Аўстралія ўвяла новыя санкцыі супраць Расіі, у спісах ёсць і беларусы
Аўстралія абвясціла аб увядзенні новага пакета санкцый у дачыненні да Расіі, паведамляецца на сайце МЗС гэтай краіны. Усяго ў пералік уключылі 55 чалавек і 37 арганізацый, пры гэтым дзве фізічныя асобы і тры юрыдычныя — з Беларусі.
З беларускіх фізічных асоб пад аўстралійскія санкцыі трапілі кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў і начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Марозаў. З прадпрыемстваў пад абмежаванні патрапілі холдынг «Гарызонт», ААТ «Волатаўта» і ААТ «Планар».
Як удакладняецца на сайце аўстралійскага МЗС, да ўнесеных у спіс асоб і арганізацый прымяняюцца фінансавыя санкцыі. На людзей таксама можа быць накладзеная забарона на ўезд.
Новы пакет аўстралійскіх санкцый прымеркаваны да другой гадавіны пачатку ваеннага канфлікту ва Украіне і накіраваны перш за ўсё супраць Расіі. Аднак МЗС краіны ўдакладніў, што ўнёс у спіс таксама прадпрыемствы іншых краін (Ірана, Паўночнай Карэі і Беларусі), якія лічыць важнымі гандлёвымі партнёрамі Расіі. Што тычыцца персанальных санкцый, то яны ўведзеныя ў тым ліку супраць тых, хто мае дачыненне да дэпартацыі Расіяй украінскіх дзяцей.
Каментары