Чыгуначныя перавозкі паміж Беларуссю і Польшчай знізіліся больш чым удвая
У выніку санкцыйных абмежаванняў грузавыя чыгуначныя перавозкі паміж Беларуссю і Польшчай у апошнія два гады значна знізіліся. У Падляскім ваяводстве, дзе дзейнічаюць два чыгуначныя пераходы, польскі бок фіксуе больш чым двухразовае падзенне. Гэта вынікае са статыстыкі, якую прыводзіць выданне Rynek kolejowy, піша Most.
На станцыі «Кузніца Беластоцкая» ў 2021 годзе абслужылі амаль 3,2 тыс. грузавых цягнікоў, у 2022-м — каля 2,6 тыс., а ў 2023 годзе — толькі 1,2 тыс., паведаміў прэс-сакратар перавозчыка PKP Караль Якубоўскі.
Праз іншы памежны пераход, у Семяноўцы, у 2021 годзе адправілі больш за 3,9 тыс. складаў, годам пазней — 2,6 тыс., а ў 2023 годзе іх колькасць скарацілася да 1,7 тыс.
На галоўным памежным пераходзе «Цярэспаль-Брэст» у 2022 годзе абарот знізіўся на 60% у параўнанні з 2021 годам. Паказчык за 2023 год не прыводзіцца.
Што тычыцца пасажырскіх цягнікоў, то яны спыненыя паміж Беларуссю і Польшчай з вясны 2020 года і з таго часу не аднаўляліся.
Каментары