Незвычайная новая зорка французскай палітыкі: крайне левы журналіст рвецца ў прэзідэнты-2027
Журналіст і рэгіяналіст Франсуа Руфэн набірае папулярнасць сярод французаў, выкарыстоўваючы праблемы ў эканоміцы і палітыцы. Палітолагі бачаць у ім будучага кандыдата на пост прэзідэнта. Ëн крайні левы, але гнуткі левы.
Французскага журналіста і дэпутата Нацыянальнага сходу Францыі Франсуа Руфэна (François Ruffin) ужо цяпер некаторыя палітолагі разглядаюць у якасці патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнцкае крэсла на выбарах 2027 года. Пры такім раскладзе ён створыць у першую чаргу канкурэнцыю свайму саюзніку і лідару партыі «Няскораная Францыя» Жану-Люку Мэляншону.
Як адзначае Le Monde, 72-гадовы Мэляншон кантралюе бюджэт партыі, а 48-гадовы Руфэн адчувае недахоп фінансавання. У маі 2023 года журналіст і дэпутат звярнуўся да сваіх прыхільнікаў з просьбай аб ахвяраваннях, а ў канцы мінулага года адкрыў офіс сваёй міні-партыі «Пікардыя, стаім!» (Picardie debout) у Парыжы. Цяпер Руфэн знаходзіцца ў вельмі неспрыяльнай сітуацыі, калі «адной нагою ён унутры, а другой не» ў партыі «Няскораная Францыя».
Хаця яму для выбарчай кампаніі не хапае фінансавай падтрымкі, Руфэн не траціць аптымізму. Ён нагадвае, што Эмануэль Макрон у 2017 годзе вылучыўся ў прэзідэнты без падтрымкі якой-небудзь партыі, але змог сабраць сродкі на кампанію. Ці ўдасца такое Руфэну?
Merci patron!
Руфэн — чалавек з рабочай сям'і. Ён вырас у Амʼене, дзе ягоны бацька працаваў на заводзе. У адрозненне ад Мэляншона, ён мае багаты вопыт працы на месцах. Палітык імкнецца зрабіць так, каб голас рабочага класа быў пачуты.
Папулярнасць ён здабыў дзякуючы свайму сатырычнаму дакументальнаму фільму Merci patron!, які выйшаў у 2016 годзе. У ім журналіст расказаў гісторыі двух работнікаў тэкстыльнай фабрыкі, звольненых у сувязі з яе закрыццём. Фабрыка належала найбагацейшаму чалавеку Францыі Бернару Арно і спыніла работу ў сувязі з перамяшчэннем вытворчасці ў Польшчу. На працягу ўсяго фільма Руфэн спрабуе дамагчыся ад Арно выплаты былым работнікам годнай кампенсацыі.
Адным з наступстваў гэтага фільма стала акцыя «Стаім уначы», сярод ідэолагаў якой быў і Руфэн. Яна ахапіла 150 гарадоў Францыі і дзясяткі гарадоў Еўропы. Апытанні паказвалі, што «Стаім уначы» мела падтрымку 60% французаў.
Грамадская актыўнасць журналіста дазволіла Франсуа Руфэну ў 2017 годзе стаць дэпутатам парламента ад створанай ім леварадыкальнай і антыкапіталістычнай мясцовай партыі «Пікардыя, стаім» пры падтрымцы левых сілаў уключна з «Няскоранай Францыяй», а ў 2022 годзе пераабрацца на новы тэрмін.
Адметным у біяграфіі Руфэна зʼяўляецца факт, што ён разам з дзейным прэзідэнтам Эмануэлем Макронам скончыў адзін і той жа ліцэй у Амʼене. Але ў іх рознае сацыяльнае паходжанне. І гэта дазволіла журналісту выступіць з крытыкай Макрона ў сваёй кнізе «Гэта краіна, якую ты не ведаеш» («Ce pays que tu ne connais pas») з падзагалоўкам «Вітаем у Францыі, спадар Макрон». Кніга выйшла ў 2019 годзе.
У тым жа годзе Руфэн актыўна падтрымаў рух «жоўтых камізэлек». Ён актыўна ездзіў па Францыі, размаўляў з удзельнікамі. Вынікам стаў дакументальны фільм «Я хачу сонца» (J’veux du soleil). А ў 2021 годзе выйшаў ягоны трэці фільм «Жанчыны, стаім!» (Debout les femmes!). У ім журналіст і палітык расказаў пра становішча ў сферы сацыяльных паслуг, дзе працуюць у асноўным жанчыны.
Палітычныя погляды
У адрозненне ад свайго боса па партыі, Франсуа Руфэн лічыцца акурат палітыкам больш памяркоўным і рэалістычным, настроеным на шырокі дыялог і супрацоўніцтва з іншымі левымі сіламі. Нягледзячы на свае марксісцкія перакананні, палітык актыўна шукае кантактаў з бізнэсам. Некаторым з іх імпануюць яго заклікі да павышэння прадукцыйнасці працы, яе каштоўнасці, абароны айчыннай прамысловасці.
У кастрычніку 2023 года Франсуа Руфэн рашуча асудзіў напад ХАМАС на Ізраіль. Па яго словах, ХАМАС — «фанатычная тэрарыстычная арганізацыя, якая заўсёды была праціўнікам прагрэсіўных сіл на Блізкім Усходзе». Такая пазіцыя палітыка кантрастуе з пазіцыяй Жан-Люка Мэляншона, які адмаўляецца называць ХАМАС «тэрарыстычнай» арганізацыяй.
У канцы студзеня гэтага года Руфэн адзначыўся сваёй заявай аб тым, што французскім і еўрапейскім харчовым прадпрыемствам трэба забараніць купляць прадукты з Украіны, каб не знішчыць уласную сельскую гаспадарку. Гэтая заява прагучала на фоне масавых дэманстрацый фермераў.
Па меркаванні палітолагаў, Руфэн займаецца «левым папулізмам». І гэта спрацоўвае. Як піша Le Monde, ягоны нядаўні выступ на тэлебачанні сабраў аўдыторыю амаль у 6 мільёнаў чалавек, што ў дзесяць разоў больш, чым у Мэляншона, які выступаў на некалькі дзён раней.
На пытанне журналістаў, ці будзе ён вылучаць сваю кандыдатуру на будучых прэзідэнцкіх выбарах, Франсуа Руфэн адказаў, што не думае пра гэта пастаянна, але лічыць, што «сёння ёсць неабходнасць прадстаўляць самую незаўважную частку нацыі» і калі яму давядзецца гэта рэалізаваць, то ён гэта зробіць.
На думку Франсуа Руфэна, для перамогі на наступных прэзідэнцкіх выбарах левым неабходна змяніць стратэгію і аднавіць сваю папулярнасць у выбаршчыкаў у сельскай мясцовасці. А пажылыя людзі «павінны мець магчымасць сказаць сабе, што галасаванне за левых — гэта гарантыя стабільнасці». Сам палітык актыўна перамяшчаецца па краіне і сустракаецца з людзьмі.
Чытайце яшчэ:
У Францыі ўпершыню стрыт-артыст дабіўся выплаты яму гіганцкага ганарару за рэпрадукцыю
Як міграцыйны крызіс у Беларусі блытае карты французскім палітыкам
У Францыі самы малады прэм'ер у гісторыі. Ім стаў 34-гадовы адкрыты гей
Каментары