daniel Petrov) — бізнэсмен, член радыкальнай русафільскай партыі «Въздраждане», дэпутат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Балгарыя. З'яўляецца старшынёй парламенцкай групы сяброўства «Балгарыя — Беларусь». У 2023 годзе балатаваўся на пасаду мэра Габрава, але прайграў з вынікам 29%.
Марцін Райкоў (Балгарыя)
Марцін Райкоў — адвакат, удзельнічаў у парламенцкіх выбарах ад левай кааліцыі «БСП за България», быў членам ЦВК Балгарыі, старшынёй камісій па дзяржзакупках, юрыдычным саветнікам парламенцкай групы АБВ у Нацыянальным сходзе 43-га склікання. Галасаванне па зменах у Канстытуцыю РФ у 2020 годзе Райкоў назваў «залатым стандартам».
Кшыштаф Таўвінскі (Польшча)
Кшыштаф Таўвінскі (Krzysztof Tołwiński) — скандальны польскі палітык, фермер, які ў розныя гады займаў пасады намесніка маршалка Падляскага ваяводства, намесніка міністра дзяржаўнага казначэйства, з'яўляўся дэпутатам Сейма. У цяперашні час узначальвае партыю «Фронт», якая была зарэгістраваная ў сакавіку 2023 года. Рэгулярна прыязджае ў Беларусь і выступае ў эфіры прапагандысцкіх каналаў.
Драгамір Карыч (Сербія)
Драгамір Карыч — брат Багалюба Карыча, член сям'і Карычаў. Яны звязаны з буйнымі будаўнічымі праектамі ў Беларусі, рэалізаванымі праз Dana Holdings і знаходзяцца пад санкцыямі ЕС. Драгамір з'яўляецца ганаровым консулам Беларусі ў Бялградзе, дэпутатам Народнай скупшчыны.
Зоран Вулавіч (Сербія)
Зоран Вулавіч — ганаровы консул Беларусі ў Сербіі (г.Крагуевац). У яго ёсць фірма «Вулавіч Транспарт», якая з'яўляецца дылерам «МАЗ» у Сербіі з 2005 года і ажыццяўляе зборку і рэалізацыю беларускіх аўтобусаў і тралейбусаў.
Каментары